Skip to main content

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі: аб дзяцінстве, пакліканні і крызісах у грамадстве. Першае вялікае інтэрв’ю іерарха (+ВІДЭА)

  • 31 студзеня, 2026
  • Фота: Стоп-кадр: Youtube-канал “Pax_tv_official” // Catholicminsk.by

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам дыяцэзіі Табаікары. А 1 лютага 2014 ён атрымаў біскупскае пасвячэнне.

З нагоды 12-годдзя біскупскага служэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, якое будзе адзначацца 1 лютага, на Youtube-канале PAX TV выйшла першае вялікае інтэрв’ю з іерархам.

PAX TV — гэта праект, які знаёміць аўдыторыю з духоўным і матэрыяльным светам. Яго заснавальнікам і вядучым з’яўляецца ксёндз канонік Юрый Санько — каталіцкі святар, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску.

«Апостал» — гэта першы выпуск з маштабнага цыклу дакументальных інтэрв’ю з ключавымі фігурамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Падчас інтэрв’ю, якое на відэа доўжыцца 2 гадзіны, ксёндз Юрый імкнуўся раскрыць асобу, пазнаць шлях узрастання ў веры і думкі галоўнага героя — беларускага іерарха — праз глыбокія пытанні і дыялог. Разам с арцыбіскупам ён наведаў месцы, дзе будучы арцыпастыр нарадзіўся і вырас. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі расказаў гісторыю свайго жыцця і служэння, а таксама пра тое, як зараз выглядае яго звычайны дзень.

Інтэрв’ю атрымалася дынамічным, сучасным, а галоўнае — сумленным. Гэта цэлае падарожжа па значных месцах жыцця героя — ад двара дзяцінства да працоўнага кабінета.

Як сям’я арцыбіскупа адрэагавала на яго рашэнне пайсці ў духоўную семінарыю? Як змянілася яго жыццё пасля таго, як ён стаў Мітрапалітам? Дзе ён жыве і як выглядае яго звычайны дзень? Які галоўны жыццёвы прынцып Мітрапаліта?

На гэтыя і іншыя пытанні можна атрымаць адказы падчас прагляду відэаінтэрв’ю.

Цытаты Мітрапаліта, узятыя з інтэрв’ю

1. «Я працаваў на камбайне 2 сезона — на камбайне Ніва СК-4. Намалаціў 385 тон, як сёння памятаю. Гэта нямала і няшмат… Я не быў на 1 месцы, але (важны) быў сам працэс, што я ўдзельнічаю ў збіранні хлеба, і гэты хлеб трапіць, скажам, на стол людзей і ў дзіцячыя дамы. (…) Мне Бог даў такога святара, ксяндза Казіміра Жыліса, які ў 14 гадоў запытаў мяне: “Ці не хочаш ты стаць святаром?” І вось гэта было новае адкрыццё: тое, што я планаваў, тое, аб чым думаў і марыў, а ён кажа — яшчэ адно».

2. «Трэба прызнаць, што з нашай парафіі (выйшла) вельмі шмат святароў. У нашай парафіі найбольш было 962 чалавекі. (…) Парафія маленькая. Потым яна ўсё змяншалася і змяншалася, сёння яшчэ менш, але ў нас шмат святароў. Унукі, якія сюды прыязджалі да бабулі на канікулы, таксама сюды бегалі, а сёння яны святары».

3. «У дыяцэзіяльным ўпраўленні (курыі) усё павінна быць як у гадзінніку. Кожны за сваю працу адказвае, робіць, тады праца ідзе, і ўсё атрымліваецца і здзяйсняецца своечасова».