Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас юбілейнай парафіяльнай урачыстасці ў Адэльску: Рабіць як мага больш дабра, каб быць для бліжніх хлебам
- 16 жніўня, 2025
- Фота: Юрый Чупрэта // Catholicminsk.by
У пятніцу 15 жніўня, калі ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафіяльны касцёл на сваёй малой радзіме — у Адэльску, дзе святкавалася адпустовая ўрачыстасць. Асаблівай нагодай для малітвы ў гэтай святыні было святкаванне 535-годдзя заснавання парафіі і юбілею 325-годдзя пабудовы касцёла.
На пачатку ўрачыстай святой Імшы дастойнага іерарха, прысутных святароў, кансэкраваных асоб, студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і вернікаў прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Віктар Мыслюк. Святар падкрэсліў, што ўдзельнікі ўрачыстасці знаходзяцца ў найстаражытнейшым драўляным касцёле ў Беларусі і заахвоціў іх да малітвы праз заступніцтва Унебаўзятай Маці Божай.

У гаміліі арцыпастыр адзначыў, што названыя даты з’яўляюцца для адэльчан добрай нагодай, каб ганарыцца сваёй багатай гісторыяй:
Далей іерарх сцвердзіў, што жыхары Адэльска невыпадкова выбралі Унебаўзятую Марыю сваёй Нябеснай Апякункай і узорам для наследавання, бо Яе сучаснасць — гэта будучыня, да якой мы прызначаны. Марыя як «зорка мора» ужо больш за пяць стагоддзяў вядзе нас праз узбуранае мора выклікаў розных эпох і вучыць на кожны Божы заклік адказваць «так».
У гаміліі было падкрэслена, што ў сваёй гісторыі адэльская парафія мела шмат прывілеяў, адзін з якіх (з 1601 года) прадпісваў прызначаць пробашчам у Адэльску аднаго з вікарыяў віленскай катэдры, што было для мясцовых вернікаў вялікім гонарам.
«Адэльчане не былі заможнымі, але хацелі быць багатымі Божай ласкай», — сказаў арцыпастыр.

Так было на пачатку стварэння парафіі, так было і цягам яе багатай і часам трагічнай гісторыі. У часы атэізму людзі мужна баранілі касцёл ад закрыцця. У час, калі ў парафіі не было сталага святара, яны збіраліся разам у касцёле, клалі арнат на алтар і так прамаўлялі малітвы. Гэта былі так званыя «народныя Імшы». Вернікі таемна катэхізавалі дзяцей, захоўваючы сваю веру падчас простых набажэнстваў, літаній, стацый Крыжовага шляху і гэтак далей.
«Так ёсць і сёння, у часы секулярызму, што паказваюць адпусты святога Антонія і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама іншыя набажэнствы. Усё гэта сведчыць пра глыбокую веру адэльчан, якія могуць ганарыцца тым, што з адэльскай парафіі выйшла чатырох біскупаў», — нагадаў слухачам арцыбіскуп.
Секулярызм — паводзіны чалавека без уліку Божых запаведзяў і касцёльных наказаў, — паводле яго пераканання, усё мацней уваходзіць у нашае жыццё і вядзе да крызісу веры, які, у сваю чаргу, выклікае іншыя крызісы. Гэта перад усім крызіс сям’і, пераказу Божага дару жыцця, упадку маральнасці, алкагалізму, наркаманіі, СНІДу і гэтак далей. «Вялікую трывогу выклікае амаральнае выкарыстоўванне дасягненняў генэтыкі. Працагалізм, калі чалавек па-за працай больш нічога не бачыць, нішчыць яго самога і негатыўна ўплывае на грамадства. Усё часцей узнікае праблема “выкаранення”. Дрэвы са слабымі каранямі падчас буры ламаюцца і падаюць. Таксама і чалавек не мае будучага без каранёў і сваёй гісторыі, быццам бы свет распачаў існаваць толькі сёння».
Чалавечая мудрасць прадстаўляе гэтыя і падобныя пагрозы ў сатырычным вершы, які прывёў прысутным арцыпастыр:
Медыцына палепшылася, а здароўе пагоршылася.
Чалавек паляцеў у космас, а дарогі да суседа не ведае.
Маёмасць павялічылася, а спакой знік.
Інтэлект развіўся, а мудрасць знікла.
Веды сталі большымі, а духоўныя каштоўнасці паменшыліся.
Сяброў стала больш, а давер знік.
Гадзіннікі сталі разнастайнымі, а час скараціўся.
Калісьці дамы былі глінянымі, а сэрцы — залатымі, цяпер дамы залатыя, а сэрцы — каменныя».
Як заўважыў іерарх, выклікі секулярызму негатыўна ўплываюць на моладзь, якая выхоўваецца «на інтэрнэце і сацыяльных сетках».

«Як хрысціяне мы павінны памятаць, што сучасныя амаральныя пагрозы не могуць засланіць надзеі, якая ёсць ў Хрысце. А Яго нам нясе Марыя, як некалі несла святой Альжбеце падчас яе адведзін, — пераканаўча прамовіў ён. — Нашыя продкі ў часы ганенняў не страцілі надзею і захавалі веру. Мы павінны ісці іх слядамі».
Паводле слоў арцыпастыра, юбілейныя даты — гэта не толькі ўспамін мінулага, але таксама заклік заглянуць у будучыню, якую неабходна будаваць на евангельскіх каштоўнасцях.
«Сённяшняе свята прыпамінае нам, што мы з’яўляемся спадкаемцамі мінулага і удзельнікамі эпохі, якую павінны пераказаць новым пакаленням, бо Касцёл вядзе нас ў шчаслівую вечнасць», — запэўніў ён, нагадаўшы словы старажытнага рымскага філосафа Сенэкі, які казаў: «Калі карабель не ведае, куды плыве, тады ні адзін вецер не будзе для яго спадарожным». Гэта азначае, што калі мы не ведаем, да якой мэты імкнемся ў сваім жыцці, то тады ўсё для нас з’яўляецца складаным і выступае супраць нас.
— заахвоціў іерарх. — Мы павінны пераказваць спадчыну веры маладому пакаленню і захоўваць сваю адэльскую хрысціянскую тоеснасць, каб нашая парафія была жывым Касцёлам, у якім мы дасканалімся ў святасці і цнотах»,

Ён заўважыў, што даволі высокі адэльскі касцёл выглядае маленькім у параўнанні з сучаснымі хмарачосамі. Але паміж імі ёсць сутнасная розніца. Калі сучасныя высокія будынкі дасягаюць хмараў, то касцёл — нябёсаў.
«У сітуацыі, калі шлях у будучыню няпэўны, мы павінны трымацца двух “поручняў”: Марыі і нашай гісторыі, каб паспяхова прайсці над прорвай сучаснасці і ісці далей у новае, светлае заўтра».
Сваю святочную гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гучным заклікам: «Адэльск, у імя Езуса, Марыі і святога Антонія, заставайся заўсёды Semper fidelis – “Верны Богу і традыцыі продкаў”!».

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Юбілейная адэльская ўрачыстасць была ўзбагачана традыцыйнымі дажынкамі. Земляробы прынеслі ў касцёл упрыгожаныя спапы жыта, дзякуючы Богу за сёлетні ўраджай. Яны разам з прынесенай вернікамі зелянінай была асвечана пасля прачытанай іерархам малітвы благаслаўлення.
























