Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі кіруе словы падзякі ўдзельнікам Агульнамінскай эўхарыстычнай працэсіі

7 чэрвеня
  • 8 чэрвеня, 2026
  • Catholicminsk.by

7 чэрвеня па вуліцах горада-героя Мінска прайшла традыцыйная 35–я Агульнамінская эўхарыстычная працэсія. З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе словы падзякі да святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў сталіцы, дзякуючы за ўдзел ў працэсіі.

35-я – юбілейная працэсія Божа Цела

Глыбокапаважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, любыя вернікі горада Мінска!

Вітаю вас і дзякую вам!

Учора адбылася працэсія, прымеркаваная да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая таксама называецца святам Божага Цела. Мы супольна крочылі вуліцамі і праспектамі за Эўхарыстычным Езусам і сведчылі аб нашай хрысціянскай веры.

Першая працэсія Божага Цела ў Мінску адбылася ў чэрвені 1991 года. Яе ініцыятарам быў ксёндз магістр Уладзіслаў Завальнюк, а для патомкаў на фотаздымках аб тых падзеях пакінуў рэпартаж фатограф Леанід Загорскі. Маршрут працэсіі тады пралягаў ад мінскай Кальварыі да сённяшняй вуліцы Няміга, затым па вуліцы Янкі Купалы (каля Опернага тэатра) да Мінскага цырка. Затым па праспекце Незалежнасці да Чырвонага касцёла. Як ўзгадваюць удзельнікі тых падзей: «Было шмат людзей і стаяла гарачае надвор’е…». Учора таксама было шмат вернікаў і спрыяльнае надвор’е.

Фота: Леанід Загорскі

Браты і сёстры! Наша сумеснае крочанне з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вуліцамі беларускай сталіцы — гэта не проста традыцыя, але нашае жывое вызнанне веры, падзяка Богу за дар Яго прысутнасці сярод нас пад выглядам хлеба і віна, а таксама просьба аб Божым благаслаўленні для ўсяго нашага горада.

Сёння я хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім вам!

Найперш, нашым любым дзеткам: тым, хто яшчэ на руках бацькоў сачыў за працэсіяй, першакамунійным дзеткам за іх прысутнасць і сыпанне кветак. Нашай моладзі і скаўтам за вытрымку і дапамогу ў арганізацыі працэсіі. Старэйшаму пакаленню вернікаў — асабліва тым, што разам з ксяндзом Завальнюком распачалі ў далёкім 1991 годзе новую традыцыю нашай сталіцы — працэсію Божага Цела. Дзякуй тым, хто сёлета першы раз узяў удзел у працэсіі (думаю, вы не стаміліся). Дзякуй літургічнай службе алтара. Дзякуй спадарам Віктару Кісценю — арганісту парафіі на Залатой Горцы, і Уладзіміру Неўдаху — арганісту катэдральнай парафіі (дарэчы, ў гэтым годзе мінае 25-годдзе, як ён праслаўляе Пана, будучы катэдральным арганістам). Дзякуй хору залатагорскай парафіі за ўпрыгожанне святой Імшы і працэсіі спевам.

Дзякую семінарыстам, святарам і манаскім асобам, а таксама душпастырам Мінскага рэгіёна на чале з ксяндзом канонікам доктарам Янам Крэмісам — біскупскім вікарыем Мінскага душпастырскага рэгіёна. Дзякую законным сёстрам за тое, што яны разам з дзеткамі ўпрыгожылі нашу ўрачыстасць малітвай.

Словы падзякі кірую ў адрас дзяржаўных уладаў горада Мінска і паасобных раёнаў нашай сталіцы. За нашае бяспечнае крочанне падчас працэсіі дзякую службам парадку і ўсім, хто дапамагаў нам праславіць Бога.

Дзякую супрацоўнікам СМІ, касцёльным і свецкім, за вашу працу і інфармацыю, якой вы падзяліліся з нашым грамадствам праз электронныя носьбіты. Ксяндзу Паўлу Эйсманту, дырэктару партала catholic.bycatholicminsk.by, спадару Віктару Ведзеню за фатаздымкі.

Дзякуй вялікі Вам любыя браты і сёстры!

З пастырскім благаслаўленнем,

 Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 8 чэрвеня 2026 года
Панядзелак, у актаве пасля урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана