Skip to main content

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2020 года

  • 22 лістапада, 2020
  • Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
  • Сatholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

АДВЭНТ — ЧАС ЧАКАННЯ ХРЫСТА

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл распачынае Адвэнт і з ім новы літургічны год. Адвэнт — гэта час чакання Езуса з мэтай дазволіць Яму адрадзіцца ў нашых сэрцах. Гэта час іх ачышчэння, якое адбываецца праз пакаянне і аднаўленне нашага духоўнага жыцця, а таксама праз разважаннe аб прыйсці Езуса.

Акрамя першага прыйсця дзве тысячы гадоў таму ў целе, Езус прыходзіць да нас у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, у Божым слове, у дабрачыннасці і іншай дзейнасці Касцёла. Прыйдзе Ён у момант нашай смерці і таксама падчас другога свайго прыйсця ў хвале ў канцы свету, каб яго судзіць.

Усё наша жыццё — гэта Адвэнт, падчас якога мы не маем права згубіць галоўны арыенцір, якім ёсць Божы закон.

А для гэтага неабходна пастаянна чуваць, падобна таму, як пастаянна павінен чуваць вадзіцель аўтамабіля, каб бяспечна дасягнуць мэты падарожжа.

2. Крыху больш за 100 гадоў таму «Тытанік» лічыўся самым вялікім і бяспечным акіянскім лайнерам. Пра велізарны карабель казалі, што яго не зможа патапіць нават сам Бог. Лайнер лічыўся непатапляльным. Аднак у ноч з 14 на 15 красавіка 1912 г. неймавернае стала реальным. Прыблізна апоўначы велічны карабель, які здзяйсняў свой першы рэйс з Англіі ў Амерыку, сутыкнуўся з айсбергам і праз дзве з паловай гадзіны затануў, несучы з сабой на дно Атлантычнага акіяну 1513 чалавек.

Не трэба было ўмяшальніцтва Бога. Дастаткова было айсберга.

Аднак перад тым, як «Тытанік» затануў, сігналы трывогі паступалі на карабель. Яны перасцерагалі, што лайнер накіроўваецца ў небяспечнае лядовае поле. Але іх праігнаравалі. Нават калі карабель, які праплываў непадалёк, пасылаў сігналы трывогі, капітан «Тытаніка» казаў не перашкаджаць яму, бо ён размаўляў з портам у Нью-Ёрку і дамаўляўся аб урачыстай сустрэчы карабля і вячэры.

3. Чаму так шмат людзей загінула ў тую ноч? Найперш таму, што каманда «Тытаніка», якая была самадастатковай, давярала выключна дасягненням тэхналогій і была занятая справамі ўрачыстага прыплыцця ў Нью-Ёрк, праігнаравала небяспеку і сігналы трывогі, што, асабліва ў адкрытым акіяне, абсалютна недапушчальна. Таксама прадугледжаная колькасць выратавальных чаўноў — шлюпак — на суперсучасным тады лайнеры была меншай за колькасць пасажыраў і каманды. А ўсё магло б быць зусім інакш. Свядомае ігнараванне небяспекі стала прычынай жудаснай трагедыі.

У гэтым годзе свет перажывае трагедыю пандэміі каранавірусу. Але чаму яна здарылася? Калі б адразу на месцы з’яўлення гэтай заразы адэкватна адрэагавалі, то было б значна лягчэй прадухіліць гэтую сусветную трагедыю. Аднак гэтага не адбылося, і чалавецтва атрымала пандэмію з усімі яе трагічнымі наступствамі.

Беларусь перажывае нябачаны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс, які вельмі моцна нам пагражае. Мы задаём сабе пытанне: а чаму ён здарыўся?

Сярод шматлікіх адказаў не павінен адсутнічаць галоўны, а менавіта недахоп любові да Бога і бліжняга (пар. Мк 12, 30–31).

Наколькі ж іншым былі б наша жыццё і наша краіна, калі б мы памяталі аб гэтым законе і жылі згодна з ім!

