Skip to main content

У Бараўлянах урачыста адзначылі 25-годдзе парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў

24 мая
  • 27 мая, 2026
  • Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC // Catholicminsk.by

24 мая ў Бараўлянах (дэканат Мінск-Усход) адбыліся ўрачыстыя святкаванні з нагоды 25-годдзя парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Юбілей стаў не толькі нагодай для ўспамінаў і падзякі, але перадусім сапраўдным святам веры, адзінства і жывой прысутнасці Бога ў гісторыі гэтай супольнасці.

На ўрачыстасць сабраліся шматлікія святары, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, вернікі, госці і сябры парафіі. Асаблівую атмасферу свята ствараў дэвіз юбілейнага года — словы Марыі з Каны Галілейскай: «Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа» (пар. Ян 2, 5).

Менавіта гэтыя словы праходзілі чырвонай ніткай праз усю ўрачыстасць: у літургіі, афармленні, малітве і казанні.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у саслужэнні іншых святароў, якія прыбылі на свята, і салезіянаў, якія працуюць у парафіі. Перад пачаткам Эўхарыстыі быў таксама асвячаны новы арган, які стаў яшчэ адным знакам развіцця і духоўнай прыгажосці парафіі. Пасля благаслаўлення біскуп Аляксандр Яшэўскі асабіста падышоў да інструмента і даў першы ўрачысты тон новаму аргану. Магутнае гучанне ўпершыню напоўніла касцёл, выклікаўшы ў прысутных хваляванне і шчырую радасць.

Для многіх гэта стала сімвалічным знакам новага этапу ў жыцці парафіі — этапу, у якім музыка, малітва і прыгажосць яшчэ мацней будуць дапамагаць чалавеку адкрываць Божую прысутнасць.

У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр падкрэсліў, што гісторыя бараўлянскай супольнасці — гэта гісторыя Божага Провіду і чалавечага даверу.

 «Парафія — гэта не проста тэрыторыя і не адміністрацыйная адзінка. Гэта супольнасць людзей, сабраных Богам, аб’яднаных адной верай, адной Эўхарыстыяй і адной надзеяй»,

— адзначыў іерарх.

Біскуп параўнаў гісторыю парафіі з Канай Галілейскай, дзе Бог здольны перамяніць чалавечую слабасць і недахоп у сапраўдны цуд. Ён нагадаў, што 25 гадоў таму тут прагучала малітва людзей, якія шукалі месца для супольнай малітвы і сустрэчы з Богам, а сёння гэта ўжо жывая і моцная парафіяльная сям’я.

Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на тых, хто на працягу гэтых гадоў будаваў і развіваў супольнасць. З удзячнасцю былі ўзгаданыя ксёндз канонік Ігар Лашук — першы арганізатар парафіі, святой памяці ксёндз Станіслаў Лугоўскі SDB, ксёндз Ян Немец SDB, а таксама цяперашні пробашч ксёндз Казімір Шыдэлка SDB, які ўжо дваццаць гадоў нясе служэнне ў Бараўлянах.

Асобныя словы падзякі прагучалі таксама ў адрас ксяндза каноніка доктара Віктара Гайдукевіча SDB, дырэктара рэлігійнай місіі «Таварыства святога Францішка Сальскага», які на працягу многіх гадоў падтрымлівае развіццё парафіі, моладзевага цэнтра і араторыя. Біскуп адзначыў, што дзякуючы яго руплівасці і вернасці духу святога Яна Боско бараўлянская супольнасць стала сапраўдным месцам сустрэчы дзяцей, моладзі і сем’яў.

«Гэта сапраўдны стыль святога Яна Боско: дом, які прымае; касцёл, які вядзе да Хрыста; школа, якая выхоўвае да жыцця; і двор, дзе моладзь можа радасна жыць і адчуваць сябе патрэбнай»,

— падкрэсліў біскуп.

У гаміліі прагучалі таксама кранальныя словы пра ролю Марыі Успамогі Хрысціянаў у жыцці парафіі. Іерарх назваў Маці Божую «зоркай, якая не згасае» і якая няспынна вядзе людзей да Хрыста.

Падчас урачыстасці прагучалі словы віншаванняў ад прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і Праваслаўнай Царквы.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Алена Хіля адзначыла вялікае значэнне Касцёла ў жыцці чалавека і грамадства.

«Чалавек і яго духоўнасць вызначаюцца трыма рэчамі: верай, любоўю і надзеяй. І менавіта ў Касцёле чалавек знаходзіць гэтыя каштоўнасці»,

— сказала яна, дзякуючы святарам за духоўную падтрымку і служэнне людзям.

Старшыня Мінскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Жанна Варабей падкрэсліла, што парафія стала сапраўдным духоўным цэнтрам Бараўлянаў.

«Тут людзі знаходзяць падтрымку, суцяшэнне, любоў і надзею. А адкрытыя сэрцы святароў заслугоўваюць прызнання і павагі далёка за межамі гэтай супольнасці», — адзначыла яна.

