Skip to main content

Біскуп Яшэўскі ў Асіповічах: «Бог чакае, пакуль чалавек адкрые Яму сэрца»

12 красавіка
  • 13 красавіка, 2026
  • Тэкст: Андрэй Новікаў / Фота: сястра Самуэля Садоўская CSSH // Catholicminsk.by

12 красавіка, у ІІ Велікодную нядзелю, калі Касцёл адзначае Нядзелю Божай Міласэрнасці, у парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах (Бабруйскі дэканат) прайшла адпустовая ўрачыстасць.

Пробашч і дэкан бабруйскі айцец Натанаэль Вайтала OFM прывітаў вернікаў і гасцей з розных куткоў Беларусі. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Магілёўскі рэгіён, які таксама прамовіў гамілію. У святкаванні ўдзельнічалі айцец Аляксей Рамановіч OFM і сёстры ядвіжанкі.

У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр выкарыстаў вобраз мастака, які намаляваў дзверы без клямкі. Клямка была толькі з унутранага боку — гэта сімвал таго, што Бог не ўрываецца сілай у жыццё чалавека, але цярпліва чакае, пакуль чалавек сам адкрые Яму сваё сэрца.

«Асабліва сёння Бог стукае ў нашыя сэрцы, жадаючы адарыць нас сваёй прабачаючай міласэрнасцю»,

— падкрэсліў біскуп.

Іерарх падзяліўся кранальным сведчаннем маладой жанчыны, якая пасля смерці бацькі страціла веру і на доўгія гады адышла ад Бога. Жыццёвыя цяжкасці, развод, смерць мужа — усё гэта прывяло яе да глыбокай унутранай пустэчы.

Паваротным момантам стаў «Дзённік» святой Фаўстыны, які яна выпадкова атрымала. Праз слёзы і сумневы яна пачула падчас казання словы: «Можа, ты ўжо шмат гадоў шукаеш дарогу да канфесіянала. Зрабі гэта сёння, не бойся». Споведзь стала для яе момантам адраджэння і вяртання да Бога.

Біскуп Аляксандр нагадаў вернікам пра асаблівыя абяцанні, якія Езус перадаў святой Фаўстыне і якія звязаныя менавіта з гэтым днём — Нядзеляй Божай Міласэрнасці. Гэтыя абяцанні адкрываюць перад чалавекам веліч Божай любові і Яго неабмежаваную гатоўнасць прабачаць.

Сярод іх ёсць наступныя:

  • поўнае адпушчэнне віны і пакарання для кожнага, хто з даверам і чыстым сэрцам прыступае да сакрамэнтаў (Дзённік 699);
  • адкрытыя крыніцы Божай ласкі ў гадзіну 15.00, калі Касцёл успамінае смерць Збаўцы на крыжы (пар. Мк 15, 34–37);
  • давер як галоўная пасудзіна, праз якую чалавек чэрпае Божую міласэрнасць (Дзённік, 1578).

Пастыр падкрэсліў, што гэтыя абяцанні не з’яўляюцца сімвалічнымі або абстрактнымі — яны рэальныя і дзейнічаюць у жыцці кожнага, хто адкрывае сэрца Богу. «Бязмежны акіян Божай міласэрнасці адкрываецца для кожнага, хто прыходзіць з даверам. Бог не стамляецца дараваць, гэта чалавек стамляецца прасіць. Таму не бойцеся даверыцца Яму цалкам!», — заклікаў ён прысутных.

Іерарх разважаў таксама над драмай апостала Юды Іскарыёта, які не паверыў у магчымасць Божага прабачэння. Хоць Бог праз прарока Ісаю абяцаў: «Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць як снег» (Іс 1,18). Юда засумняваўся і ў роспачы павесіўся (пар. Мц 27,3–5).

«Пекла — гэта безнадзейнасць. Але для нас, пілігрымаў гэтай зямлі, надзея ёсць, і гэта жывая надзея!»,

— падкрэсліў біскуп.

У завяршэнні казання біскуп Яшэўскі нагадаў, што слова misericordia азначае «даць сэрца ўбогаму». Бог дае сваё сэрца чалавеку ў Эўхарыстыі, але чалавек павінен адкрыць дзверы свайго сэрца знутры.

«Вы жывеце ў парафіі, якая носіць тытул Божай Міласэрнасці. Гэта запрашэнне быць людзьмі надзеі, прабачэння і адкрытага сэрца», — падкрэсліў ён.

У завяршэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся да прысутных са словамі шчырай удзячнасці і падтрымкі. Ён падкрэсліў, што парафія Божай Міласэрнасці ў Асіповічах — гэта супольнасць, якая жыве верай, служэннем і адкрытасцю на Божую ласку.

Біскуп выказаў асаблівую падзяку пробашчу: «Хачу ад усяго сэрца падзякаваць айцу дэкану Натанаэлю Вайтале OFM за яго адданае, цярплівае і ахвярнае служэнне. Дзякую за тое, што з пастырскай руплівасцю вядзеце гэтую супольнасць, падтрымліваеце вернікаў, дапамагаеце ім адкрываць дзверы сваіх сэрцаў на Божую Міласэрнасць. Няхай Пан аддзячыць вам за вашу працу і вернасць».

Біскуп таксама звярнуўся са словамі падзякі да сясцёр ядвіжанак, якія нясуць служэнне ў парафіі: «Дзякую сёстрам ядвіжанкам за вашу малітву, прысутнасць і штодзённую ціхую працу, якая часта застаецца незаўважанай, але прыносіць багаты плён. Вы сваім служэннем робіце гэтую парафію домам, дзе пануе цеплыня, спагада і сапраўдная хрысціянская любоў».

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр заклікаў усіх прысутных працягваць будаваць супольнасць, заснаваную на даверы да Бога і ўзаемнай падтрымцы:

«Няхай Божая Міласэрнасць будзе крыніцай вашай сілы, адзінства і надзеі. Няхай кожны дзень у гэтай парафіі будзе прасякнуты малітвай: Езу, давяраю Табе».