Skip to main content

105 падарункаў для 105 усмешак: валанцёры Caritas з Мінска падарылі свята дзецям у Расне

14 снежня
  • 16 снежня, 2025
  • Тэкст: Ірына Фаміна / фота: Юлiя Орлiкава // Catholicminsk.by

14 снежня, у самы разгар адвэнтавага чакання, валанцёры Caritas архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску здзейснілі сапраўдны цуд міласэрнасці. Яны пераадолелі доўгі шлях у аграгарадок Расна Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, каб падарыць незабыўнае свята для выхаванцаў Расненскай спецыяльнай школы-інтэрната.

Для 105 дзяцей з асаблівасцямі развіцця гэты дзень стаў адным з самых яркіх і радасных. Валанцёры падрыхтавалі насычаную праграму, якая нікога не пакінула абыякавым.

Усё пачалося з вясёлага канцэрта, на які завіталі нечаканыя госці — Міннi і Тыгр! Казачныя персанажы адразу сталі цэнтрам увагі: дзеці з захапленнем абдымаліся з імі і рабілі памятныя фотаздымкі.

Пасля канцэрта свята перамясцілася ў спартыўную залу, дзе дзяцей чакаў яшчэ адзін сюрпрыз — інклюзіўная гульнявая пляцоўка ад Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гульні і актыўнасці дазволілі кожнаму дзіцяці адчуць радасць руху ад супольнай забавы.

Але самым кранальным момантам стала ўручэнне падарункаў. Дзякуючы неверагоднай шчодрасці вернікаў мінскай архікатэдры кожнае дзіця атрымала свой асабісты падарунак. Гэта стала магчымым дзякуючы 105 парафіянам, якія адгукнуліся на заклік і падрыхтавалі гэтыя знакі ўвагі.

Вясёлы канцэрт, займальныя гульні і доўгачаканыя падарункі — усё гэта дапамагло стварыць па-сапраўднаму незабыўную святочную атмасферу, напоўненую цяплом, смехам і шчырай радасцю.

«Вялікі дзякуй усім, хто прымаў удзел у арганізацыі гэтага цудоўнага дня! Шчырая падзяка кожнаму парафіяніну, які сабраў падарунак для дзіцяці, і нашым нястомным валанцёрам за іх вялікія сэрцы і самаадданую працу»,

— кажуць валанцёры.

Такія падзеі натхняюць і яскрава нагадваюць пра важнасць дабрыні і міласэрнасці ў нашым грамадстве, паказваючы, што любоў не ведае адлегласцяў.