Skip to main content

Парафіяльнае свята з удзелам біскупа Касабуцкага адзначылі ў мінскай Лошыцы

12 красавіка
  • 14 красавіка, 2026
  • Тэкст: Кацярына Альшэўская / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

12 красавіка, нядзеля Божай Міласэрнасці, для вернікаў мінскай парафіі ў мікрараёне Лошыца з’яўляецца асаблівым днём — парафіяльным святам.

З гэтай нагоды ксёндз пробашч Ян Юшко CSMA з радасцю запрасіў у парафію біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Парафіяне цёпла прывіталі пастыра перад уваходам у капліцу, і усе разам увайшлі унутр святыні. Разам з біскупам на парафіяльны фэст завіталі ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB, дэкан дэканату Мінск-Усход, яго субрат ксёндз Юзаф Занеўскі SDB, а таксама ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA, субрат пробашча.

У гаміліі біскуп Юрый разважаў над апошнімі гадамі зямнога жыцця Езуса Хрыста і верай вучняў, якія, нягледзячы на цуды Езуса не да канца разумелі ўсе словы і знакі, якія здзяйсняў іх Настаўнік. Іерарх заўважыў, што з 11-і апосталаў пад крыжом застаўся толькі Ян разам з Марыяй, Маці Езуса. Астатнія з-за няўпэўненнасці і страху за сваё жыццё закрыліся ў Вячэрніку. «Але Езус Міласэрны, — падкрэсліў біскуп. — І сёння, у нядзелю Божай Міласэрнасці, асаблівым чынам хочацца паразважаць аб Яго міласэрнасці. Калі Езус аб’яўляецца сваім вучням пасля Уваскрасення, Ён кажа “Спакой вам!”, паказваючы гэтымі словамі, што прабачае ім усе слабасці».

«Бог таксама любіць нас, нягледзячы на нашыя недахопы і слабасці, бо Ён міласэрны. А мы як людзі са сваімі слабасцямі спадзяемся на міласэрнасць Айца. Калі мы молімся — нашыя вочы заўсёды глядзяць на крыж, які з’яўляецца сімвалічным знакам цярпенняў Хрыста. Кожны з нас нясе на сабе свой крыж, боль, выпрабаванні. Але мы просім у Езуса Міласэрнага дапамогі, і Ён заўсёды працягвае нам руку»,

— падсумаваў прамоўца.

Пасля Імшы падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту вернікі разам з біскупам і святарамі маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці аб супакоі ў свеце, паміж народамі і ў сэрцах.

Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Касабуцкі выказаў жаданне, каб як найхутчэй завяршылася будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці, і падзякаваў пробашчу за запрашэнне. Затым госці і вернікі парафіі частаваліся смачнымі пернікамі.

Парафіяльнае свята прайшло ў вельмі цёплай, светлай і сяброўскай атмасферы.