Skip to main content

Першы крок да мары: студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа ўдзельнічалі ў экскурсіі па касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі

18 красавіка
  • 21 красавіка, 2026
  • Тэкст і фота: Ала Шапялевіч // Catholicminsk.by

18 красавіка студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля у Мінску правялі пазнавальную экскурсію па парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, якія маюць старадаўнія гістарычныя святыні.

Вось што піша пра яе адна з удзельніц, студэнтка Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля Ала Шапялевіч:

«Гэтае падарожжа праходзіла ў межах азнаямлення навучэнцаў гэтай каталіцкай установы з Касцёлам у Беларусі, а таксама з гісторыяй роднага краю праз адведванне па маршруце следавання старадаўніх замкаў.

Першым прыпынкам стаў аграгарадок Крэва. Ён раней быў велікакняжацкім маён­ткам, на месцы якога ў XIV стагоддзі быў пабудаваны замак, дзе ў 1385 годзе бы­ла заключана знакамітая Крэўская унія. На сённяшні дзень у працэсе рэканструкцыі комплекса была адноўлена адна сцяна з боку Юравай гары — старадаўняга язычніцкага капішча, якое некалі знаходзілася недалёка ад замка, дзякуючы чаму паўстае цудоўны від на крэўскае наваколле.

У 1387 годзе ў Крэве паўстае драўляны касцёл. На яго месцы зараз можна ўбачыць пабудаваны ў 1990-х гадах каменную святыню Перамянення Пана. Насупраць яго ўздымае ў не­ба сваю шатровую званіцу праваслаўная царква святога Аляксандра Неўскага (1854).

У Барунах нас чакаў добра захаваны касцёл і былы базыльянскі кляштар — адна з найважнейшых хрысціянскіх святыняў Беларусі, якая стала адным з духоўных цэнтраў уніяцтва на нашых землях. У яго сценах дагэтуль знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных. Святыню адрозніваюць вытанчанасць фор­маў “віленскага” барока. Зараз у касцёле і кляштары ціха, а калісьці гэтыя мясціны поўніліся гарэзлівым смехам дзясяткаў шкаляроў (вучняў).

Гальшаны — старадаўняя вотчына князёў Гальшанскіх. Даўней на высокай гары каля мястэчка стаяў добра ўмацаваны замак гэтых князёў, які не дайшоў да нашых дзён. Касцёл быў пабудаваны князем Сапегам у далёкім XVII стагоддзі. Менавіта з ім звязана адна з найбольш таямнічых гісторый ў Беларусі пра прывід… А на ўскрайку мястэчка схаваліся руіны аднаго з найбольш велічных палацаў былой Рэчы Паспалітай — палаца Сапегаў. Касцёл і кляштарныя пабудовы выкарыстоўваюцца і цяпер як дзейны касцёльны комплекс. А збудаваны палацава-замкавы ан­самбль ро­ду Са­пе­гаў — Гальшанскі замак — дайшоў да нас у маляўнічых руінах.

Затым студэнты пабывалі ў касцёлах у Ліпнішках і Суботніках Іўеўскага дэканату. Апошні ўжо здалёк зачароўвае наведвальнікаў сваёй грацыёзнай сілуэтнай графікай. Наведваючы яго, мы таксама атрымалі магчымасць спусціцца ў родавую пахавальню Умястоўскіх.

Наступным пунктам падарожжа быў касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі 1491 года пабудовы, які некаторыя называюць «маленькім Ерузалемам». Тут мы даведаліся пра існаванне ў гарадку акадэміі арыян, якая некалі бы­ла адным з найбуйнейшых цэнтраў адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагоддзі. Ста­туя Хрыста каля Іўеўскага касцёла мімаволі асацыіруецца са знакамітай скульптурай у Рыа-дэ-Жанэйра. Наведванне найстарэйшай дзеючай мячэці Беларусі дазволіла удзельнікам экскурсіі даведацца пра традыцыі і побыт татараў у Беларусі. Менавіта тут, у Іўі, на бы­лой рыначнай плошчы пастаўлены ўнікальны помнік “Адзінства чатырох канфесій”: каталіцтва, юдаізму, праваслаўя і ісламу.

Апошні прыпынкам стала старадаўнее мястэчка Дуды, куды кожны год праходзяць пілігрімкі да абраза Маці Божай Дудскай.

Гэтае жывое і адкрытае падарожжа стала для яго ўдзельнікаў крыніцай духоўнага і культурнага ўзбагачэння. Студэнты мелі магчымасць задаць пытанні, якія іх цікавілі, і атрымаць на іх шчырыя і мудрыя адказы пра рэлігійнае жыццё ў парафіях у цяперашні момант.