Skip to main content

Роля бацькоў у распазнанні паклікання дзіцяці

  • 13 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Тэрэза Андрушчышына / Пераклад і адаптацыя: catholicminsk.by // Паводле
  • sib-catholic.ru

Усе людзі пакліканыя да жыцця з Богам, і праз сакрамэнт хросту мы адказваем на гэтае пакліканне. Аднак акрамя гэтага Бог надзяляе чалавека і іншымі пакліканнямі, дарамі і задачамі, дзякуючы якім ён можа больш поўна рэалізаваць сябе і на гэтым шляху дасягнуць збаўлення, а таксама дапамагчы ў гэтым іншым. Разам з Тэрэзай Андрушчышынай, кансэкраванай свецкай асобай, доктарам тэалагічных навук, якая спецыялізавалася ў сферы сужанскіх і сямейных адносін, і, хоць у студзені бягучага года адышла ў вечнасць, пакінула пасля сябе каштоўныя даследаванні, прасочым ролю самых першых і найбліжэйшых для чалавека людзей — бацькоў — у распазнанні, выбары і развіцці паклікання да асаблівага служэння ў Касцёле.

«Звяртаюся да вас, бацькі. Бог даверыў вам задачу весці моладзь шляхамі святасці. Будзьце для іх прыкладам ахвярнай вернасці Хрысту. Давайце ім смеласці, каб яны не баяліся выйсці на глыбіню, без ваганняў адказваючы на ​​запрашэнне Пана. Адных Ён заклікае да сямейнага жыцця, іншых — да прысвечанага Богу жыцця або да святарства. Дапамажыце ім распазнаць сваё пакліканне і стаць сапраўднымі сябрамі Хрыста і Яго вучнямі!»

Ян Павел II. Пасланне, 2005 г.

«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас…» (Ян 15, 16)

Хрысціянская сям’я з’яўляецца першым і вельмі важным асяроддзем нараджэння паклікання. Менавіта тут дзеці спазнаюць таямніцу Бога і чалавека, а таксама любоў, якая з’яўляецца фундаментам кожнага паклікання. Адна з асноўных задач бацькоў — гэта дапамога дзіцяці ў распазнанні таго жыццёвага паклікання, якое падрыхтаваў для яго Бог. Большасць людзей пакліканы да сужэнскага і сямейнага жыцця. Аднак ёсць і тыя, каго Хрыстус выбірае для асаблівых адносін з Ім і для сваёй місіі. Адносна сужэнскага паклікання большасць не мае сумненняў, тады як у адносінах да прысвечанага Богу жыцця нават сярод хрысціян можна заўважыць страх, адмаўленне, а часам і непрыманне. Часта прычынай гэтага з’яўляецца недахоп даверу Богу ці правільнага разумення сутнасці такога паклікання.

Перш чым пытацца, ці мае вашае дзіця пакліканне да прысвечанага Богу жыццю, неабходна адказаць на пытанні:

1. Ці верыце вы, што Бог любіць вашае дзіця, дараваў яму жыццё і мае для яго выдатны план збаўлення?

2. Ці вы давяраеце Богу, разумеючы, што Ён таксама любіць вас і што ў Яго задуме збаўлення ёсць вашая будучыня і ваша старасць?

3. Якая мэта жыцця вашага дзіцяці — выканаць Божую волю, якая прыносіць чалавеку сапраўднае шчасце ў любой жыццёвай сітуацыі, або выканаць толькі волю бацькоў, якія па-свойму (вельмі абмежавана) бачаць, у чым і часам з кім іх дзіця будзе шчаслівым?

Ад адказаў на гэтыя пытанні залежыць, наколькі мы будзем дапамагаць сваім дзецям распазнаць і прыняць пакліканне, якім адарыў іх Бог.

Калі мы хочам, каб нашыя дзеці пачулі Божы заклік, неабходна, каб у іх сэрцы паглыблялася пытанне: якую задуму любові падрыхтаваў для мяне Бог?

Стварайце дома «хрысціянскую атмасферу», у якой спеюць усе пакліканні.

Найперш гэта штодзённае жыццё ў чысціні сэрца, напоўненае малітвай, любоўю да Бога і бліжняга.

«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Іншымі словамі: шчаслівыя тыя, хто мае чыстае сэрца, таму што яны распазнаюць Божую волю для свайго жыцця і жыцця іншых.

Клапоцячыся аб чысціні свайго сэрца і сэрцах дзяцей, варта звярнуць увагу на наступнае:

  • Што мы глядзім у нашым доме: якія фільмы, тэлеперадачы, інтэрнэт-кантэнт, гульні. Ці ёсць сярод іх фільмы пра святых ці пра людзей, якія жывуць каштоўнасцямі?
  • Што мы слухаем: якія размовы, тэксты, плёткі, музыку; якія чытаем часопісы, кнігі, сайты? Ці мы слухаем адзін аднаго? Ці гучаць у доме рэлігійныя песні, радыё, ці чытаецца Божае слова?
  • Пра што і як мы размаўляем: якія тэмы ўздымаем, якія словы ўжываем, ці дзякуем і ці просім прабачэнні адно ў аднаго? Ці забаронена ў нашым доме асуджэнне іншых, непрыстойныя словы і лаянка? Як часта мы падаем прыклад узаемнай ветлівасці і праяўляем любоў ў дробязях?
  • Што мы робім, як практыкуем любоў? Ці клапоцімся адзін пра аднаго, ці наведваем хворых і маючых патрэбу, ці дапамагаем у касцёле, ці ўдзельнічаем у святой Літургіі, рэкалекцыях, дабрачынных акцыях? Ці гаворым пра патрэбы людзей па-за нашай сям’ёй і ці разам шукаем спосабы дапамагчы ім?

