З удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча і восліка Юлія ў Заслаўі адзначылі Пальмовую нядзелю
- 30 сакавіка, 2026
- Фота: Віктар Обух // Catholicminsk.by
У Пальмовую нядзелю арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Заслаўе, дзе ўзначаліў працэсію і святую Імшу ва ўспамін уваходу Езуса ў Ерузалем. Чарговы раз у працэсіі ішоў незвычайны ўдзельнік — вослік Юлій.
У гаміліі дастойны іерарх падкрэсліў, што пальмавую або вербную галінку можна выкарыстаць дваяка: кагосьці прывітаць або пабіць ці нават скатаваць. Тыя ж самыя людзі, якія сустракалі Езуса з воклічамі: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!» (Мц 21, 9), праз пяць дзён патрабавалі ў Пілата Яго смерці: «Укрыжуй Яго!». Замест справядлівага Езуса яны хацелі свабоды для злачынца Бараббы.
«Чаму так адбылося? Найперш людзі бачылі ў Езусе палітычнага лідэра і спадзяваліся, што Ён вызваліць іх ад рымскай акупацыі, — растлумачыў прамоўца. — Але калі яны ўбачылі, што Езус не апраўдвае іх чаканні, запатрабавалі Яго смерці».
Ён звярнуў увагу, што паводзіны гэтых людзей паказваюць іх стаўленне да іншага чалавека ў залежнасці ад таго, чаго яны хацелі бы ад яго і што ён рэальна з сябе ўяўляе. Таму іх можна назваць «хамелеонамі», якія змяняюць колер сваёй скуры ў залежнасці ад абставінаў. Да іх можна ўжыць моднае сёння слова «пераабуўся», што азначае змяніць сваю пазіцыю ў залежнасці аб абставінаў. Нехта вельмі трапна зазначыў, што справы, якія мы робім, паказваюць, кім мы з’яўляемся.

Па словах арцыбіскупа, хрысціяніна можна параўнаць з трыма тыпамі лодак ці караблёў:
- Хрысціянін-вясляр. Каб лодка магла плыць, трэба веславаць. Такі хрысціянін падпарадкоўваюцца Богу не з любові да Яго, а з абавязку.
- Хрысціянін-ветразнік. Ветразны карабель ці яхта плывуць па ветры. Але для гэтага неабходна падняць ветразь. Калі патрабаванні такога хрысціяніна адпавядаюць пажаданням Бога, то ён ім падпарадкоўваецца, а калі не, то адмаўляецца.
- Хрысціянін-параход. Параход плыве туды, куды трэба, незалежна ад ветру ці надвор’я. Такі хрысціянін заўсёды падпарадкоўваецца Богу. Прыкладам з’яўляецца Хрыстус. Ён падпарадкаваўся волі свайго нябеснага Айца, каб пасхальнай таямніцай смерці і ўваскрасення збавіць свет.
Пальмовай нядзеляй распачынаецца Вялікі тыдзень. «Вялікі, бо ў ім мы разважаем пра вялікія справы нашага збаўлення, якія здзейсніў Езус, дзякуючы паслухмянасці свайму нябеснаму Айцу. Паслухмянасць Богу – гэта гарантыя таго, што Езус сваёй ласкай будзе у нашых сэрцах і мы станем Яго носьбітамі, каб быць шчаслівымі», — навучаў іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш узгадаў прыгожы і павучальны аповед пра маладога восліка, на якім Езус прыбыў у Ерузалем. Гэты вослік думаў, што людзі так урачыста вітаюць менавіта яго, і таму быў вельмі задаволены. На наступны дзень ён пайшоў у горад, каб яго ізноў урачыста прывіталі. Але ніхто не звяртаў на яго ўвагу. Пакрыўджаны і збянтэжаны, ён вярнуўся дамоў да сваёй маці.

Мараль гэтай гісторыі ў тым, што без Езуса ўсе нашы намаганні не маюць ніякай духоўнай каштоўнасці. Аднак, калі Ён у нашых сэрцах, калі мы Яго нясем у сабе і праслаўляем, тады становімся ключавымі гульцамі ў Божым плане збаўлення свету.
Напрыканцы гаміліі галоўны цэлебрант пажадаў вернікам, каб набажэнствы Пальмовай нядзелі і Вялікага тыдня дапамаглі ім адказаць на пытанне: «На якім баку барыкады дабра са злом яны знаходзяцца – з Езусам ці супраць Яго?», а таксама зразумець фундаментальную праўду, што толькі дзякуючы ласцы Езуса Хрыста мы аднаўляем у сабе Божы вобраз, паводле якога былі створаны, і толькі ў Ім мы шчаслівыя і нясём шчасце іншым.















