Skip to main content

У Старых Дарогах з удзелам біскупа Касабуцкага адзначылі парафіяльную ўрачыстасць

  • 14 жніўня, 2023
  • Тэкст: с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: Святлана Татур
  • Сatholic.by
Фота: Святлана Татур

13 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Парафіяльны фэст у райцэнтры на паўднёвым усходзе Міншчыны сабраў у старадарожскай святыні не толькі мясцовых вернікаў, але таксама гасцей з іншых парафій: з Баранавічаў, Любаня, Салігорска і Слуцка. Цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі душпастыр старадарожскай парафіі айцец Аляксей Рамановічам OFM і пробашчам парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах айцец Натанаэль Войтала OFM.

У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу на прарочую ролю Марыі ў сучасным свеце. Ён адзначыў, што Маці Божая, узятая ў хвалу неба, не пакінула сваіх дзяцей, але клапоціцца аб іх збаўленні, каб кожны чалавек дайшоў да Божага Валадарства.

«Адзначаючы ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, мы вызнаём таямніцу нашай веры ў тое, што Багародзіца была ўзятая на неба целам і душой і з’яўляецца Валадаркай Неба і зямлі.

Аднак Марыя, нягледзячы на тое, што займае асаблівае месца ў Божым Валадарстве, нястомна апякуецца і дапамагае тым, хто на зямлі. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца цудоўныя мясціны, дзе Марыя дзейнічае асаблівым чынам. У нашай краіне гэта Будслаў, Тракелі, Гудагай, Лагішын, Браслаў…»— адзначыў біскуп, дадаўшы, што ў марыйных санктуарыях рэгулярна збіраюцца пілігрымы з усіх куткоў Беларусі, каб разам узносіць малітвы да Нябеснай Маці ў розных патрэбах. «Марыя выслухоўвае нашыя просьбы і дапамагае. Яна дзейнічае ў нашым свеце», — сцвердзіў іерарх. Ён заўважыў, што, калі ў Старым Запавеце Бог прамаўляў да людзей праз прарокаў, то ў апошнія два тысячагоддзі Бог прамаўляе да чалавецтва праз Марыю.

«Марыя за апошнія дзве тысячы гадоў аб’яўлялася на зямным шары ў розных мясцінах некалькі соцень разоў. Бог пасылае Марыю як Прарока, бо ва ўсіх аб’яўленнях Яна заклікае да аднаго: да навяртання. „Людзі, вы ідзеце па сцяжынцы, якая вядзе вас не да Божага Валадарства, а ад Божага Валадарства; вы выбіраеце зло. Пакайцеся! Навяртайцеся і верце ў Бога, каб вы былі збаўленыя“, — заклікае Марыя ў шматлікіх аб’яўленнях. Марыя цікавіцца нашым светам, нашым лёсам і Ёй важна, каб мы дайшлі да Божага Валадарства, — адзначыў біскуп Касабуцкі. — Сённяшні свет кажа, што ён не патрабуе Бога, не патрабуе веры, не патрабуе малітвы, не патрабуе Касцёла… Але Марыя кажа, што кожны з нас патрабуе Бога, патрабуе веры, патрабуе малітвы, патрабуе навяртання…

Марыя як Пророк сучаснага свету не толькі заклікае да пакаяння і навяртання, але і паказвае нам шлях да збаўлення.Няхай урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой мы святкуем трыумф Багародзіцы, будзе для нас часам нашага блізкага сяброўства з Марыяй: сяброўства з Ёй у малітве і ў наследванні Яе стылю жыцця. Марыя, няхай нашае жыццё будзем падобным да Твайго жыцця», — узнёс малітоўны заклік іерарх.

Завяршаючы гамілію, ён нагадаў вернікам, што касцёл — гэты Божы дом — з’яўляецца таксама іх домам, і тут Марыя заўсёды чакае кожнага з нас, як маці чакае сваё умілаване дзіця. «Марыя заўсёды чакае нас у Божым доме і паказвае шлях да збаўлення. Пастараемся ж быць у Касцёле, быць з Богам, быць з Хрыстом і праз Марыю ісці да збаўлення», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці біскуп Касабуцкі.

Напрыканцы святой Імшы іерарх благаславіў плён працы вернікаў: кветкі, зёлкі і першыя плады новага ўраджаю.

На заканчэнне ўрачыстасці адбылося набажэнства да Маці Божай і працэсія вакол Касцёла, падчас якой вернікі дзякавалі і праслаўлялі Бога за атрыманыя дары і ласкі. Парафіяне выказалі ўдзячнасць біскупу Юрыю Касабуцкаму за яго прысутнасць, за супольную малітву і прамоўленае слова, якое ўзмоцніла іх веру на дарозе да Божага Валадарства.

2023-08-14-Novy20230813-001
2023-08-14-Novy20230813-002
2023-08-14-Novy20230813-003
2023-08-14-Novy20230813-004
2023-08-14-Novy20230813-005
2023-08-14-Novy20230813-006
2023-08-14-Novy20230813-007
2023-08-14-Novy20230813-008
2023-08-14-Novy20230813-009
2023-08-14-Novy20230813-010
2023-08-14-Novy20230813-011
2023-08-14-Novy20230813-012
2023-08-14-Novy20230813-013
2023-08-14-Novy20230813-014