Skip to main content

Урачыстасць аднаго з галоўных заступнікаў парафіі з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адзначылі ў Магілёве

4 сакавіка
  • 10 сакавіка, 2026
  • Тэкст: а. Раман Шульц OP / Фота: Таццяна Дуенка // Catholicminsk.by

4 сакавіка ў парафіі святога Казіміра, каралевіча, і святой Ядвігі, каралевы, у Магілёве, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, адбылося святкаванне ўрачыстасці аднаго з галоўных заступнікаў парафіі — святога Казіміра.

Галоўным цэлебрантам урачыстасці быў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які маліўся праз заступніцтва святога Казіміра і ўзначаліў Эўхарыстыю, просячы аб ласках Духа Святога для парафіяльнай супольнасці і яе пастыра.

На пачатку ўрачыстасці быў урачыста ўнесены новы рэліквіярый, які змяшчаў дзве рэліквіі: святога Казіміра, каралевіча, і святой Вікторыі, мучаніцы. Нягледзячы на тое, што паміж гэтымі святымі існуе розніца часу каля 1000 гадоў, іх аб’ядноўвае шчырая любоў да Езуса і тое, што яны абодва былі маладымі ў моманце смерці.

Пасля таго, як біскуп акадзіў рэліквіярый, а пробашч парафіі прывітаў удзельнікаў, распачалася святая Імша, падчас якой гамілію прамовіў пробашч магілёўскай катэдры ксёндз Уладзімір Русак.

Прапаведнік падкрэсліў, што ўзорнае жыццё святога Казіміра было напоўнена нягодамі і спакусамі, якія ён пераадольваў дзякуючы малітве і Божай ласцы, якія таксама ўмацоўвалі яго еднасць з Богам.

Напрыканцы ўрачыстай Імшы, у якой прынялі ўдзел вернікі з трох магілёўскіх парафій, мясцовыя святары, тры дамініканкі з Віцебска і сёстры місіянеркі Святой Сям’і, прагучала шмат слоў падзякі, і вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Казіміра.

Наступнай падзеяй свята стала прэзентацыя-канферэнцыя, падчас якой Ніл, студэнт-эканаміст, які захапляецца гісторыяй, прадставіў гісторыю парафіі і старога касцёла святога Казіміра, падмурак і фрагменты сцен якога, якія датуюцца перыядам барока, дагэтуль можна знайсці ў цэнтры Магілёва.

Пасля прэзентацыі адбыўся выступ айца Міхала Ермашкевіча OP «Пра мастацтва памірання» (Ars Morendi), змест якога быў узяты з працы дамініканіна XIV стагоддзя, благаслаўлёнага Генрыха Сузо.

Свята завяршылася шчодра застаўленым сталом, падрыхтаваным парафіянамі, — смачнай ежай, спажыванне якой суправаджалася шчырымі размовамі і радаснымі сустрэчамі.

Варта адзначыць, што ўдзельнікі свята атрымалі маленькія, зробленыя ўручную імбірныя ключыкі святога Казіміра. З ключамі звязана легенда, згодна з якой жыхары польскага горада Радама, дзе некаторы час жыў каралевіч, перадалі святому Казіміру ключы ад касцёла святога Яна Хрысціцеля, каб ён мог уваходзіць і маліцца ў любы зручны для яго час. Сімвалічны салодкі ключ, які прапанаваў спрабаваць пробашч парафіі, можа заахвоціць вернікаў да больш глыбокага ўдзелу ў касцёльнай літургіі і ўзяць на сябе адказнасць за жыццё сваіх парафій.

«Няхай святы Казімір заступаецца перад Богам за кожнага з нас, асабліва за дзяцей і моладзь, і выпрасіць нам ласку жывой веры, нязменнай надзеі і глыбокай любові да Бога і бліжняга»,

пажадаў прысутным на завяршэнне свята пробашч.