Skip to main content

Пятая, юбілейная, малітва ў рамках сусветнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” з удзелам беларускіх іерархаў адбылася ў Жодзіна

18 кастрычніка
  • 21 кастрычніка, 2024
  • Паводле Samaranin.by

18 кастрычніка адбылася малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы”, якая, згодна з просьбай Папы Францішка, ужо пяты раз аб’яднала дзяцей з усіх дыяцэзій Беларусі.

Юбілейная ружанцовая малітва па традыцыі адбылася ў інтэнцыі супакою ва ўсім свеце. У  жодзінскі санктуарый Маці Божай Фацімскай прыбылі дзеткі з Мінска, Смалявічаў і Барысава, а таксама праз тэлемост была наладжана сувязь з дзецьмі  Бабруйска, Браслава, Баранавічаў і Гродна. Разам з дзецьмі маліліся на ружанцы іх бацькі, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі.

“Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” – сусветная ініцыятыва, якая першы раз адбылася ў 2005 годзе ў Венесуэле як адказ на заклік Маці Божай Фацімскай у 1917 г. маліцца на ружанцы ў інтэнцыі міру. Багародзіца таксама падкрэсліла, што вялікую моц мае шчырая малітва дзяцей. Арганізатарам акцыі з’яўляецца Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Яе галоўная мэта – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет.