Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана ў мінскай парафіі ў Чыжоўцы
- 15 мая, 2026
- Фота: Ганна і Леанід Мацко // Catholicminsk.by
Ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у парафіі Святога Духа ў мікрараёне Чыжоўка горада Мінска цэлебраваў святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 22-м вернікам.
У сваім прывітальным слове пробашч парафіі ксёндз канонік доктар Ян Крэміс падзякаваў дастойнаму іерарху за прысутнасць і ўзгадаў тры даты, важныя для мясцовай парафіяльнай супольнасці:
- 19 мая 2012 года адбылося благаслаўленне зямлі пад будову і вуглавога каменя,
- 26 верасня 2014 года на вежы касцёла быў усталяваны крыж,
- 9 студзеня 2021 года адбылося ўрачыстае пасвячэнне касцёла, якое здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыпастыр у сваю чаргу адзначыў, што сёння памяшканні гэтага першага пабудаванага і пасвячанага новага касцёла ў сталіцы Беларусі актыўна выкарыстоўваюцца для душпастырскіх і дыдактычных мэтаў. Апроч самога касцёла, у комплексе ёсць плябанія, залы для заняткаў па катэхезе, а таксама аўдыторыі, у якіх праводзіць навучанне Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля, дырэктарам якога з’яўляецца ксёндз доктар Ян. Асобна была адзначана прыгажосць прылеглай да касцёла дастакова вялікай тэрыторыі, дзе знаходзіцца фігура Маці Божай у акружэнні дрэў і кветак, пасаджаных паводле правілаў ландшафтнага дызайну.

Пасля Евангелля адбыўся прадугледжаны літургічнымі прадпісаннямі дыялог арцыбіскупа з пробашчам, у якім святар запэўніў, што ўсе прысутныя кандыдаты належным чынам падрыхтаваныя да годнага прыняцца сакрамэнту канфірмацыі. Апошнія ж на зададзенае арцыпастырам пытанне пра іх чаканні ад прыняцця сакрамэнту адказалі, што хочуць, каб Дух Святы ўмацаваў іх «для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе праўдаў».
У прамоўленай гаміліі, асаблівым чынам скіраванай да кандыдатаў да канфірмацыі, іерарх, тлумачачы сэнс перажыванай урачыстасці, параўнаў місію Езуса на зямлі з камандзіроўкай, а канцавую яе падзею — Унебаўшэсце Хрыста — з вяртаннем з камандзіроўкі дадому:
У Святой Зямлі на Аліўнай гары знаходзіцца капліца з вялікім каменем унутры. На ім бачна адбіццё чалавечай ступні. Паводле легенды гэта след, які застаўся пасля Унебаўшэсця Езуса. Гэта, паводле прамоўцы, вельмі сімвалічна, таму што «Езус не толькі збавіў чалавецтва, але таксама пакінуў нам свой след, якім з’яўляюцца Евангелле і прапанова абвяшчаць яго па ўсёй зямлі». Ён адносіцца да ўсіх хрысціянаў, таму што «ў сакрамэнце хросту мы становімся ўдзельнікамі агульнага святарства Хрыста, што абавязвае нас абвяшчаць Добрую Навіну іншым людзям, перадусім хрысціянскiм сведчаннем».
Езус узнёсся на нябёсы не толькі як Бог, але як Бога-Чалавек. Гэтым самым Ён паказаў, што брамы неба адкрытыя для чалавека. Езус вярнуўся ў дом свайго нябеснага Айца таксама для таго, каб падрыхтаваць у ім месца для кожнага.
— падкрэсліў дастойны іерарх.

Ён нагадаў, што гэтае заданне вельмі актуальнае ў наш, пазначаны ідэямі секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, час, калі чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бог не існуе, замест духоўных каштоўнасцей выбірае свецкія і імкнецца дастасаваць Божы закон да духу свецкасці, змяняючы яго. «Але Божы закон дадзены нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб ён змяняў нас», — папярэдзіў галоўны цэлебрант.
Арцыбіскуп засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў апошнія часы ўсё часцей выкарыстоўваецца штучны інтэлект. З аднаго боку, ён вельмі дапамагае, але з іншага — неэтычнае выкарыстанне яго вядзе да новых пагрозаў:
У такой сітуацыі Касцёл не пакідае сваіх вучняў сам-насам. Ён прыходзіць ім з дапамогай у Святым Пісанні, сакрамэнтах і іншай дзейнасці, асабліва ў сакрамэнце канфірмацыі.
«У гімне да Духа Святога мы спяваем: “Прыйдзі і аднаві воблік зямлі”. Воблік зямлі фарміруем мы, а не прышэльцы з космасу, — зазначыў іерарх. — Наш свет будзе такім, якімі мы з’яўляемся. Таму яго ўдасканаленне неабходна распачынаць ад нас саміх».

Для гэтага, як слушна заўважыў ён, неабходна супрацоўнічаць з Духам Святым: «Наш смартфон будзе працаваць толькі пры наяўнасці сігналу. Гэта азначае, што ён павінен быць падключаны да інтэрнэту. Таксама і дары Духа Святога не будуць дзейнічаць, пакуль мы не дазволім ім гэтага зрабіць. Умоўна кажучы — не падключымся да Яго».
Іерарх запэўніў, што праз сваё ўнебаўшэсце Хрыстус «не дэзертаваў і не пакінуў нас», але «даў магчымасць Духу Святому ўвайсці ў нашае жыццё, каб Ён учыніў нас інструментамі Хрыста дзеля прадаўжэння Яго збаўчай місіі».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію наступным заклікам да прымаючых сакрамэнт канфірмацыі:
Пасля вызнання веры кожны з кандыдатаў, падчас намашчэння арцыбіскупам яго галавы алеем хрызма, пачуў скіраваныя да яго словы: «Прымі знак дару Духа Святога». Знакам прыняцца яго быў адказ «Амэн». Словы ж іерарха: «Супакой табе!», спалучаныя з лёгкім дотыкам да шчакі, былі знакам Божага ўмацавання (лац. confirmatio) да супрацьстаяння злу і жыцця верай у Хрыста.
Напрыканцы Імшы прадстаўнікі тых, хто прыняў канфірмацыю, падзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за ўдзелены сакрамэнт, а ксяндзу пробашчу Яну Крэмісу і катэхеткам сястры Марыне Пашук і спадарыні Галіне Латышавай — за катэхетычную падрыхтоўку.
Пасля пастырскага благаслаўлення арцыпастыр кожнаму канфірмаванаму асабіста ўручыў пасведчанне аб канфірмацыі і катэхізіс YOUCAT на беларускай мове, а затым з вялікай ахвотай зрабіў з маладымі людзьмі, іх пробашчам, катэхетамі і сведкамі канфірмацыі супольны фотаздымак.



























