Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Калінінградзе падчас Пастырскай канферэнцыі: У аснове ўсялякай рэформы знаходзіцца духоўнае абнаўленне

15 мая
  • 15 мая, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: біскуп Клеменс Пікель, кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

14 мая арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч па запрашэнні біскупа Клеменса Пікеля, ардынарыя дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія), прыбыў у расійскі Калінінград. Сёлета менавіта там адбываецца юбілейная 25-я Пастырская канферэнцыя для духавенства і манаскіх асоб рымска-каталіцкай дыяцэзіі ў Саратаве пад назвай «Абнаўленне».

Калі арцыбіскуп Кандрусевіч быў ардынарыем архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве ў 1991-2007 гадах, ён часта наведваў гэты самы заходні абласны цэнтр Расійскай Федэрацыі, які належыць да вышэйузгаданай архідыяцэзіі.

15 мая арцыпастыр выступіў перад сабранымі ўдзельнікамі канферэнцыі ў касцёле святога Войцеха Адальберта ў Калінінградзе з рэфератам «Абнаўленне Каталіцкага Касцёла ў навучанні святога Яна Паўла ІІ». У ім беларускі іерарх падкрэсліў, што працэс абнаўленне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця распачаўся на ІІ Ватынскім Саборы.

«Ян Павел ІІ быў вялікім прамотарам гэтага працэсу, перадусім праз адказ на выклікі часу. Ён бачыў у нашай цывілізацыі сваесаблівую хваробу, якая ўкаранёна ў матэрыялістычнай аднабаковасці, у якой адсутнічаюць міласэрнасць і сумленне. Прычына гэтай хварбы крыецца ў прыніжэнні значэння рэлігійна-маральных прынцыпаў у жыцці сучасных людзей», — адзначыў арцыпастыр.

Вучэнне Папы Яна Паўла ІІ, паводле слоў іерарха, робіць акцэнт на абнаўленні Касцёла і свету праз перамяненне сэрца і штодзённага жыцця хрысціяніна: «Чалавек з’яўляецца шляхам Касцёла, які павінен бараніць чалавека і дапамагаць яму бараніцца ад самога сябе, найперш ад злоўжывання дарам свабоды. Для гэтага неабходна ў святле веры фармаваць сумленне чалавека і рыхтаваць яго да самастойнага і адказнага выбару».

Ян Павел ІІ падкрэслівае, што без Божай ласкі чалавеку цяжка змяніць сваё жыццё, бо існуе рызыка павярхоўнасці змен. Бог павінен быць крыніцай і мэтай навяртання і абнаўлення жыцця. Як Творца чалавека Ён надае сэнс яго жыццю, і без яго чалавек не можа ў поўнай меры спазнаць ні сябе, ні навакольны свет.

«Зварот да Бога і падпарадкаванне свайго жыцця патрабаванням Евангелля з’яўляюцца першымі ўмовамі абнаўлення ў Касцёле і ў жыцці вернікаў»,

— падкрэсліў арцыпастыр.

Важнай рысай абнаўлення Касцёла паводле Яна Паўла ІІ з’яўляецца годнасць чалавечай асобы. Абнаўленне паклікана служыць развіццю чалавека, каб праз яго свет мог убачыць Бога.

Папа таксама перасцярагаў, што калі рэформа Касцёла будзе канцэнтравацца толькі на яго знешняй дзейнасці, то існуе небяспека, што яна не закране душу і практыку жыцця вернікаў. Гэта, паводле пераканання арцыбіскупа Кандрусевіча, пагражае руцінай у пастырскай дзейнасці і ператварэнні Касцёла ў «Камбінат касцёльнага абслугоўвання» насельніцтва. Таму іерарх упэўнены, што Бог павінен быць у цэнтры ўсякага абнаўлення.

Адным з важнейшых элементаў вучэння святога Яна Паўла ІІ, згодна з выказваннем арцыпастыра, з’яўляецца заклік да адзінства і братэрства паміж людзьмі і рознымі веравызнаннямі.

Дастойны іерарх таксама звярнуў увагу слухачоў на тое, што праца па абнаўленні Касцёла працягваецца надалей. Аб гэтым навучалі Папа Бэнэдыкт XVI і нядаўна памерлы Папа Францішак. Першыя выступленні новаабранага Папы Льва XIV паказваюць, што ён прадоўжыць лінію абнаўлення Касцёла.

«Працэс абнаўлення нельга затрымаць, бо гэта выклік нашага часу. Аб гэтым сведчыць Сінод біскупаў аб сінадальнасці, вучэнне якога з’яўляецца новай адпраўной кропкай у далейшай рэалізацыі гэтага працэсу»,

— выразіў перакананне дакладчык.

«У сучасным секулярызаваным грамадстве, — працягваў арцыпастыр, — Касцёл сутыкаецца не столькі з ваяўнічым атэізмам, колькі са значна больш небяспечнай з’явай рэлігійнай абыякавасці і апатыі. У выніку гэтага расце колькасць людзей, якія не вызнаюць ніякай рэлігіі.

Таму неабходна памятаць, што ў аснове ўсялякай рэформы знаходзіцца духоўнае абнаўленне»,

— папярэдзіў іерарх.

Любая змена ў Касцёле павінна суправаджацца зменай мыслення людзей, іх менталітэту. Глыбокае, духоўнае і экзістэнцыянальнае вымярэнне веры, якая ўтварае «крывяносную сістэму» ў целе Касцёла, сілкуючы і злучаючы розныя яго часткі, павінна адлюстроўваць яе сістэматычнае ўзрастанне.

Напрыканцы рэферату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзяванне, што абнаўленне Касцёла дзеля адказу на выклікі часу і далейшай евангелізацыі свету будзе працягвацца, каб у будучыні ён быў здольны дапамагчы чалавецтву пераступіць парог надзеі.