ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: На месцы былога касцёла ў Гарадку біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў новы крыж
- 19 верасня, 2025
- Тэкст: Кацярына Савянок / Фота: Эрык Савянок, Таццяна Шумель, бр. Андрэй Жылевіч OFMCap // Catholicminsk.by
У нядзелю 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, на месцы былога касцёла ў Гарадку (Маладзечанскі дэканат) адбылася святая Імша з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага, падчас якой былі асвечаны новы крыж і палявы алтар.
У цэлебрацыі ўдзельнічалі ксёндз Павел Шылак, пробашч парафіі ў Красным, а таксама капуцыны: брат Андрэй Жылевіч OFMCap, брат Уладзіслаў Мінько OFMCap, брат Сяргей Гусар OFMCap, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. На свята сабралася некалькі дзясяткаў вернікаў з мясцовай парафіі і гасцей, сярод якіх былі дызайнер-каваль Марыя Тарлецкая, аўтар новага крыжа, старшыня сельскага выканкама Верацейка Мікалай Канстанцінавіч, свецкі дырэктар «Радыё Марыя Беларусь» Яўгенія Найдовіч.
Перад літургіяй гісторык Таццяна Шумель распавяла прысутным пра цікавыя моманты жыцця гарадоцкай парафіі і былога касцёла, а таксама пра валанцёрскі праект па ўпарадкаванні гэтага месца.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Гарадку непрацяглая. Першыя звесткі пра вернікаў каталіцкага веравызнання на гэтай зямлі сустракаюцца ў 1744 годзе. Доўгі час вернікі Гарадка і ваколіц належалі да Хоўхлаўскай, а затым да Груздаўска-Аборкаўскай парафіі. У 1914 годзе было дазволена будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Граф Бэнэдыкт Ян Тышкевіч ахвяраваў зямлю пад будаўніцтва касцёла. Мясцовы жыхар Эдмунд Бахарэвіч выдаткаваў на справу будаўніцтва палову неабходнай сумы, астатнія грошы сабралі у межах аборкаўскай парафіі.
Першая сусветная вайна, а пасля і цяжкія паслярэвалюцыйныя гады спынілі будаўніцтва касцёла. Асвячэнне святыні адбылося толькі праз 15 гадоў, 29 жніўня 1929 года, ва ўспамін Мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля. Асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага, які служыў тут у 1925-1929 і 1929-1934 гг. Ён развіў энергічную дзейнасць і фактычна сам давёў будаўніцтва касцёла ў Гарадку да завяршэння.
За часы функцыянавання святыні колькасць католікаў вырасла з 7 чалавек у 1921 годзе да 2175 у 1935 годзе.
Апошнім святаром касцёла быў Віктар Гагалінскі (1940-1943 гг.). У канцы верасня 1943 года, атрымаўшы папярэджанне аб пагражаючым яму арышце, ён пакінуў парафію і пераехаў у Вільню.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны святыня была знішчана.

Пачатак новага этапу ў жыцці парафіі па ініцыятыве ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага быў пакладзены ў 1995 годзе, калі на месцы старога касцёла ўсталявалі крыж, які стаў знакам Божай прысутнасці і абяцаннем адраджэння. З 2004 года гэтым месцам сталі апекавацца браты з Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў. Цэлы год святая Імша цэлебравалася ў звычайнай вясковай хаце, якая належала парафіянцы Леакадзіі Зянько. Затым вернікам аддалі будынак былой гаспадарчай крамы, які з часам быў перабудаваны ў капліцу. Адбудовай займаліся брат Тадэвуш Кавальскі OFMCap і брат Генрых Кучынскі OFMCap. Да сённяшняга дня кожную нядзелю і святы ў капліцы адбываецца святая Імша, якую праводзяць браты капуцыны з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне.
Каля крыжа, на месцы былога касцёла, святыя Імшы цэлебраваліся зрэдку. А само месца і рэшткі касцёла да нядаўняга часу знайсці было няпроста. Фундамент настолькі зарос расліннасцю, што яго не было бачна.
Але дзякуючы праекту па ўпарадкаванню гэтай тэрыторыі, які распачаўся сёлета 1 мая у дзень святога Юзафа рамесніка і завяршыўся 13 верасня ў дзень успаміну святога Яна Хрызастома, было зроблена шмат працы па расчыстцы рэшткаў падмурка, упарадкаванню тэрыторыі вакол былога касцёла і месцаў пахавання.
Замест старога крыжа быў усталяваны новы крыж, спецыяльна распрацаваны для гэтага месца у форме абрысаў Гарадоцкага касцёла. Гэта дызайнерскі праект скульптара-каваля Марыі Тарлецкай, аб якім яна марыла з 2002 года, калі яшчэ вучылася ў Акадэміі мастацтваў.

