Skip to main content

15 цікавых фактаў пра заступніка каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі

  • 24 студзеня, 2024
  • кс. Павел Эйсмант

24 студзеня ў Касцёле адзначаецца ўспамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла. Мы вызначылі 15 цікавых фактаў, якія раскрываюць постаць святога.

  1. Нарадзіўся ў 1567 г. у замку Торэнс каля Жэневы (сёння гэта Швейцарыя) ў сям’і арыстакратаў, якія паходзілі ад герцагаў Савойскіх, будучы найстарэйшым сярод 13 дзяцей.
  2. Быў надзвычай здольным да навучання юнаком. У 15 гадоў паступіў адначасова ў Сарбонскі універсітэт і Езуіцкі калегіўм (Парыж). У першым вывучаў тэалогію і біблейскія навукі, а таксама грэчаскую і габрэйскую мовы, у другім спасцігаў азы класічных навук. Пасля гэтага, паводле патрабавання бацькі, паступіў у Падуанскі ўніверсітэт, дзе вывучаў свецкае і касцёльнае права. Сваю юрыдычную адукацыю звянчаў абаронай доктарскай дысертацыі.
  3. У юнацтве перажыў моцны крызіс веры. Падчас навучання ў Парыжы глыбока пранікся новым вучэннем пратэстанта Жана Кальвіна аб прадвызначэнні. Пад яго ўздзеяннем пачаў лічыць сябе прадвызначаным да вечнага асуджэння, з-за чаго трапіў у глыбокую дэпрэсію. Пасля ўнутранай барацьбы, якая доўжылася 6 тыдняў, выйшаў з гэтага стану дзякуючы адкрыццю ў Святым Пісанні Божай міласэрнасці і адданню сябе пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёле св. Стэфана дэ Грэ. Тады ж ён склаў пажыццёвы шлюб чыстасці і штодзённай ружанцовай малітвы.
  4. Быў адважным чалавекам. Пры вяртанні дадому пасля навучання яго бацька ўжо падрыхтаваў яму пасаду адваката ў Шамберы, а таксама хацеў ажаніць яго з багатай спадчынніцай Францішкай Сушэ дэ Мірабэль. Аднак ён рашуча адкінуў абедзьве гэтыя прапановы, выбраўшы шлях святарства.
  5. Быў каталіцкім місіянерам, хоць і не выязджаў на іншыя кантыненты. Са згоды мясцовага біскупа адправіўся ў акругу Шабле, каб умацаваць у веры мясцовых католікаў, а таксама паспрабаваць вярнуць тых, хто перайшоў на кальвінізм. Каб трапіць туды, быў вымушаны пераадольваць горы Альпы, вышыня якіх у гэтым месцы дасягала ажно 4000 м.
  6. Здабываў людзей для Хрыста і каталіцкай веры сваёй лагоднасцю. З лёгкасцю навязваў кантакт з простымі людзьмі, умеў іх пераконваць, нярэдка выкарыстоўваючы жарты і вясёлыя гісторыі. Будучы халерыкам па тэмпераменце, дзякуючы шматгадовай працы над сабой праяўляў да людзей асаблівую лагоднасць і дабрыню. Яго ветлівасць і тактоўнасць, гатоўнасць да дыялогу, называнне кальвіністаў “адлучанымі братамі” прывялі да таго, што яго сталі называць “свецкім сярод святых”. У зносінах з людзьмі ён прытрымліваўся прынцыпу: “Кропляй мёду можна злавіць больш мух, чым цэлай бочкай воцату”. Яму прыпісваецца вяртанне ў супольнасць Каталіцкага Касцёла некалькіх дзясяткаў тысяч кальвіністаў.
  7. Падчас сваёй місіянерскай дзейнасці выкарыстоўваў не толькі гукавыя, але і візуальныя інструменты ўздзеяння. Гэта азначае, што ён не толькі словам абвяшчаў сапраўднае вучэнне Хрыста. Праходзячы праз вёскі і мястэчкі, на агароджах і сценах дамоў расклейваў плакаты, на якіх змяшчалася ў скарачэнні тлумачэнне асноўных праўдаў веры. Магчыма, за гэта Касцёл яго выбраў заступнікам каталіцкіх журналістаў.
