У Налібоках падзякавалі ксяндзу каноніку Мар’яну Шэршаню за 36 гадоў служэння ў Беларусі
- 10 ліпеня, 2026
- Прэс-служба Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Фота: ave-maria.by // Catholicminsk.by
Супольнасць парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках (Стаўбцоўскі дэканат) падзякавала і развіталася са сваім шматгадовым пробашчам, ксяндзом канонікам Мар’янам Шэршанем, у сувязі з неўзгадненнем адпаведнымі дзяржаўнымі ўладамі права на рэлігійную дзейнасць святара.
Ксёндз канонік Мар’ян 36 гадоў аддана нёс пастырскае служэнне ў Беларусі. Вернікі падзякавалі святару за нязломную веру, адданасць і неацэннае сведчанне святарскага жыцця, якое назаўжды засталося ў гісторыі развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі а асабліва ў парафіі Налібокі.
Як пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках, працуючы і адраджаючы парафіяльныя супольнасці ў іншых гарадах, святар быў не толькі пастырам, але і апекуном духоўнасці і культуры. На працягу многіх гадоў святарскага служэння ён суправаджаў вернікаў як у радасныя, так і ў сумныя моманты іх жыцця.


Да малітвы падзякі далучыўся таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які выказаў словы падзякі ксяндзу Мар’яну і запэўніў святара, што 36 гадоў яго працы не былі дарэмнымі. Пастыр пажадаў, каб добры Бог узнагародзіў святара за ўсе цяжкасці, з якімі святар сустрэўся на пачатку сваіго прыбыцця на беларускую зямлю, а Маці Божая Будслаўская, Каралева Беларусі, надалей вяла яго на ягоным святарскім шляху.
Арцыбіскуп Юзаф падзякаваў таксама біскупу Драгічынскай дыяцэзіі (Польшча) Пятру Саўчуку, выказваючы ад імя духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шчырую падзяку за 36 гадоў адданай пастырскай службы ксяндза каноніка Мар’яна Шэршэня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках. Арцыпастыр дадаў, што больш за тры дзесяцігоддзі ксёндз канонік Мар’ян быў «не толькі святаром, але і слупом, і прыкладам веры, надзеі і хрысціянскай любові ў цяжкіх абставінах адраджэння Каталіцкага Касцёла ў нашай архідыяцэзіі, і асабліва ў Стаўбцоўскім раёне». Іерарх падкрэсліў адданасць, мужнасць духу і пастырскую руплівасць ксяндза каноніка, якія пакінулі незабыўны след у сэрцах вернікаў.
— гаворыцца ў падзячным лісце Мітрапаліта.

На заканчэнне Мітрапаліт Юзаф Станеўскі заахвоціў вернікаў да малітвы аб пакліканнях згодна з заклікам Хрыста: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37).