ПАСЛАННЕ З НАГОДЫ ГІСТАРЫЧНЫХ ЮБІЛЕЯЎ ЗАСНАВАННЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ І МАГІЛЁЎСКАЙ АРХІДЫЯЦЭЗІІ
- 2 верасня, 2023
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
- Сatholic.by
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Тэкст Паслання для друку ТУТ>>>
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
- Юбілей Мінскай дыяцэзіі.
Сёлета спаўняецца 225 гадоў з моманту заснавання Мінскай дыяцэзіі і 240 гадоў Магілёўскай архідыяцэзіі. 2 верасня гэтага года ў Мінску ў катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося святкаванне юбілею заснавання гістарычнай Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. У межах гэтай падзеі вернікі і духавенства ўзгадвалі гістарычныя абставіны, якія паўплывалі на заснаванне Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі з цэнтрам у Мінску, этапы яе развіцця і дзейнасці. Мы нястомна захоўваем у малітоўнай памяці ўсіх тых, хто на гэтых землях быў каля вытокаў хрысціянскай веры, ажыццяўляў разнастайнае рэлігійнае і сацыяльнае служэнне, захоўваючы еднасць з Біскупамі Рыма — Рымскімі Папамі. Гісторыя Касцёла ў Беларусі за мінулыя стагоддзі пазначана крывёю шматлікіх мучанікаў за веру, якія сталі нашымі заступнікамі перад Богам. Служэнне ахвярных святароў, манахаў і законных сясцёр, дзейнасць адданых вернікаў стала ўрадлівай глебай для адраджэння Касцёла ў Беларусі і працягам яго гісторыі.
Згодна з традыцыяй, рыма-каталіцкія дыяцэзіі маюць свае гербы, якія сімвалізуюць іх гісторыю, місію і традыцыю. Таму юбілеі заснавання гістарычных Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі сталі добрай нагодай для таго, каб сучасная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія стварыла свой герб. І так сталася, створаны герб архідыяцэзіі. Геральдычныя сімвалы, змешчаныя на гэтым гербе, азначаюць пашану вернікаў і духавенства нашай архідыяцэзіі да Багародзіцы і да Арханёла Міхала. Герб таксама сімвалізуе складаную гісторыю, у якой шматлікія мучанікі і вызнаўцы выявілі вернасць Хрысту і Яго Касцёлу.
Аб падзеях мінулага і сучасным жыцці Архідыяцэзіі цяпер можна даведацца з афіцыйнага сайта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Catholicminsk.by, рэдакцыя якога ўчора ўрачыста запрасіла на свае старонкі зацікаўленных чытачоў. Была таксама пагашана юбілейная паштовая марка «Архітэктура Беларусі. Каталіцкія храмы. Архікафедральны касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску».
- Юбілей Магілёўскай архідыяцэзіі.
У гэтым годзе мы таксама адзначаем юбілей заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі. 15 красавіка 1783 года Апостальская Сталіца зацвердзіла ініцыятыву тагачасных дзяржаўных уладаў заснаваць Магілёўскую архідыяцэзію з сядзібай біскупа ў Санкт-Пецярбургу. Святкаванне гэтай падзеі адбудзецца 7 кастрычніка гэтага года ў Магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі падчас VII Ружанцовага кангрэсу, які пройдзе пад дэвізам: «Марыя і Ружанец у дамініканскай школе малітвы».
- Ісці за Езусам.
У сённяшнім евангельскім фрагменце мы пачулі, што пасля таго, як апостал Пётр вызнаў сваю веру ў тое, што Езус з’яўляецца Месіяй, Сынам Божым, Езус растлумачыў апосталам, што насамрэч азначае Яго місія. Езус разумеў, што, хоць Ён тройчы прадказаў свае пакуты і смерць, Яго вучні ўсё яшчэ думалі пра Месію-пераможцу, валадара-ваяра, які выганіць рымлян з Палестыны і прывядзе Ізраэль да ўлады. Вось чаму Пётр не мог вынесці думкі аб тым, што Месію чакаюць цярпенні і пакуты. Менавіта тады Езус так строга папракнуў Пятра: «Адыдзі ад Мяне, сатана», тым самым спрабуючы знішчыць тое, што насамрэч было спакусай злога, які заклікаў Яго ўхіляцца ад выканання місіі, дзеля якой Ён прыйшоў.
