Skip to main content

Крыжовы шлях вачыма дзяцей: незвычайны погляд на велікапоснае набажэнства ў парафіі святога Арханёла Міхала ў Гатава

  • 3 красавіка, 2026
  • Тэкст: Алена Маціеўская / Фота: Кацярына Сенкавец, Алена Маціеўская // Catholicminsk.by

У парафіі святога Арханёла Міхала, што ў Гатава Мінскага раёна, прайшло велікапоснае набажэнства з удзелам юных вернікаў.

Калі дарослыя прыходзяць на Крыжовы шлях, яны часта нясуць цяжар уласных клопатаў, прамаўляючы знаёмыя словы малітваў. Пакуль бацькі ўглядаюцца ў крыж, іх дзеці бачаць там не сімвал, а жывога Езуса, які падае ад стомы, перажываюць за Ягоную Маці і шчыра гатовыя падставіць плячо.

Для дзяцей гэта не гісторыя з далёкага мінулага. Гэта шлях, які яны нібы праходзяць разам з Езусам крок за крокам, стацыя за стацыяй. Яны не карыстаюцца складанымі словамі, не тлумачаць паняццяў, але тонка адчуваюць тое, што дарослыя часта губляюць: шчырасць, спачуванне і ўнутраную праўду.

Іх адказы простыя па форме, але глыбокія па змесце. У іх адчуваецца боль, здзіўленне, удзячнасць і вельмі чалавечае жаданне быць побач. І, магчыма, менавіта ў гэтым і ёсць самае сапраўднае разуменне. На пытанне, што вы ўяўляеце падчас Крыжовага шляху, многія дзеці адказалі проста і ўзнёсла: яны бачаць Бога. Аднак дзяўчынка Іра прыўнесла ў гэта бачанне дарослы рэалізм.

«Ну, тое, што там самае галоўнае — гэта Пан Бог. Пан Бог, які церпіць»,

— удакладніла яна.

На пытанне пра стацыю, якая кранае найбольш, адказы разышліся. Калі для адных самым трагічным момантам стаў суд у Пілата, то большасць дзяцей назвалі момант, калі сілы пакінулі Збаўцу.

«Калі Ён падае тры разы. Напэўна, таму што Яму вельмі складана несці крыж», — падзялілася 11-цігадовая Паліна. «Калі Ён падае другі раз. Гэта праўда відаць, як Яму складана ісці. Яму ўжо нічога не хочацца рабіць, але ён мусіць ісці далей», — сказала 12-цігадовая Ульяна. 

Мукі Езуса для дзяцей — гэта не проста фізічная стома, а глыбокі тэалагічны сэнс: яны разумеюць, што Ён нёс цяжкі крыж з грахамі ўсяго свету. А самай важнай сустрэчай на Крыжовым шляху яны называюць сустрэчу з Марыяй, маці.

А што ж адбываецца ў дзіцячым сэрцы, калі яны чуюць пра пакуты? Аказалася, што словы «адчай» і «боль» тут гучаць гэтак жа часта, як і ў дарослых. Дзеці прызнаюцца, што пасля набажэнства яны іншыя. Радасць змяняецца на сур’ёзнасць, а гучныя гульні — на цішыню. 

«Я пасля Крыжовага шляху, як дахаты іду, заўсёды ў цішыні, і потым нават тэлевізар не ўключаю, бо так перажываю за Езуса», — распавяла Паліна пра свой звычай, які многія дарослыя могуць узяць на ўзбраенне. 

Дзеці, як ні дзіўна, найбольш дакладна фармулююць сутнасць Адкуплення: таму што Езус  любіць усіх людзей. З вуснаў дзяцей гэта гучыць як выдатная пропаведзь. А калі б дзеці маглі сказаць нешта Езусу на Яго Крыжовым шляху, яны б яму дапамагалі. 

«Езу, не перажывай. Дай табе дапамагу. Пот вытру, вадзіцы дам», — сказала Іра.

«Я б дапамагла Яму ісці. Падтрымала. Сказала: «Ты зможаш», — паразважала Паліна. 

«Я б Яго падняла, напэўна. Абняла. Пастаяла, паплакала, паспачувала. І пайшла бы з Ім», — прызналася Ліза. 

Падчас Крыжовага шляху дзеці не разважаюць пра тэалогію. Яны не шукаюць правільных фармулёвак. Яны проста ідуць разам з Езусам.

У іх свеце ўсё вельмі проста і вельмі праўдзіва: калі камусьці балюча — трэба быць побач. Калі нехта падае — трэба дапамагчы ўстаць. Калі нехта церпіць — нельга адварочвацца.

Тут разумееш: Крыжовы шлях — гэта не толькі пра мінулае. Гэта пра сёння. Пра кожны момант, калі мы становімся перад выбарам — прайсці міма ці спыніцца. І здаецца, дзеці гэты выбар зрабілі. Яны проста ішлі б побач, паказваючы, што сапраўдная вера — гэта заўсёды ўчынак.

Матэрыял падрыхтавала студэнтка Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля Алена Маціеўская.