Skip to main content

У Бараўлянах святочна адзначылі урачыстасць святога Яна Боско

1 лютага
  • 5 лютага, 2026
  • Тэкст: Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC / Фота: з архіва парафіі //
  • Паводле Sdb.by

1 лютага ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, якой апякуюцца салезіяне, святочна адзначылі урачыстасць святога Яна Боско, заснавальніка і заступніка салезіянскай сям’і.

Свята распачалося са святой Імшы, якую ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

У гаміліі ксёндз Віктар, разважаючы над Евангеллем, падкрэсліў: вельмі сімвалічна, што словы Хрыста аб благаслаўленнях ўзгадваюцца ў Евангеллі менавіта ў дзень, калі мы ўшаноўваем святога Боско, які ўсё жыццё прысвяціў збаўленню моладзі.

Казанне на гары Езуса тэолагі часта называюць «канстытуцыяй новага Валадарства». Езус не абяцае сваім паслядоўнікам жыцця без цяжкасцей — наадварот, Ён называе шчаслівымі тых, хто знаходзіцца ў цэнтры чалавечых пакут: бедных, плачучых, прагнучых справядлівасці, міратворцаў.

Гэта не ідэал для назірання, а запавет жыцця ў рэальнасці, дзе ёсць боль і нясправядлівасць. Божае благаслаўленне — гэта падтрымка, якая дапамагае прайсці праз цяжкасці, не зламаўшыся і не страціўшы любоў.

Святы Ян Боско стаў для хлопцаў з беднага Турына жывым увасабленнем гэтай «канстытуцыі». Ён не чытаў маралі, а канкрэтна дапамагаў:

  • бедным даваў прытулак, ежу, адукацыю і прафесіянальныя навыкі;
  • тым, чый голас не чуюць, вяртаў годнасць і магчымасць быць пачутым у Араторыі;
  • прагнучым справядлівасці даваў інструменты, каб змяніць свой лёс;
  • тым, хто змагаецца за чысціню сэрца прапаноўваў сяброўства, малітву і падтрымку супольнасці.

Ян Боско пераклаў слова Хрыста на мову дзейнасці, стаўшы для кожнага хлопца знакам таго, што Бог бачыць яго пакуты і ідзе яму насустрач.

Напрыканцы гаміліі, звяртаючыся да сабраных, ксёндз Віктар Гайдукевіч прамовіў наступныя словы:

«Няхай салезіянская харызма дапаможа нам — салезіянскай сям’і і ўсім, хто жыве духам ксяндза Боско, — зрабіць адну простую, але радыкальную рэч: стаць для моладзі і для тых, каго жыццё прыпёрла да сцяны, не маралістамі і суддзямі, а жывым благаслаўленнем, людзьмі, праз якіх Бог кажа: “Ты не адзін. Ты не зламаны. Ты не страчаны. Ты яшчэ можаш. І Я цябе віншую, што ты не здаўся”».

Пасля гэтага перад алтаром тры новых кандыдата і адзін новы аніматар далі абяцанні аніматара. Маладыя людзі паабяцалі Богу і Касцёлу служыць дзеля дабра дзяцей і моладзі ў духу святога Яна Боско. Таксама прадстаўнікі трэцяй галіны салезіянскай сям’і — салезіяне супрацоўнікі — аднавілі свае абяцанні жыць згодна з праграмай апостальскага жыцця.

Пасля завяршэння святой Імшы свята працягнулася ў араторыі імя святога Дамініка Савіо, які дзейнічае пры парафіі. Там прайшла святочная праграма. Усе сабраныя апынуліся ў сне святога Яна Боско, у якім ён бачыў Бараўляны. У гэтым сне святы пазнаёміўся з супольнасцю, а АDMA (Асацыяцыя шанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў), аніматары, савіо-клуб і салезіяне супрацоўнікі паказвалі свае нумары, нібыта рэкламуючы суполкі.

Завяршылася свята супольным спевам пра святога Яна Боско, малітвай і салодкім сталом.