Цёплыя словы прагучалі таксама ад настаяцеля праваслаўнага прыхода Святой Жываначальнай Тройцы ў Бараўлянах протаіерэя Андрэя Круцялёва, які падкрэсліў добрыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі.

 «Мы разам прапаведуем і вызнаём Уваскрослага Хрыста, разам шануем Маці Божую і стараемся быць міратворцамі», — сказаў святар.

Асабліва кранальнымі сталі ўспаміны ксяндза каноніка Ігара Лашука пра пачаткі парафіі. Святар распавёў, як у Бараўлянах з’явілася першая каталіцкая супольнасць, як вернікі маліліся ў прыватным доме, а пасля атрымалі зямлю для будаўніцтва капліцы.

«Бог заўсёды вядзе так, што часам прымушае чалавека звярнуць з прамой дарогі, каб адкрыць нешта большае», — адзначыў святар, успамінаючы першыя гады існавання супольнасці.

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагаў у будаўніцтве і развіцці парафіі, а таксама падкрэсліў вялікую ролю ксяндза Казіміра і салезіянаў у далейшым развіцці супольнасці.

Сам ксёндз Казімір Шыдэлка SDB з уласцівай яму цеплынёй і прастатой падзякаваў усім прысутным за супольную працу і падтрымку.

«З Італіі замест Масквы я вярнуўся ў Бараўляны. Паглядзеў і падумаў: куды я трапіў? Але сёння бачу, што Бог сапраўды ведаў, куды мяне вядзе»,

— з усмешкай адзначыў святар.

Пробашч падзякаваў святарам, сёстрам, прадстаўнікам улады, хору, міністрантам, валанцёрам і ўсім парафіянам, якія на працягу гадоў дапамагалі будаваць парафію.

Са словамі віншавання да прысутных звярнуліся і прадстаўнікі парафіянаў, менавіта тыя асобы, якія былі ля самых вытокаў парафіі, пані Ванда і пан Ян. Асобныя словы падзякі прагучалі ў адрас ксяндза каноніка доктара Віктара Гайдукевіча SDB, як падкрэслілі парафіяне, чалавека вялікай адукаванасці, мудрасці і адкрытасці, словы гамілій якога прымушаюць задумацца і імкнуцца змяняць сваё жыццё да лепшага.

Словы асаблівай удзячнасці вернікі скіравалі таксама да пробашча парафіі ксяндза Казіміра Шыдэлкі. У сваіх выступленнях парафіяне адзначалі яго чалавечую шчырасць, блізкасць да людзей і здольнасць быць побач з кожным — як у радасці, так і ў складаных жыццёвых момантах.

Вернікі дзякавалі святару за шматгадовую працу, клопат пра дзяцей, моладзь і сем’і, а таксама за атмасферу цеплыні, якая пануе ў парафіі.

Цёплыя словы былі скіраваныя і ў адрас сястры Марцэліны Мігач ISSM, якая рупліва служыць у парафіі. Парафіяне падкрэслівалі яе нястомную працу, ціхую адданасць і вялікае сэрца, дзякуючы якім многія мерапрыемствы, літургіі і сустрэчы адбываліся прыгожа і арганізавана.

Падчас свята былі ўручаныя падзячныя граматы прадстаўнікам дзяржаўнай улады, святарам, законным сёстрам, парафіянам і ўсім, хто зрабіў значны ўклад у развіццё супольнасці.

Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Аляксандр узгадаў словы святога Яна Боско. «Даверцеся Марыі Успамозе Хрысціянаў і ўбачыце, што такое цуды. Давярайце Марыі, і бараўлянская парафія і наступныя 25 год будзе квітнець і развівацца», — заклікаў іерарх.

Пасля святой Імшы адбыўся абрад асвячэння сямейнага пакою.

У парафіі падкрэсліваюць, што сёння асабліва неабходна ствараць месцы, дзе сем’і могуць не толькі маліцца, але і проста быць разам, сустракацца, размаўляць, праводзіць час з дзецьмі і будаваць сапраўдныя чалавечыя адносіны.

Новая прастора задуманая як адкрытае месца сустрэчы для бацькоў, дзяцей і моладзі. Тут плануецца правядзенне творчых заняткаў, сямейных сустрэчаў, лекцый, майстар-класаў, катэхезаў і супольных мерапрыемстваў. Асобная ўвага будзе надавацца падтрымцы маладых сем’яў і стварэнню атмасферы, у якой кожны чалавек зможа адчуць сябе патрэбным і прынятым.

Для ўдзельнікаў быў арганізаваны пачастунак, а для дзяцей — гульнявая праграма з аніматарамі, надзіманымі атракцыёнамі і забавамі.

Завяршыліся юбілейныя святкаванні канцэртам арганнай музыкі ў касцёле, які стаў прыгожым духоўным акордам гэтага асаблівага дня.