Маліцеся з дзецьмі і за дзяцей

Менавіта малітва, якая з’яўляецца асабістай сустрэчай з Богам, — найважнейшае месца распазнання паклікання. Задача бацькоў — навучыць дзіця чуць голас Бога, як пачуў яго Самуэль і адказаў: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (1 Сам 3, 10). У асабістай і сямейнай малітве дадавайце намер аб распазнанні паклікання для вашых дзяцей, называючы іх па імені. Будзьце ўважлівыя да натхненняў Духа Святога і да знакаў, праз якія кажа Бог.

Нязмушана і з павагай гаварыце між сабой і з дзецьмі аб жыцці, прысвечаным Богу

Для гэтага найперш неабходна самому прыняць той факт, што Бог можа звярнуцца і да вашага дзіцяці са словамі: «Ідзі за Мною!» (Мц 8, 22). Бог не глядзіць на статус, паходжанне ці досвед — Ён абірае і заклікае, каго хоча. Пытаючыся ў дзіцяці, ці хацела бы яно ў будучыні стаць святаром або законнай сястрой, не высмейвайце яго. З павагай слухайце апавяданні дзяцей аб іх марах служыць Богу і людзям.

Паказвайце дзіцяці, што кожнае пакліканне ад Бога цудоўнае, хоць і не пазбаўлена цяжкасцяў

Прыклады святых і знаёмых вам людзей дапамагаюць дзецям убачыць каштоўнасць кожнага шляху і палюбіць яго. Размаўляйце пра іх лад жыцця, пошукі, дасягненні і паражэнні. Дзецям патрэбны аўтарытэты — людзі, якія натхняюць іх жыць з Богам. Не бойцеся адпускаць дзіця на духоўныя практыкаванні ці рэкалекцыі, арганізаваныя законнымі сёстрамі ці святарамі — гэта можа дапамагчы ім у адкрыцці ўласнага паклікання.

Працуйце над фармаваннем характару і волі дзіцяці, каб яно мела смеласць прымаць рашэнні

Страх перад важнымі жыццёвымі рашэннямі з’яўляецца адной з сур’ёзных праблем сучаснай моладзі: жыццё без шлюбу «на спробу», адкладванне нараджэння дзяцей, нявызначанасць у прафесіі, адкладванне ўступлення на шлях прысвечанага Богу жыцця.

Падтрымайце дзіця ў вырашэнні ісці шляхам жыцця, прысвечанага Богу

Не бойцеся адпусціць яго, калі яно вырашыцца зрабіць першы крок. Уступаючы ў супольнасць ці семінарыю, малады чалавек яшчэ будзе мець магчымасць (часам, на працягу некалькіх гадоў) канчаткова распазнаць сваё пакліканне — у гэтым яму дапамогуць настаяцелі і супольнасць. Калі гэты першы крок не будзе зроблены, ён ніколі не даведаецца, ці гэта яго шлях. Для дзіцяці надзвычай важныя ваша падтрымка і благаслаўленне, бо яно ідзе распазнаваць Божую волю, а не сваю ці бацькоўскую.

Не бойцеся, што ў дзіцяці ў будучыні можа «не атрымацца» з гэтым пакліканнем

Страх перад тым, што мы ці нашыя дзеці чагосьці не вытрымаем, натуральны — як у пакліканні да святарства ці кансэкраванага жыцця, так і ў сужэнскім пакліканні. Аднак у апошнім выпадку гэты страх звычайна не становіцца перашкодай для падтрымкі дзяцей. Чалавек па сваёй прыродзе слабы, таму для ажыццяўлення паклікання Бог праз сакрамэнты дае асаблівую ласку. Вернасць і трываласць у кожным пакліканні залежаць ад таго, наколькі чалавек жыве ў сапраўднай еднасці з Богам і выконвае Яго волю. Таму так важна дапамагаць дзіцяці ўвесь час знаходзіцца ў блізкіх адносінах з Хрыстом, які любіць, вучыць і дае сілы падымацца і ісці далей.

Сумесна маліцеся за ўсіх пакліканых і будзьце ўдзячныя

Праціўнікам выканання Божай волі ў жыцці чалавека з’яўляецца сатана, які з пачатку гісторыі чалавецтва робіць усё магчымае, каб гэтаму перашкодзіць. І сёння кожны з нас мае патрэбу ў духоўнай падтрымцы для барацьбы са спакусамі. Калі дзеці чуюць, як мы молімся, замаўляем святую Імшу за людзей, якія ўжо ідуць шляхам свайго паклікання (прысвечанага кансэкраванаму жыццю, святарству або сужэнству), яны разумеюць, што яны не самотныя. Важна таксама дзякаваць Богу за канкрэтных людзей, якія жывуць у вернасці свайму пакліканню.