Skip to main content

Біскуп Касабуцкі віншуе супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ з нагоды літургічнага ўспаміну святога Францішка Сальскага, апекуна каталіцкай прэсы

24 студзеня

24 студзеня ўспамін свайго нябеснага апекуна адзначаюць журналісты, рэдактары і пісьменнікі. У 1923 годзе Папа Пій ХІ абвясціў святога Францішка Сальскага апекуном каталіцкай прэсы.

З гэтай нагоды хачу павіншаваць усіх супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ нашай краіны і, перш за ўсё, падзякаваць за тую вялікую і самаахвярную працу, якую вы выконваеце, не шкадуючы ўласных сіл і часу, дзеля абвяшчэння Евангелля сучаснаму чалавеку, прадстаўлення вучэння і жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў свеце, выкарыстоўваючы сучасныя формы камунікацыі.

Падчас ІІ Ватыканскага Сабору быў прыняты дакумент Inter Mirifica (1963), у якім СМІ былі названыя «цудамі сучаснага свету», якія выконваюць вялікую ролю ў распаўсюджванні Евангелля, і прагучаў заклік да іх выкарыстання ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі, заахвочваючы да творчых «апостальскіх» праектаў у гэтай сферы.

Папа Францішак прасіў, каб праца каталіцкіх СМІ дапамагала лячыць раны сэрца сучаснага чалавека, каб давер і надзея маглі расці і павялічвацца ў самых нечаканых месцах.

Папа Леў XIV працягвае вучэнне сваіх папярэднікаў, падкрэсліваючы фундаментальную ролю СМІ ў фарміраванні грамадства, а таксама заклікае да адказнасці і служэння агульнаму дабру ў духу міру і салідарнасці. Ён таксама заахвочвае працаўнікоў каталіцкіх СМІ спалучаць працу з малітвай і быць «сеяцелямі добрых слоў», будуючы масты і несучы адзінства.

Хачу пажадаць усім супрацоўнікам каталіцкіх СМІ ў нашай краіне быць сучаснымі «вуснамі» апосталаў, якія выконваюць загад Хрыста ісці і абвяшчаць Евангелле усякаму стварэнню, сеяць зерне Божага слова ў сэрцах, якое прынясе плод веры, надзеі і любові. Сіл, моцы духа, энергіі, а таксама усіх патрэбных Божых ласкаў для выканання гэтай місіі!

✠ Біскуп Юрый Касабуцкі
Старшыня Рады па сродках масавай камунікацыі пры ККББ