Skip to main content

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB віншуе з юбілеем спадарыню Крыстыну Лялько

30 сакавіка
  • 30 сакавіка, 2026
  • Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by // Catholicminsk.by

З нагоды юбілею 70-годдзя галоўнага рэдактара каталіцкіх часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» спадарыні Крыстыны Лялько біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, кіруе паважанай юбілярцы свае віншаванні.

Паважаная спадарыня Крыстына!

У дзень Вашага 70‑годдзя з удзячнасцю ўзношу малітву да Пана за дар Вашай асобы, за Ваш талент, служэнне і нязменную адданасць беларускай каталіцкай справе. На працягу многіх дзесяцігоддзяў Вы былі і застаецеся голасам веры, культуры і духоўнай годнасці нашага народа.

Дзякую Вам за мужнасць і вернасць, з якімі Вы стваралі і развівалі часопісы «Ave Maria» і «Наша вера», робячы іх сапраўднымі асяродкамі хрысціянскай думкі, духоўнай адукацыі і культурнага адраджэння. Ваш паэтычны дар, перакладчыцкая праца і тонкае адчуванне слова сталі благаслаўленнем для многіх пакаленняў чытачоў.

Няхай Пан Бог, які шчодра адарыў Вас талентамі, працягвае благаслаўляць Ваш шлях, дорыць здароўе, унутраны супакой і радасць служэння. Няхай Маці Божая трымае Вас пад сваім плашчом і вядзе да новых плёнаў, а Дух Святы натхняе на далейшыя творчыя здзяйсненні.

З павагай і малітвай,

 Аляксандр Яшэўскі SDB