Арцыбіскуп Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні 80-годдзя ксяндза Альгіса Паўлікаса
- 21 студзеня, 2026
- Фота: кс. кан. Юрый Марціновіч // Catholicminsk.by
20 студзеня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат) адзначыў свой 80-гадовы юбілей ксёндз Альгіс Паўлікас. Урачыстае святкаванне адбылося з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.
Іерарх асабліва звязаны з юбілярам дзякуючы Каўнаскай духоўнай семінарыі ў Літве, у якой у розны час праходзіла іх святарская фармацыя, а таксама роднай для арцыпастыра парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад), дзе святар доўгі час знаходзіўся, дапамагаючы пробашчу ў душпастырскім служэнні.

Ксёндз Альгіс Паўлікас нарадзіўся ў Літве, дзе адчуў пакліканне да святарскага служэння. Пасля прыняцця святарскага пасвячэння выразіў згоду на просьбу вернікаў служыць у Беларусі. Апроч Адэльска, ён нёс служэнне ў суседняй парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры. Некалькі апошніх гадоў святар пражывае ў Каменцы ў доме, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).
На святкаванні прысутнічалі таксама біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары з Гродзенскай дыяцэзіі, законныя сёстры і мясцовыя вернікі, а таксама жыхары Дома міласэрнасці.
Урачыстую святую Імшу падзякі за дар жыцця ксяндза Паўлікаса ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх параўнаў юбіляра з евангельскім сейбітам: «Ён выйшаў, каб сеяць слова Евангелля. Сеяў яго ў душы людзей з амбоны. Сеяў ля алтара, прыносячы некрывавую Эўхарыстычную Ахвяру. Сеяў у спавядальні. Сеяў ля бальнічнага ложка і ля сямейнага агменю. Сеяў у радасці і ў горы. Ён выходзіў сеяць, не пытаючыся, якая глеба яму сустрэнецца — камяністая, цярністая або ўрадлівая. Ён проста сеяў, давяраючы Богу рост». І такая сяўба, па словах прамоўцы, прынесла шчодры плён — «не ў гучных поспехах, а ў ціхіх і верных сэрцах, якія навучыліся любіць Бога; у дзецях, якіх хрысціў і прывёў да першай споведзі; у моладзі, якой дапамагаў знайсці сэнс жыцця; у пажылых і хворых, якіх суцяшаў; у зняволеных, якім пісаў лісты духоўнай падтрымкі і дасылаў духоўную літаратуру». Плён «сяўбы» ксяндза Альгіса — «гэта вернікі парафій у Літве і Беларусі, іх сем’і і супольнасці»; «гэта само яго жыццё, пражытае як дар».

Арцыпастыр нагадаў, што апостал Павел называе служыцелей Хрыстовых «распарадчыкамі Божых таямніц» (1 Кар 4, 1-2), і заўважыў, што ксёндз Альгіс з’яўляецца такім распарадчыкам: «Ён хрысціў, раздаваў вернікам Цела і Кроў Хрыста, адпускаў грахі, благаслаўляў» і «рабіў гэта не як уладальнік, а як пакорлівы слуга, разумеючы веліч даручанага яму дару». Жыццё гэтага святара, паводле прамоўцы, — «гэта жыццё галіны, моцна злучанай з лазой-Хрыстом» (пар. Ян 15, 1-8). «З гэтай лучнасці ён чэрпаў сілы ў хваробе, у стомленасці і ў выпрабаваннях. З гэтага саюза вынікала тая любоў, якой ён дзяліўся з вернікамі», — падкрэсліў ён.
Іерарх выказаў патройную падзяку:
- «Богу, які адарыў дарам жыцця і паклікаў да святарства <…> юбіляра»;
- «самому ксяндзу Альгісу за тое, што не праігнараваў гэты заклік, адказаў “так, Пане, вось я, пашлі мяне” і быў верны гэтаму “так” усе дні свайго жыцця»;
- «яго бацькам, якія перадалі Божы дар жыцця, настаўнікам, усяму Касцёлу, якія ўзгадавалі ў ім гэтае пакліканне».
У завяршэнне гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу, што 80 гадоў — гэта не фінішная прамая, а новы пачатак, у якім сейбіт можа спакойна і радасна сеяць далей. Іерарх пажадаў юбіляру на гэтую далейшую «Божую сяўбу» апекі і ласкі ад Бога, здароўя, а таксама каб так, як святы Павел, пасля зямнога жыцця «атрымаў вянок справядлівасці» (пар. 2 Цім 4, 7-8).

Напрыканцы Імшы ксяндза Альгіса Паўлікаса павіншаваў біскуп Кашкевіч і парафіяне з Каменкі. Адказваючы на зычэнні, юбіляр запэўніў жыхароў дома і ўсіх прысутных, што больш ніколі не прапусціць аніводнай магчымасці зрабіць учынак міласэрнасці. Затым ён падзякаваў за апеку сястры Фаўстыне Цыдзік і ўсяму персаналу Дома міласэрнасці.














