Skip to main content

У катэдры ў Магілёве з удзелам арцыбіскупа Станеўскага адзначылі адпустовую ўрачыстасць і юбілей манаскага жыцця сясцёр

  • 17 жніўня, 2022
  • Тэкст: Ганна Камкова / Фота: Рыта Ляховіч
  • Сatholic.by
Фота: Рыта Ляховіч

15 жніўня ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве адзначылі адпустовую ўрачыстасць і юбілей 25-годдзя манаскага жыцця сясцёр Веры Гаспаровіч MSF і Вікторыі Жук MSF з кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і, якія служаць пры парафіі.

Па запрашэнні адказнага за Магілёўскі рэгіён біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB святочную імшу ў старадаўняй катэдры горада на Дняпры цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзэф Станеўскі.

«Сённяшні дзень — дзень асаблівы, бо сёння не толькі ўрачыстасць Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама і 25-ая гадавіна манаскага жыцця нашых дарагіх сясцёр.І сёння мы тут, каб разам з імі дзякаваць Богу за тое, што мы людзі веры», — такімі словамі распачаў гамілію арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх нагадаў прысутным гісторыю ўрачыстасці Унебаўзяцця, адзначыўшы, што яе ўстанаўленне ў 1950 годзе Папам Піем XII стала замацаваннем веры Касцёла з апостальскіх часоў.

«Пій XII лічыў, што распаўсюджванне культу Марыі з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце, што гэта скіруе свет на добры шлях», — зазначыў арцыпастыр.

Іерарх таксама разважаў аб таямніцы Унебаўзяцця Марыі, аб біблейскіх доказах цялеснага і духоўнага ўзнясення. Пры гэтым ён заўважыў, што «Марыя, хоць і была ўзятая на неба, і сёння знаходзіцца побач з намі».

«Марыя блізка да нас. Бог больш блізкі да нас, чым мы самі да сябе. Неба бліжэй да нас, чым часовыя справы. Марыя праз сваё Унебаўзяцце тым больш блізкая да нас»,— разважаў арцыбіскуп.

Кранальным момантам падчас Імшы стала аднаўленне манаскіх абяцанняў сястрой Верай Гаспаровіч і сястрой Вікторыяй Жук. Словы, якія яны прамовілі да Бога, абяцанні, якія далі, адгукнуліся ў сэрцах кожнага з прысутных у гэты момант у касцёле.

«Удзячная за дар манаскага паклікання і за ўсе ласкі, якімі Ты ў сваёй дабрыні адарыў мяне, аднаўляю сваё духоўнае пасвячэнне і абяццаю Табе чыстасць, убоства і паслухмянасць»,— з такімі словамі сёстры звярнуліся да Бога, каб і надалей у веры працягваць сваё служэнне Богу і людзям.

У гэты дзень паводле касцёльнай традыцыі адбываецца благаслаўленне зёлак, кветак і збожжа, садавіны і гародніны як падзяка Богу за новы ўраджай.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў плады зямлі і працы чалавечых рук.

Пасля Эўхарыстыі ва ўнутраным дворыку касцёла з нагоды свята адбылося мерапрыемства, на якім парафіяне танчылі народныя танцы, спявалі песні, частаваліся смачнымі стравамі і проста размаўлялі, што дапамагло ім адчуць сябе адной вялікай сям’ёй братоў і сясцёр.

2022-08-15-magileu-001
2022-08-15-magileu-002
2022-08-15-magileu-003
2022-08-15-magileu-004
2022-08-15-magileu-005
2022-08-15-magileu-006
2022-08-15-magileu-007
2022-08-15-magileu-008
2022-08-15-magileu-009
2022-08-15-magileu-010
2022-08-15-magileu-011
2022-08-15-magileu-012
2022-08-15-magileu-013
2022-08-15-magileu-014
2022-08-15-magileu-015
2022-08-15-magileu-016
2022-08-15-magileu-017
2022-08-15-magileu-018
2022-08-15-magileu-019
2022-08-15-magileu-020
2022-08-15-magileu-021
2022-08-15-magileu-022
2022-08-15-magileu-023
2022-08-15-magileu-024
2022-08-15-magileu-025
2022-08-15-magileu-026
2022-08-15-magileu-027
2022-08-15-magileu-028
2022-08-15-magileu-029
2022-08-15-magileu-030
2022-08-15-magileu-031
2022-08-15-magileu-032