16 сакавіка — гадавіна асвячэння мінскай архікатэдры
- 16 сакавіка, 2026
- Тэкст і фота: з адкрытых крыніц // Сatholicminsk.by
- msj.by
16 сакавіка 1710 года ў Мінску прайшло асвячэнне сённяшняга архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якое здзейсніў бiскуп Вiленскi Канстанты Казiмiр Бжастоўскi.
«Гісторыя мінскай архікатэдры — гэта гісторыя Каталіцкага Касцёла, а таксама і іншых веравызнанняў на нашай зямлі», — падкрэсліў аднойчы арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі у Мінску — касцёл, якому з цягам часу было прызначана стаць галоўнай каталіцкай святыняй Мінска, а пазней заняць ганаровае месца сярод каталіцкіх касцёлаў Беларусі, быў пабудаваны ў 1710 годзе як езіуцкая рэзідэнцыя. У 1773 годзе Таварыства Езуса было ліквідавана, і хоць на той час адзінай тэрыторыяй, дзе Ордэн езуітаў працягваў дзейнічаць, з’яўлялася Расійская імперыя, на сваю былую пляцоўку, калі Мінск адышоў да Расіі, законнікам вярнуцца не пашчасціла. Затое сам касцёл з моманту заснавання ў 1798 годзе Мінскай дыяцэзіі змяніў свой статус і стаў катэдральным касцёлам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. За яго апсідай быў узведзены трохпавярховы будынак духоўнай кансісторыі, у якім таксама жылі прэлаты і канонікі. Затым, калі кансісторыю перавялі ў комплекс былога францішканскага кляштара, тут размясціўся парафіяльны дом.
У выніку пажару 1797 года інтэр’ер святыні быў значна пашкоджаны, аднак ужо ў 1800 годзе, дзякуючы намаганням першага біскупа Мінскай дыяцэзіі Якуба Дэдэркі, яго не толькі поўнасцю абнавілі, але і ўзбагацілі. Касцёл рэканструяваўся таксама ў 1853-54 гадах пад кіраўніцтвам архітэктара Казіміра Хршчановіча. Скляпенні, сцены, паверхні калон і арак былі поўнасцю пакрыты сюжэтнымі і арнаментнымі фрэскамі, у асноўным працы Казіміра Анташэўскага. Сцены былі таксама ўпрыгожаны роспісамі І. Аляшкевіча і Ш. Чаховіча. Менавіта пэндзлю апошняга належалі абразы святой Барбары і святога Юзафа ў бакавых алтарах, якія з’явіліся замест знятых амбонаў, застаўшыхся ад езуіцкіх дыспутаў.

У 1869 годзе Мінская дыяцэзія была ліквідавана, і касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі апынуўся ў рангу парафіяльных. У канцы ХІХ стагоддзя Мінская Марыянская парафія налічвала да 8000 вернікаў, не лічачы яшчэ каля 5000 вернікаў, якія карысталіся філіяльнымі касцёламі ў Анопалі, Валчковічах, на Кальварыйскіх могілках у Мінску, а таксама капліцамі ў Гарадзішчы, Сеніцы, Пятроўшчыне, Шабунях.
Своеасаблівым сімвалам адраджэння стала з’яўленне над вежай былога калегіума адрэстаўраванага барочнага купала. Але ў 1934 годзе катэдральны касцёл зачынілі.
Падчас вайны касцёл нядоўгі час дзейнічаў, але ў 1947 годзе яго зноў закрылі. У 1951 годзе на будынку разабралі вежы, ліквідавалі аздабленне храма і ператварылі ў спарткомплекс таварыства «Спартак». І ўжо ў такім выглядзе касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Разам з крахам савецкай сістэмы наступіў канец і вандалізму. Ужо ў самым пачатку 1990-х гадоў на трэцім паверсе, пад самымі скляпеннямі, пачалі праходзіць першыя святыя Імшы. 15 снежня 1993 года будынак касцёла цалкам перадалі вернікам, і 5 лютага 1994 года чатырохметровы крыж над касцёлам паведаміў пра гэта ўсяму гораду. А ўлетку дзякуючы тады яшчэ біскупу Казіміру Свёнтку пачаліся складаныя рэстаўрацыйныя працы. Урэшце над сталіцай Беларусі зноў узвысіліся прыгожыя барочныя вежы катэдральнага касцёла і загучаў перазвон касцёльных званоў як сімвал адраджэння, ачышчэння, надзеі. Званы, як і раней, чатыры: самы вялікі — у гонар Маці Божай Будслаўскай, сярэднія — у гонар святога Яна Паўла ІІ і Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, маленькі — у гонар Сінода Беларусі. Яны размяшчаюцца па адным у вежавых ярусах.
21 кастрычніка 1997 года архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі быў урачыста паўторна асвечаны.