Кіраўнік праекта Таццяна Шумель падзялілася сваімі ўражаннямі:
«У першы дзень на працягу амаль 8 гадзін мы ачышчалі падмурак і ўнутраную частку касцёла, высякалі маладыя парасткі і сухастой, вызвалялі ад галля і смецця пахаванні… Збіраліся мы на гэтым месцы 9 разоў! І сёння сярод нас тут прысутнічаюць героі, якія ўсе гэтыя 9 разоў былі тут! Кожны раз далучаліся таксама і новыя валанцёры розных узростаў: самаму маленькаму з іх — 6 гадоў, а самаму старэйшаму — 66. Разам мы заклалі Алею Надзеі — радок маладзенькіх елачак, якіх выпадкова аказалася 33 (ці гэта не сімвалічна?). Гэта сімвал нашай веры і адзінства, дзе кожны наш крок нагадвае, што мы не сам-насам, з намі Бог. Там, дзе людзі прыходзяць з адкрытымі сэрцамі, узнікае сапраўдная сіла супольнасці: “…бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх” (Мц 18, 20). І гэта адчувалася на працягу ўсіх нашых сустрэч — у кожным позірку, прывітанні, працягнутай руцы, усмешцы.
(…) І сёння парафія ў Гарадку налічвае 7 вернікаў, як у тыя далёкія 1920-я гады. Але, на самай справе, усе, хто ўжо дакрануўся ці яшчэ дакранецца да гэтага святога месца, лічаць яго сваім… Нашай працы яшчэ чакае крынічка са святой вадой…»
Брат Андрэй Жылевіч OFMConv адзначыў: «Менавіта тут, у Гарадку, мы сёння можам адчуць вялікую любоў Бога да чалавека. Нават калі ў гэтым месцы няма сцен касцёла, то Касцёл — гэта мы. Гэта нашы сэрцы, нашы душы, якія яднаюцца сёння ў вяках з тымі, хто перад намі тут жыў, працаваў, будаваў і маліўся».

Напачатку святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў новы крыж і палявы алтар.
Падчас гаміліі іерарх распавёў гісторыю ўзнікнення свята Узвышэння Святога Крыжа, звязаную з гістарычнай падзеяй адшукання крыжа, на якім памёр Збаўца.
У часы Хрыста, паводле слоў біскупа, крыж быў прыладай ганебнай смерці. Пакаранні праводзілі наўмысна недалёка ад населеных пунктаў, каб жывыя бачылі і баяліся здзяйсняць злачынствы. Адразу пасля смерці Хрыста яго вучні не мелі яшчэ глыбокага разумення вартасці крыжа і жадання ўшанаваць яго. Пасля таго, як цела Хрыста было знята з крыжа, гэтыя драўляныя бэлькі былі скінуты жаўнерамі ў бліжэйшую яму і закіданы камянямі. Пасля ў І стагоддзі Ерузалем быў разбураны, а ў 135 годзе рымскі імператар Адрыян загадаў збудаваць на руінах горада рымскую калонію — горад Элія Капіталіна, а на месцы пахавання Збаўцы рымляне паставілі язычніцкі храм Венеры.
Толькі праз тры стагоддзі хрысціянскія тэолагі паступова прыйшлі да разумення, што крыж — гэта алтар, на якім Хрыстус склаў сябе ў ахвяру за збаўленне свету і перамог смерць. Праз гэта крыж, прылада смерці, змяніла сваю функцыю — стала прыладай жыцця і збаўлення чалавека.

