У Камені адзначылі першую гадавіну пасвячэння касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла
- 30 чэрвеня, 2026
- Тэкст: Ян Багдановіч / Фота: Марыя Адамовіч // Catholicminsk.by
29 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Камень (Валожынскі дэканат) адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды першай гадавіны пасвячэння касцёла і алтара, якую год таму здзейсніў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі. Менавіта ён і ўзначаліў сёлетняе святкаванне, на якое запрасіў пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Лазар.
У гэты дзень разам з вернікамі маліліся святары з суседніх парафій Стаўбцоўскага і Валожынскага дэканатаў: ксёндз канонік Уладзімір Каспарэвіч (Рубяжэвічы), ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF (Фаніпаль), ксёндз Павел Адамовіч (Хатава), ксёндз Дзмітрый Чупрын (Ракаў).
На пачатку Імшы біскуп Аляксандр павіншаваў ксяндза Паўла Адамовіча з імянінамі, а таксама скіраваў віншаванні ўсім вернікам, якія носяць імёны Пётр, Павел, Паўліна і іншыя вытворныя ад імёнаў апосталаў — апекуноў парафіі. Біскуп Аляксандр нагадаў, што роўна год таму ў Камені адбылася падзея, якая стала «гістарычным знакам веры і адданасці парафіяльнай супольнасці». Касцёл, узведзены і адноўлены намаганнямі вернікаў і пробашча, стаў «сэрцам парафіі і бачным сведчаннем таго, што Бог жыве сярод свайго народа».
— адзначыў біскуп.

У гаміліі іерарх шырока раскрыў тэму свята святых апосталаў Пятра і Паўла, падкрэсліўшы, што іх постаці маюць асаблівае значэнне для парафіі, якая носіць іх імёны. Біскуп нагадаў словы Езуса: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой» (Мц 16, 18), падкрэсліўшы, што Пётр стаў падмуркам не дзякуючы чалавечай моцы, а дзякуючы веры, атрыманай ад Айца. «Пётр быў слабым чалавекам, рыбаком, які адрокся ад Пана. Але ласка Божая зрабіла яго непарушнай скалой. Бог будуе Касцёл не з ідэальных людзей, а з тых, хто дазваляе Яму дзейнічаць у сваёй слабасці», — сказаў біскуп Яшэўскі.
Разважаючы пра святога Паўла, пастыр нагадаў яго словы: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (2 Цім 4, 7). Ён падкрэсліў, што Павел — прыклад таго, як Божая ласка здольная ператварыць пераследніка ў апостала. Іерарх прывёў таксама словы апостала: «Нішто не адлучыць нас ад любові Хрыста… бо ва ўсім гэтым мы перамагаем дзякуючы Таму, хто палюбіў нас» (Рым 8, 35–37). Біскуп прыгадаў думку святога Тамаша Аквінскага: «Пётр — першы ў вызнанні веры для ізраэльцянаў, Павел — першы ў абвяшчэнні гэтай веры сярод язычнікаў» (ST, II‑II, q. 1, a. 10).
Асобнае месца ў гаміліі заняла падзяка пробашчу парафіі ксяндзу Уладзіславу Лазару, які стаў «інструментам Божай ласкі» ў адраджэнні касцёла. Біскуп падкрэсліў, што праца святара падобная да працы сейбіта: часта нябачная, цяжкая, але прыносіць багаты плён. «Ваш пробашч не толькі клапаціўся пра кожную цаглінку, але і збіраў вас у адну сям’ю. Ён бачыў духоўную вышыню гэтай справы нават тады, калі вакол былі толькі клопаты і цяжкасці», — сказаў біскуп.

У гэтым кантэксце іерарх перадаў словы падзякі ад Мітрапаліта Юзафа Станеўскага, а таксама свае асабістыя словы ўдзячнасці за тое, што ксёндз Уладзіслаў згадзіўся ўзяць пад сваю душпастырскую апеку парафію ў Налібоках, не пакідаючы людзей без сакрамэнтаў і пастырскай падтрымкі.
— сказаў іерарх.

Пераходзячы да штодзённага жыцця вернікаў, біскуп Аляксандр адзначыў, што сёння свет часта прапануе будаваць жыццё на пяску — на грошах, часовым спакоі, чалавечых абяцаннях. «Калі падмурак дрэнны, дом разваліцца. Так і ў жыцці: калі падмурак — не Хрыстус, то першая ж бура змывае ўсё. Пётр і Павел вучаць нас будаваць на Скале, якая не рухаецца», — падкрэсліў іерарх.
Біскуп прыгадаў прыклад маці, якая малітвай выратавала сына ад залежнасці і адчаю. Гэты эпізод стаў моцным пастырскім акцэнтам гаміліі. «Ланцугі грэху, залежнасці, абыякавасці часта нельга разарваць словамі. Але іх можа разарваць малітва. Так, як малітва вызваліла святога Пятра з цямніцы, так яна можа вызваліць і нашых блізкіх», — сказаў біскуп.
На завяршэнне адпустовай святой Імшы словы шчырай падзякі біскупу Аляксандру, пробашчу ксяндзу Уладзіславу Лазару і ўсім прысутным святарам выказалі прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці. Вернікі падкрэслілі сваю ўдзячнасць за пастырскую падтрымку, за прысутнасць у важны для парафіі дзень і за супольную малітву.

Затым выступіў ксёндз Уладзіслаў, які падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасці, за братэрскую салідарнасць і за супольную працу парафіянам, якая ўжо прыносіць духоўныя плады. Ён заахвоціў іх і далей «працягваць разам праносіць Божую хвалу і служыць на карысць усёй супольнасці».
У завяршэнні біскуп Аляксандр заклікаў парафіянаў памятаць пра сваю хрысціянскую годнасць, падтрымліваць свайго святара, стаць жывымі камянямі ў будынку Касцёла, запальваць у сэрцах агонь любові і малітвы.
— завяршыў іерарх.














