Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас Імшы на распачацце ўрачыстасцяў Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне: «Хопіць плюскацца на духоўнай мелі! Неабходна выплысці на глыбіню»
- 5 жніўня, 2025
- Фота: Віктар Салдаценка // Catholicminsk.by
5 жніўня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца ўспамін Маці Божай Кангрэгацкай, цудатворны абраз якой знаходзіцца ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя. З гэтай нагоды з 4 па 5 жніўня ў гродзенскай катэдры адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Маці Божай.
Урачыстую Імшу, якой распачаліся ўрачыстасці пры бочным алтары, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай, ці, як Яе яшчэ называюць, Студэнцкай, узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі ён падкрэсліў, што святкаванне адбываецца ў 2025 юбілейным годзе надзеі, у 320-годдзе прыбыцця цудоўнага абраза ў гродзенскі фарны касцёл і ў 20-годдзе каранацыі абраза Маці Божай папскімі каронамі. Іерарх успомніў, што 28 жніўня 2005 года на пляцу каля пабернардынскага касцёла ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой ён, будучы тады арцыбіскупам у Маскве, прамовіў адмысловую гамілію на беларускай мове.
— сцвердзіў арцыпастыр.

У далейшых разважаннях ён аднёсся да Евангелля аб укрыжаванні Езуса як найважнейшым моманце ў гісторыі чалавецтва. Езус як Новы Адам, паводле яго слоў, выбавіў людзей з палону граху: «Тады з дрэва крыжа Езус даў нам сваю Маці, каб была нашай духоўнай Маці. Хрыстус навучыў нас малітве “Ойча наш”, у якой Ён назваў Бога “нашым Айцом”, а з дрэва крыжа даў нам сваю Маці, каб мы не былі сіротамі».
Арцыпастыр нагадаў, што гісторыя Касцёла і свету моцна звязана з Марыяй, праз якую вернікі атрымліваюць шчодрыя ласкі і дары. «Аднак, нягледзячы на гэта, мы з’яўляемся сведкамі спаборніцтва за стыль жыцця без Бога, этыкі і маральных прынцыпаў, што вядзе да самазнішчэння» — заўважыў ён.
— такое параўнанне ўжыў арцыбіскуп у адносінах да цяперашняй сітуацыі.
Сучасны свет, паводле яго, характарызуецца новымі магчымасцямі і адначасова барацьбой дабра са злом. Іерарх папярэдзіў слухачоў, што сучасныя тэхналогіі часта выкарыстоўваюцца ў амаральных мэтах і дамінуюць над этыкай, у выніку чаго свет перажывае крызіс веры, які праяўляецца ў крызісе сям’і, пераказу Божага дару жыцця, маральнасці, узаемнай любові, міласэрнасці, міру і справядлівасці і гэтак далей.

Арцыбіскуп сцвердзіў, што Касцёл у Беларусі багаты традыцыямі, даверам да Маці Божай і верай, якую трэба пастаянна паглыбляць і ажыўляць. Ён багаты людзьмі, якія вераць у Бога, моляцца, каюцца за грахі і выпраўляюць зло, якога так шмат у іх, у грамадстве і ва ўсім свеце.
«Багаццем нашага Касцёла з’яўляецца народ, які не страціў веры ў часы ганенняў, і які сёння, у часы секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, змагаецца за яе чысціню», — сказаў іерарх. — «Багаццем краіны з’яўляецца нацыя, і мы павінны клапаціцца пра яе дабрабыт, зыходзячы з маральных прынцыпаў. Таму першаснай задачай з’яўляецца выхаванне новага чалавека на прынцыпах Евангелля. Перспектыва маральнага адраджэння нацыі крыецца ў нас саміх. Для гэтага неабходна распачаць ад навяртання саміх сябе, на што звяртае ўвагу Папа Леў XIV».
Арцыпастыр рашуча падкрэсліў, што нельга сённяшнім веруючым людзям рабіць выгляд, што ўсё добра, не заўважаючы, як секулярызм выціскае веру з публічнай сферы жыцця. Трэба як найхутчэй выкарыстаць супрацьяддзе, якім ёсць праўда Евангелля і сведчанне пра яе ў сучасным свеце.
— заклікаў іерарх.

Абнаўленне і сіла Касцёла, паводле пераканання арцыпастыра, не вынікаюць з прыняцця лібералізму ці кансерватызму, бо ні адно, ні другое не дапамагае і не ўмацоўвае веру. «Трэба пазнаваць Хрыста, Які ёсць дарога, праўда і жыццё. Ён наш адзіны Збаўца і наша сіла ў адзінстве з Ім», — заключыў ён.
«Стоячы пад крыжам Хрыста, услухаемся ў Яго словы: “Вось Маці твая”, якая нам кажа: “Не бойцеся, я з вамі” тут, у Беларусі і ў гродзенскай катэдры, дзе чалавечнасць сустракаецца з боскасцю, — падбадзёрыў прысутных іерарх. — Мы павінны памятаць, што новыя пагрозы не могуць зацьміць нашу надзею, якая ёсць у Хрысце, да якога, у сваю чаргу, нас вядзе Марыя — Маці надзеі. Яна прыносіць нам свайго Сына і Ягоную ласку, як некалі прынесла яе ў дом святой Альжбеты».
Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Кангрэгацкая Божая Маці, наша Валадарка! Мы — Твае дзеці. З Табой мы прабываем, верым і чуваем. Распалі ў нас промень надзеі! Будзь збаўленнем гродзенскага і беларускага люду і вядзі нас у новае, шчаслівае заўтра!»
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, што сталася пачаткам начнога чування пры цудадзейным абразе.