4. Трагедыя «Тытаніка», пандэмія каранавірусу і сучасны беларускі крызіс, як шмат іншых, паказваюць, што гісторыя паўтараецца. Нашыя першыя бацькі Адам і Ева таксама не паслухалі Божай перасцярогі не есці плоду з забароненага дрэва. Яны праігнаравалі Божы наказ, і сталася трагедыя, вядомая як першародны грэх.

Чалавецтва нічому не навучылася з памылкі Адама і Евы і працягвае яе паўтараць. У нашым жыцці мы нярэдка ігнаруем Божы закон і не клапоцімся аб выратавальнай шлюпцы. Як у штодзённым жыцці мы прызвычаіліся да славутага «авось», падобным чынам паступаем часта і ў духоўным.

Мы ўпэўненыя, што карабель нашага жыцця непатапляльны, што яно добра запланавана і нічога страшнага і нечаканага ў ім не здарыцца. Разам з тым нам трэба чытаць знакі часу і звяртаць увагу на трывожныя сігналы.

Аднак калі мы клапоцімся толькі пра звычайныя справы нашага жыцця, то трапляем у небяспеку так і не спасцігнуць яго сутнасць, пакуль не будзе ўжо запозна. Таму Адвэнт заклікае нас да чування, каб мы былі гатовымі своечасова зрабіць адпаведныя крокі з мэтай прадухіліць бяду.

5. А як ёсць на самай справе? Столькі Адвэнтаў мы ўжо перажылі ў нашым жыцці, перажывем і гэты, — думае, напэўна, не адзін з нас. Аднак мэтай Адвэнту не з’яўляецца проста перажыць яго. Адвэнт заклікае да падрыхтоўкі дарогі Збаўцу, які прыходзіць. Таму яго неабходна перажываць у духу чування, каб адкрыць перад Ім дзверы ў сваё жыццё. Ці мы выкарыстоўваем гэты шанц убачыць прысутнасць Пана ў нашай штодзённасці?

Бог адорвае нас рознымі ласкамі. Ці мы гатовыя іх прыняць? Узгадаем евангельскі аповед пра ўваход Езуса ў Ерузалем. Тады Езус плакаў, бо жыхары Ерузалема не распазналі часу Яго прыйсця (пар. Лк 19, 41–42). Яны размінуліся з Божай ласкай, і ў гэтым крыецца трагедыя выбранага народа.

На пачатку Адвэнту мы павінны зрабіць адпаведную пастанову, каб не размінуцца з Езусам.

Разважаючы над словамі святога Яна Хрысціцеля, мы павінны спытаццца сябе саміх: ці мы робім простымі дарогі, па якіх Езус прыходзіць да нас (пар. Мц 3, 3)? Ці гатовыя прыняць Яго збаўчую ласку? Бог наведвае нас тады, калі мы Яму дазваляем гэта зрабіць. І калі мы раней, можа, забываліся пра гэта, то Адвэнт з’яўляецца добрай нагодай распачаць нанава.

6. Як мы можам гэта зрабіць? Найперш неабходна больш часу прысвяціць малітве, якая дапаможа знайсці адказы на пытанні, што нас хвалююць. Звычайна мы з радасцю праводзім час з любімым чалавекам. Падобнай логікай мы павінны кіравацца і ў нашых адносінах з Богам.

Памятаючы аб зямных справах, неабходна знайсці час, каб засяродзіцца і на духоўных.

Якім чынам? Трэба выкарыстаць магчымасці, якія прапануе ў гэты перыяд Касцёл. Гэта рэкалекцыі — час духоўнага засяроджання, лепшага пазнання самога сябе і духоўнага аднаўлення. Далей, спецыяльныя адвэнтавыя набажэнствы і практыкі, такія, як традыцыйныя Рараты, учынкі міласэрнасці, чуванне моладзі і да т.п. Вельмі добра доўгія зімовыя вечары прысвяціць чытанню Святога Пісання ці іншых рэлігійных кніг і часопісаў, дзе можна знайсці шмат адвэнтавых матэрыялаў.

