Skip to main content

Пасланне на Новы 2024 год арцыбіскупа Юзафа Станеўскага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

  • 29 снежня, 2023
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

«Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае»
(2 Кар 5,17).

Тэкст Паслання для друку ТУТ>>>

Любыя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

У імя Маці Божай, Святой Багародзіцы Марыі, распачынаем сёння новы 2024 год. Праз Дзеву Марыю нам дадзены Божы Сын, а калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае (2 Кар 5,17). Бо Пан Бог, як казаў папа Бэнэдыкт XVI, аб’явіў сябе як Дзіцятка ў Марыі. Яна стала святыняй, месцам, дзе знаходзіцца Бог. Яна стала брамай, праз якую Ён увайшоў у свет. Яна стала той лесвіцай, як акрэсліў Бэнэдыкт XVI, па якой Бог прыйшоў да чалавека ў Езусе Хрысце і ўвайшоў у нашу чалавечую гісторыю.

Мае дарагія. Таямніца мацярынства Марыі адкрывае праўду пра Бога і пра нас. З таго моманту, калі Сын Божы, Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, нарадзіўся з Дзевы Марыі, калі Ён прыняў ад Яе і праз Яе нашае чалавечае цела, Ён стаўся блізкім з нашым чалавецтвам. Таму, указваючы на гэтую праўду і яшчэ раз нагадваючы пра яе ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, папа Францішак сказаў, што Бог так блізкі чалавеку, як Дзіця Божае. У Марыі, Святой Маці Божай, гэтая праўда знайшла сваё спаўненне. У сваёй Маці Ён, Бог неба, Бог бясконцасці, стаў маленечкім, каб быць не толькі з намі, але і з такімі, як мы. Вось цуд, – кажа Пантыфік, – навіна, што чалавек больш не самотны; больш ужо ніколі не з’яўляецца сіратою – ён цяпер назаўсёды сын.

Умілаваныя браты і сёстры, менавіта гэтай навіною і распачынаецца Новы 2024 год. Ён распачынаецца, як зазначыў папа Францішак, з гэтай навіны: ты не адзін, мы не адны, вы не самотныя. Бог, як нагадвае нам апостал Павел, паслаў свайго Сына, каб мы атрымалі ўсынаўленне, сталіся сынамі, падчас хросту. Мы маем гэтую ласку ў Езусе Хрысце, Адзінародным Сыне Божым. У Ім мы сыны. Бог прыходзіць у свет як Сын, каб учыніць нас дзецьмі Божымі. «Які цудоўны падарунак», – падкрэслівае папа Францішак, і адзначае вельмі канкрэтныя плёны гэтага падарунка для нас: «Нават, калі гаворыш, калі адчуваеш, што не можаш справіцца, калі баішся, што ты бескарысны, калі цябе ахоплівае страх, што ты не выйдзеш з таго ці іншага тунэля нейкага цяжкага выпрабавання, Бог увесь час паўтарае табе: «Адвагі! Я з табой, ты – Маё дзіця.Ты не адзін». І Ён гаворыць нам гэта, калі прыходзіць на свет. Ён кажа гэта, будучы народжаным ад Марыі. Ён кажа гэта літаральна, такім чынам уваходзячы ў наша чалавечае жыццё і нашыя сітуацыі. «Я з табою», – нястомна паўтарае нам Пан Бог.

Мае дарагія. Як жа моцна патрэбнае нам, асабліва сёння, гэтае ўсведамленне прысутнасці Бога. Як нам гэта патрэбна, найперш асабліва тым, хто так балюча перажывае духоўную і фізічную самотнасць. У многіх людзей сілы аслабнуць, многіх бліжнія пакінуць у адзіноце, але застанецца Той, Хто не памірае, Хто не старэе, над Кім гады не маюць улады, Той, Хто заўсёды застаецца Любоўю. І таму ў гэты першы дзень 2024 года, у «невядомы» пачатак новага года, мы можам быць упэўнены ў адным: у пачатку года ёсць Бог і напрыканцы года будзе Бог: Quis ut Deus? – Хто ж як Бог?

Браты і сёстры! Ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, мы яшчэ раз перажываем праўду аб прысутнасці Бога сярод нас. Менавіта яна з’яўляецца для нас крыніцай сілы і благаслаўлення. Гэта, як нагадаў нам папа Францішак, – непарушны цэнтр нашай надзеі, гэта гарачае ядро, якое падтрымлівае наша існаванне. Таму той, хто не глядзіць на крызіс у святле Евангелля, як падкрэслівае папа Францішак, – глядзіць на крызіс без евангельскай надзеі, успрымае крызіс без надзеі. А той, хто мае адвагу нагадваць нам, што Бог усё яшчэ з намі на караблі Касцёла, што Ён з намі ва ўсім і ўсюды – той знойдзе сілу ў Яго, а ў супярэчнасцях ці разгубленасці ніколі не будзе адчуваць сябе прыгнечаным.

