У Стоўбцах памаліліся за памерлага душпастыра
- 7 лютага, 2024
- Тэкст і фота: Парафія св. Казіміра ў Стоўбцах
6 лютага, у 10-ую гадавіну смерці, вернікі парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах падчас святой Імшы маліліся за памерлага кс. Яраслава Зарадзкага MSF (1962-2014), які 13 гадоў служыў у Беларусі, амаль 10 з якіх прысвяціў стаўбцоўскай парафіі. Тут ён, паводле слоў тых, хто яго памятаў, “будаваў парафіяльную супольнасць і касцёльныя будынкі, абвяшчаў Божае Слова, цэлебраваў святыя сакрамэнты, даваў сведчанне веры, адкрываўся на Божую любоў і перадаваў гэтую любоў тым, каму служыў”. Вернікі на чале з пробашчам дзякавалі за яго жыццё, а таксама за Божыя ласкі і дабрадзействы, якія яны атрымалі, дзякуючы яго служэнню.
Кс. Яраслаў Зарадзкі нарадзіўся 22 ліпеня 1962 г. у мястэчку Цёнжэнь (Польшча). Быў ахрышчаны 14 кастрычніка 1962 г. у сваёй роднай парафіі ў Ценіне Касцельным. Там жа ў 1971 г. прыняў Першую святую Камунію, а ў 1978 г. — сакрамэнт канфірмацыі. На працягу некалькіх гадоў быў міністрантам і лектарам. Пасля заканчэння пачатковай школы вучыўся ў механіка-электрычным тэхнікуме ў горадзе Конін. Пасля заканчэння навучання ў 1983 г. распачаў фармацыю ў манаскай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і.
Першыя законныя шлюбы склаў 8 верасня 1984 г. Падчас фармацыі ў семінарыі ў Казімежу Біскупім сутыкнуўся з цяжкім выпрабаваннем — ён захварэў на лімфому Ходжкіна. Урачы прызналі яго стан крытычным. Аднак, дзякуючы намаганням медычнага персаналу, малітвам сям’і і манаскай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і, пасля доўгіх месяцаў цяжкай барацьбы хвароба цалкам знікла.
8 верасня 1987 г. праз вечныя шлюбы, якія кс. Яраслаў склаў у Казімежу Біскупім, ён назаўсёды звязаў сваё жыццё з Супольнасцю Місіянераў Святой Сям’і. Тут 10 чэрвеня 1989 г. ён прыняў дыяканскае пасвячэнне, а 16 чэрвеня 1990 г. — прэзбітэрскае. Так споўнілася яго мара з дзяцінства — заўсёды быць пры алтары.
Пасля пасвячэння кс. Яраслаў служыў вікарыем у дзвюх парафіях у Польшчы. 1 кастрычніка 1991 г. ён звярнуўся з просьбаю да Правінцыяльнай Рады аб скіраванні яго на працу ў Беларусь, каб — як адзначыў — “хоць мінімальна сваёй сціплай асобай паменшыць недахоп святароў сярод верных на Беларусі”. Першы раз ён паехаў у Беларусь вясной 1992 г. з душпастырскай дапамогай на час Вялікага посту і Велікодных святаў. Месцам служэння стала парафія Новая Мыш каля Баранавічаў.
Настаяцелі ўсведамлялі цяжкасць умоў душпастырскай працы ў Беларусі, а таксама хваробу, з якою прыйшлося змагацца кс. Яраславу падчас фармацыі ў семінарыі. Святар, які прайшоў адпаведныя медыцынскія даследаванні і добра ведаў свой стан здароўя, так напісаў сваім настаяцелям: «Не ў сіле і трываласці ўласнага арганізма бачу шанс рэалізавання маіх мараў, а толькі ў вернасці Богу і сіле Яго ласкі».
Калі кс. Яраслаў рыхтаваўся да выезду ў Беларусь, Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп, настаўляючы святара на будучае служэнне па-за межамі радзімы, напісаў яму: “З аднолькавай руплівасцю служы верным, якія карыстаюцца польскай мовай, і тым, хто размаўляе па-беларуску ці на якой-небудзь іншай мове, стараючыся пазнаёміцца з ёю паводле неабходнасці. Заўсёды памятай, што ты адправіўся да людзей, і веруючых, і няверуючых, надзелены багаццем Божай моцы”.
1 лістапада 1992 г. Правінцыяльная Рада скіравала кс. Яраслава на працу на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі ў Беларусі. 31 студзеня 1996 г. ён быў прызначаны пробашчам парафіі ў Новым Свержані, а таксама ўзяў пад сваю пастырскую апеку парафіі ў Стоўбцах і Уздзе. Падчас яго служэння былі пабудаваны касцёл і капліца.
Пасля 10 гадоў працы ў Беларусі, у снежні 2001 г., кс. Яраслаў, усведамляючы неабходнасць місіянерскай працы ў іншых краінах, прасіў дазволу на выезд на Мадагаскар (Афрыка). Аднак, у сувязі з існуючымі вялікімі патрэбамі служэння ў Беларусі, настаяцелі не прынялі яго просьбу.
Праз некаторы час святар скіраваў чарговы ліст да Правінцыяльнай Рады. На гэты раз яго просьба была прынята. 10 верасня 2005 г. ён быў перанесены на служэнне ў Польшчу. Тут ён пад кіраўніцтвам ксяндза доктара Адама Собчыка напісаў і абараніў магістарскую дысертацыю на Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве. Годам пазней кс. Яраслаў быў прызначаны ў Генеральны Дом Місіянераў Святой Сям’і ў Рыме і скіраваны на душпастырскую працу вікарыем у парафію Святога Рэмігія ў Рыме.
1 верасня 2012 годза кс. Яраслаў вярнуўся ў Польшчу. У мясцовасці Горка Кляшторная ён пачаў служыць Апостальству Добрай Смерці. Таксама святар распачаў навучанне на тэалагічным факультэце Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні, спадзеючыся звязаць сваё жыццё таксама з навуковай працай. Аднак Бог меў для яго іншыя планы.
6 лютага 2014 г., калі кс. Яраслаў знаходзіўся на пахаванні бацькі аднаго са святароў супольнасці, Пан Бог паклікаў руплівага святара да сябе., Адданы Богу і місіянерскай справе Касцёла, кс. Яраслаў Зарадзкі адышоў да Пана на пяцьдзясят другім годзе жыцця, пражыўшы 30 гадоў манаскага жыцця і 23 гады святарства, з якіх 13 гадоў працаваў у Беларусі і 6 — у Рыме. Па ўспамінах знаёмых, ён “жыў мала, але вельмі актыўна, нібы спяшаўся”. У просьбе аб прыняцці яго ў супольнасць Місіянераў Святой Сям’і кс. Яраслаў пісаў: «Прагну служыць Богу, прагну служыць чалавеку і лічу, што змагу рэалізаваць гэта жаданне ў радах Місіянераў Святой Сям’і».
Кс. Яраслаў Зарадзкі пахаваны 10 лютага 2014 г. на сваёй радзіме, у Казімежу Біскупім. У пахаванні святара ўдзельнічала каля 65 святароў (54 — з супольнасці Місіянераў Святой Сям’і), 6 братоў законных, клерыкі, навіцыі і 4 сястры законныя. На пахаванне прыбылі святары з супольнасці Місіянераў Святой Сям’і з Рыма, Беларусі, Чэхіі, Аўстрыі і Германіі. Святую Імшу цэлебраваў ксёндз правінцыял Адам Юзаф Собчык. Няхай добры Бог дасць яму вечны супакой!