Біскуп падкрэсліў, што ўпарадкаванне месца былога касцёла ў Гарадку — гэта ўжо трэці праект, чарговы пасля аднаўлення касцёла ў Хоўхлаве і ўпарадкавання руінаў касцёла ў Дубраве, «маторам» якога, як і папярэдніх праектаў, з’яўляецца Таццяна Шумель. Пастыр правёў паралель паміж рознымі гістарычнымі эпохамі, запрашаючы прысутных «перанесціся ў думках на 1700 гадоў назад у часы, калі Рымскай Імперыяй кіраваў Канстанцін Вялікі. Яго маці, святая Алена, стала такім “маторам” у справе адшукання Крыжа Пана».
Іерарх распавёў, што Алена была хрысціянкай і выгадавала сына ў павазе да Хрыста. У 326 г. яна, ужо пажылая жанчына, адважылася на далёкае падарожжа ў Святую Зямлю, каб знайсці Крыж Хрыста. Тады не было вядома, дзе дакладна яго шукаць, бо прайшло шмат часу. Відавочцаў ужо не было, не было і занатаваных звестак. Спадзяваліся, што сярод мясцовых жыхароў знойдзецца хтосьці, хто мог нешта ведаць пра яго. У апокрыфах мы можам прачытаць, што таксама, як і ў Гарадку, тое месца было ў заняпадзе. Пачаліся раскопкі: ў розных месцах даследчыкі раскідвалі каменне і знайшлі дрэва, на якім былі бачны сляды катавання. Праз пэўныя знакі і аздараўленні Бог аб’явіў, што гэта тое самае дрэва Крыжа. Крыж быў зноў узняты над зямлёй. На тым месцы была збудавана касцёл Адшукання Жыватворчага Крыжа (цяпер гэта частка святыні Гроба Пана), які быў асвечаны 14 верасня 335 года. Гэты дзень лічыцца днём узвышэння Святога Крыжа, днём яго ўшанавання.

— заўважыў біскуп Юрый.
Ён запэўніў, што Езус Хрыстус з крыжа хоча абняць кожнага з нас. Бо смерць на крыжы — гэта перш за ўсё праява Божай любові да чалавека. Езус, Бог і чалавек, які меў неверагодную моц здзяйсняць цуды, якому падпарадкоўваліся сілы прыроды, дазволіў сябе прыбіць да крыжа, каб кожны з нас на сваім уласным крыжы хваробаў, праблем, клопатаў і выпрабаванняў не быў адзін.
Сярэднявечныя тэолагі атаясамлівалі цвікі, якімі быў прыбіты Хрыстус, з грахамі. «Гэтыя нашыя грахі-цвікі трымаюць рукі Хрыста, не дазваляюць зрабіць тое, што Ён прагне — абняць нас, прыціснуць да Сябе, як матуля», — сцвердзіў пастыр і заахвоціў падчас малітвы перад крыжам успомніць пра свае слабасці, негатыўныя рысы характару, крыўду, злосць на кагосьці, боль. Тых людзей, якія задалі нам раны, варта ўзгадаць словамі Езуса: «Ойча, прабач ім!» — і прабачыць, памаліцца за іх, зрабіць для іх добры ўчынак. А ў тых, каго мы маглі пакрыўдзіць, — перапрасіць. Калі мы глядзім на крыж Езуса Хрыста, то атрымліваем лек ад нянавісці, злосці, крыўды, слабасцяў і набіраемся духа надзеі, што Езус чакае кожнага з нас і хоча аздаравіць.
— падсумаваў біскуп Юрый.

Напрыканцы літургіі біскуп Касабуцкі падзякаваў усім, хто спрычыніўся да добраўпарадкавання тэрыторыі і захавання гэтага кавалачка гісторыі і пажадаў удзельнікам, каб гэты праект быў не апошні, бо «такія месцы, дзе адкрываюцца цікавыя моманты гісторыі нашага краю, — гэта наша багацце».
Са словам звярнуўся да прысутных таксама Старшыня сельскага выканкама Верацейка Мікалай Канстанцінавіч, які, дарэчы, і сам меў дачыненне да працы па ўпарадкаванню гэтага месца. Ад імя жыхароў Гарадка і ад сябе асабіста ён павіншаваў прысутных са святам Узвышэння Святога Крыжа і падзякаваў усім, хто прымаў удзел ва ўпарадкаванні гэтай тэрыторыі: «Гэта будзе яшчэ адно прыгожае і цікавае гістарычнае месца Гарадка».
А далей усе ўдзельнікі ўрачыстасці перайшлі да самай смачнай — гастранамічнай часткі святкавання. Дым з водарам смажаных каўбасак ужо даўно распаўсюджваўся над прысутнымі, наганяў апетыт, а можа нават і прыспешваў малітву. І дзе яшчэ, як не ў такіх палявых умовах, найбольш адчуваецца блізкасць паміж людзьмі, калі і біскуп, і дзіця, і бабуля стаяць побач, смакуюць пачастунак і размаўляюць?!


