Калі Адвэнт становіцца толькі часам шопінгу і набыцця далёка не заўсёды карысных і патрэбных рэчаў, то гэта не што іншае, як страта сутнасці гэтага святога часу. Існуе толькі адзіны сапраўдны падарунак на Божае Нараджэнне, і ім з’яўляецца сам Езус.

Езус — гэта тая ласка, якую наш нябесны Айцец хоча нам даць у Адвэнце. Бог заўсёды імкнецца адарыць нас сваімі дарамі, але толькі ад нас залежыць, прыняць і разгарнуць гэты падарунак ці не.

Таму Адвэнт — гэта час аднаўлення і паглыблення нашых адносін з Богам. Гэта час цярплівага і вернага чакання Бога. Мы павінны яго перажываць найперш сэрцам. Гэта таксама добрая нагода адмовіцца ад ідэалогіі спажывальніцтва, якая завалодала светам, і засяродзіцца на духоўных справах; зрабіцт простаю дарогу прыходзячаму Пану, каб атрымаць ласку, якую Бог жадае даць нам у гэты час.

7. Каб атрымаць яе, неабходна паставіць Бога на першае месца ў нашым жыцці. Калі Бог не на першым месцы, то мы размінаемся з ласкай, якую Ён нам прапануе. На вялікі жаль, мы часта напаўняем гэты святы час далёкімі ад адвэнтавага духу справамі. Шукаем не Божай ласкі, а прыемнасцяў, якія хутка і часам вельмі трагічна заканчваюцца і ніколі поўнасцю не задавальняюць чалавека. Толькі Бог можа нас задаволіць. Нагадвае нам аб гэтым Кніга Псальмаў: «Толькі ў Богу спачне душа мая, бо ад Яго збаўленне маё. Сапраўды, Ён прыстанішча маё і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся больш» (Пс 62 (61), 1–2).

Тугу па шчасці не зможа задаволіць ніякі іншы падарунак, які мы знойдзем пад ялінкай на Божае Нараджэнне, акрамя Хрыста, якога мы сустракаем у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах.

Прыняцце Божай ласкі, якую Пан ахвяруе нам у Адвэнце, як і малітва і размяшчэнне Бога на першым месцы ў нашым жыцці, дапамагае нам адказаць на пытанне, ці адпавядае нашае жыццё вучэнню Езуса, да свята Нараджэння якога мы рыхтуемся. Ці Езус з’яўляецца нашым жыццёвым правадыром? Ці Ён фармуе нашае жыццё?

Каб атрымаць ласку, якую Бог ахвяруе нам у Адвэнце, неабходна лепш пазнаць свой духоўны стан і прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Толькі тады нашыя сэрцы стануць Бэтлеемскімі яслямі ХХІ стагоддзя, у якіх народзіцца Езус.

8. На пачатку Новага года мы робім планы на новы час нашага жыцця. Сёння распачынаецца новы літургічны год. Таму нам неабходна зрабіць свае духоўныя планы і пастановы жыць паводле вучэння Езуса, нараджэнне якога мы збіраемся святкаваць. Езус з’яўляецца святлом свету, і Адвэнт — гэта час выйсця з грахоўнай цемры, каб жыць у святле Евангелля Хрыста.

У мітусні сучаснага свету, а таксама калі ўсё больш праяўляецца матэрыяльная частка перажывання Адвэнту і падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, неабходна ўчыніць усё магчымае, каб не размінуцца са Збаўцам, які прыходзіць.

Толькі тады наш жыццёвы карабель не падзеліць лёсу «Тытаніка» і, кіраваны народжаным у нашых сэрцах Хрыстом, будзе ўпэўнена плысці у порт вечнага шчасця.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці адвэнтавага чування, — на гэты шлях чакання Хрыста ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск – Сакулка, 22 лістапада 2020 г., Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам у першую нядзелю Адвэнту, 29 лістапада 2020 г.