У сваім пасланні на 57-ы Сусветны дзень міру ў бягучым 2024 годзе, пад тытулам: «Штучны інтэлект і мір» — папа Францішак нагадвае аб неабходнасці пільнасці і працы над тым, каб логіка насілля і дыскрымінацыі не ўкаранілася ў вытворчасці і выкарыстанні розных прыладаў за кошт самых слабых і маргіналізаваных людзей. У пасланні Папа заўважае, што выдатныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту аказваюць усё большы ўплыў на дзейнасць чалавека, на асабістае і грамадскае жыццё, на палітыку і эканоміку. І таму Пантыфік заклікае да адкрытага дыялогу аб важнасці гэтых новых тэхналогій, якія маюць разбуральны патэнцыял і сумніўныя наступствы. Ён нагадвае аб неабходнасці быць пільнымі і працаваць над тым, каб логіка гвалту і дыскрымінацыі не ўкаранялася ў вытворчасці і выкарыстанні гэтых прыладаў за кошт найбольш слабых і маргіналізаваных людзей: несправядлівасць і няроўнасць распальваюць канфлікты і антаганізм. Святы Айцец заклікае: «трэба тэрмінова і адказна скіраваць канцэпцыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту, каб ён служыў чалавецтву і абараняў наш агульны дом, неабходна распаўсюджваць прынцыпы этыкі ў сферы адукацыі і права». Далей папа Францішак у сваім пасланні падкрэслівае, што абарона годнасці асобы і спрыянне братэрству, якое сапраўды адкрыта для ўсёй чалавечай сям’і, з’яўляюцца важнымі ўмовамі для таго, каб тэхналагічнае развіццё спрыяла пашырэнню справядлівасці і спакою ў свеце.

Умілаваныя! Сённяшняе Евангелле, як мы чулі, гаворыць нам пра Марыю, Маці Божую, насамрэч толькі адным сказам: «А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19). Гэта быў Яе адказ на ўсё, што адбываецца. Марыя змагла прыняць сваім сэрцам усе наступныя падзеі, удзельніцай і сведкам якіх была. Яна адкрыла, прыняла і ўсвядоміла схаваны ад свету і сапраўдны сэнс гэтых падзей. Папа Францішак падкрэслівае, што Марыя прымала блізка да сэрца ўсё, што адбывалася з Ёю, нават нягоды, і змяшчала іх ў сваім сэрцы на належнае месца. Яна зрабіла гэта таму, зазначае Пантыфік, што ўсё з любоўю ўзяла ў сваё сэрца і ўсё даверыла Богу. Марыя з’яўляецца менавіта такой, якой Бог хоча, Ён хоча, каб і Яго Касцёл (гэта значыць усе мы) быў, як Маці: пяшчотная, пакорная, бедная ў сэнсе матэрыяльным і багатая на любоў, свабодная ад граху, падзелаў і нянавісці, з’яднаная з Езусам. Таму Святы Айцец падкрэслівае, што для сённяшняга падзеленага і збянтэжанага свету Марыя з’яўляецца Маці надзеі. З’яўляецца таксама Заступніцай спакою і еднасці. З’яўляецца Успамогай у цяжкасцях і змаганнях, Суцяшальніцай у смутку і цяжкіх выпрабаваннях. З’яўляецца Маці Божай і нашай найлепшай Маці.

Умілаваныя браты і сёстры. У гэты першы дзень новага года з дзіцячым даверам звяртаемся да Марыі: Найсвяцейшая Багародзіца Марыя, Маці Касцёла і Каралевы Беларусі, праз Тваё мацярынскае заступніцтва і Твае матчыныя рукі ахвяруй Езусу Хрысту, нашаму Збаўцу, нас саміх, народ Божы і нашую любую Айчыну, і вядзі праведнымі шляхамі ў 2024-м годзе – новым вядомым Божаму Провіду – годзе Божым.

На парозе вядомай невядомасці, словамі благаслаўлення Аарона пажадаем жа яшчэ раз адзін аднаму: Няхай Пан благаслаўляе цябе і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табой і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе спакоем. (Ліч 6,22-27).

Божа, благаславі Беларусь, благаславі ўсіх нас, каб, дзякуючы адданай веры і чуйнасці нашага сэрца на патрэбы бліжняга, мы змаглі паспрыяць якаснаму будаванню нашай сучаснасці, каб яна сталася трывалым і прыгожым падмуркам веры, надзеі і любові для будучых пакаленняў.

Свае пажаданні на радаснае святкаванне Урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі і на ўвесць Новы 2024 год падмацоўваю сваім пастырскім благаслаўленнем
у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

27 снежня 2023 года
Свята святога Яна, Апостала і Евангеліста

P.S. Душпастырам належыць абвясціць гэты ліст вернікам ва Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, 1 студзеня 2024 г.