  8. У сваім місіянерскім запале не баяўся рызыкаваць сваім жыццём. Падчас місіі ў Шабле ён здолеў пазбегнуць некалькіх спроб пакушэння на сваё жыццё. Чатыры разы, пераапрануты ў свецкае адзенне, адпраўляўся ў Жэневу, дзе сустракаўся з галавой кальвіністаў Тэадорам Безэ, у надзеі пераканаць яго вярнуцца ў каталіцкую веру. На жаль, гэтыя візіты значнага поспеху не мелі.
  9. У 1602 г. стаў біскупам Жэневы. Вось яго дасягненні на біскупскай пасадзе:
    • Наведванне 450 парафій сваёй дыяцэзіі, размешчаных, у сваёй большасці, высока ў Альпах.
    • Рэформа катэдральнага капітула.
    • Наведванне кляштараў.
    • Падтрымка Брацтва Хрысціянскага Навучання як сродак барацьбы з ерасямі. Асновай навучання стаўся катэхізіс св. Роберта Бэлларміна.
    • Прапаведванне, спавяданне вернікаў, удзяленне сакрамэнтаў, размовы са святарамі, устанаўленне непасрэднага кантакту з вернікамі.
  10. Быў творцам новага ідэалу пабожнасці. Папулярызаваў унутранае духоўнае жыццё, якое раней практыкавалася толькі ў кляштарах, каб яно “паказвала дарогу тым, хто жыве ў свеце”.
  11. Быў заснавальнікам жаночага манаскага ордэну. У 1604 г. пазнаёміўся з Жаннай Францішкай дэ Шанталь, пры падтрымцы якой у Ансі заснаваў Ордэн Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі (сёстры візітанткі), які зацвердзіла Апостальская Сталіца.
  12. Быў каталіцкім пісьменнікам. Напісаў сусветна вядомы твор па хрысціянскай духоўнасці “Філатэя, або кіраўніцтва да пабожнага жыцця”, а таксама творы: “Адкрыты ліст да пратэстантаў”, “Тэатым, або трактат аб Божай любові” і інш., апроч гэтага каля 1000 лістоў. Яго творы, якія адрозніваюцца прыгожай мовай і стылем, належаць да класікі французскай літаратуры.
  13. Аж да смерці стараўся быць там, дзе ён быў асабліва патрэбен. Будучы ўжо цяжка хворым, адправіўся ў Авіньон на сустрэчу з каралём Францыі. Памёр у Ліёне, падчас вяртання ў Жэневу, у 1622 г. Адразу пасля смерці распачаўся яго культ сярод вернікаў.
  14. “Тытулы” св. Францішка Сальскага:
    • Благаслаўлёны (1661 г.).
    • Святы (1665 г.).
    • Доктар Касцёла (1877 г.).
    • Заступнік журналістаў і каталіцкай прэсы (1923 г.). Сёння ён лічыцца заступнікам усіх каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі, г.зн. газет, радыё, тэлебачання, інтэрнэт-старонак, сацсетак і г.д.
    • Заступнік манаскіх ордэнаў і кангрэгацый: візітантак, салезіянцаў і салезіянак кс. Яна Боска і інш.
    • Заступнік гарадоў: Ансі, Шамберы і Жэневы.
  15. Штогод у дзень літургічнага ўспаміну св. Францішка Сальскага адзначаецца Сусветны Дзень Сродкаў Масавай Камунікацыі. У гэты дзень Святы Айцец скіроўвае вернікам Касцёла сваё пасланне. Так, партал Vaticannews.va падае, што тэмай сёлетняга разважання папы Францішка былі словы: “Штучны інтэлект і мудрасць сэрца: для цалкам чалавечых адносін”.

Віншуем супрацоўнікаў каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі з іх прафесійным святам!