Бэтлеемскі агонь прыбыў у галоўную каталіцкую святыню сталіцы
- 20 снежня, 2025
- Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by
18 снежня ў Гродна прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме. У наступны дзень ён прыбыў у сталіцу Беларусі.
За распаўсюджванне гэтага «святла надзеі» па Беларусі адказны рух каталіцкіх скаўтаў — парафіяльныя групы, якія дзейнічаюць у Гродне, Жодзіне, Івянцы, Мінску, Полацку і іншых гарадах Беларусі. Сёлета яны выконваюць сваю місію ў 17-ы раз.
Першым пунктам, куды даставілі яго скаўты, стаў катэдральны касцёл святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. Агонь з Бэтлеему трапіў туды якраз 18 снежня ўвечары.
19 снежня адбылося ўрачыстае ўнясенне Бэтлеемскага агню ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе яго сустрэлі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, які ў гэтыя дні праводзіў адвэнтавыя рэкалекцыі для вернікаў мінскай архікатэдры, а таксама святары, якія служаць у парафіі.
Атрымаўшы ад каталіцкіх скаўтаў з парафіі святога Яна Евангеліста прыгожа аздоблены адмысловы ліхтар з жывым агнём, біскупы ўнеслі яго ў святыню і змясцілі каля алтара. Кожны прысутны мог запаліць ад святла міру свае свечкі, занесці дамоў і памаліцца ў коле сям’і і блізкіх, просячы ў Бога благаслаўленне і дар супакою.
Падчас святой Імшы біскуп Андрэй Зноска прамовіў рэкалекцыйнае казанне, заклікаючы біблійных прарокаў стаць для вернікаў сведкамі вернасці Божаму слову.
— адзначыў іерарх.
Бэтлеемскае святло сёлета будзе ўнесена ў больш за 150 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій. Скаўты аб’едуць амаль усю краіну, імкнучыся падзяліцца святлом міру і асвятліць сэрцы як мага большай колькасці вернікаў па ўсёй Беларусі.
Пазнаёміцца з поўным спісам парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія прымаюць Бэтлеемскі агонь міру, можна ТУТ>>>




