Старажытны хрысціянскі пісьменнік Арыген меркаваў, што Езус сказаў Пятру: «Пётр, тваё месца за Мною, а не перада Мною. Тваё заданне — ісці за Мной тым шляхам, які Я выбіраю, а не спрабаваць весці Мяне тым шляхам, якім бы вы хацелі, каб Я ішоў».
- Рэалізоўваць вучэнне Хрыста
Добрая навіна Евангелля заключаецца ў тым, што з ласкі Божай пакаянне не толькі магчымае, але і верагоднае, калі мы будзем вернымі ў малітве. Як і апостал Пётр, Касцёл часта падвяргаецца спакусе ацэньваць поспех або няўдачу свайго служэння паводле стандартаў гэтага свету. Але Езус вучыць, што свецкі поспех — гэта не заўсёды хрысціянскі шлях. Вось чаму Езус вырашыў супрацьстаяць сілам кніжнікаў і фарысеяў у асяроддзі іх улады ў Ерузалеме, добра разумеючы, якімі пакутлівымі будуць наступствы. Хрыстус прапаноўвае тры ўмовы хрысціянскага вучнёўства: адрачыся ад сябе, прыняць крыж свайго штодзённага жыцця, кожны дзень рэалізоўваць вучэнне Хрыста.
Адрачэнне ад сябе ў першую чаргу азначае вызваліць нашыя сэрцы ад эгаістычных думак, жаданняў і схільнасцяў і дазволіць Богу напоўніць нашыя сэрцы Яго прысутнасцю, з пакораю прыняць свой штодзённы крыж. Але трэба памятаць, што наш крыж становіцца крыжам Езуса тады, калі мы пакутуем, самаахвярна служачы іншым; калі мы аддаем сябе — сваё здароўе, багацце, час і здольнасці дзеля служэння іншым; калі мы далучаем нашыя фізічныя, псіхічныя ці эмацыйныя цярпенні да цярпенняў Езуса і ахвяруем іх разам з Ім Айцу ў якасці перапрашэння і ўміласціўлення за нашыя грахі і грахі свету; калі мы супрацоўнічаем з Духам Святым, які ачышчае нас праз нашыя асабістыя цярпенні ці пакаяльныя практыкі.
Ісці за Хрыстом азначае, што мы як вучні Хрыста павінны жыць згодна са словам Божым, выконваючы запаведзь любові. Многім заклік ісці за Тым, хто штодзённа просіць нас «узяць свой крыж», здаецца глупствам. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла запісана, што «шлях дасканаласці», гэта значыць шлях да святасці, «пралягае праз крыжовы шлях» і што «няма святасці без адрачэння і духоўнай барацьбы».
- Благаслаўленне
Дарагія браты і сёстры! Каталіцкі Касцёл на тэрыторыі нашай бацькаўшчыны здзяйсняе сваю місію ад самага пачатку прыняцця хрысціянства, а не толькі на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў.
Дзякуй Пану Богу за ахвярных сведкаў веры, якія былі адданыя Хрысту «аж да праліцця крыві»; дзякуй ўсім тым, хто на працягу стагоддзяў прысвяціў сваё жыццё рэлігійнаму, асветніцкаму і сацыяльнаму служэнню Касцёла людзям.
Благаслаўляем тых, хто сёння самаахвярна служыць дзеля абвяшчэння Радасці Евангелля — Хрыстус Жывы!
Молімся за нашу будучыню, таму «кідаем з любоўю зерне веры Божага слова» ў сэрцы нашых дзяцей і моладзі — нашай надзеі.
На гэтым сумесным шляху вандравання дарогамі веры, святкавання юбілею гістарычнага заснавання Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцзіі, якія пазней ўвайшлі ў склад нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, няхай намі апякуецца Найсвяцейшая Панна Марыя Будслаўская і святы Міхал Арханёл — абраныя Апекуны Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
Ад шчырага пастырскага сэрца ўсіх благаслаўляю,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 2 верасня 2023 г.
P.S. Гэтае пасланне належыць абвясціць вернікам 3 верасня 2023 года і размясціць на парафіяльных дошках аб’яваў, а таксама на інтэрнэт-старонках ці на старонках парафій у сацыяльных сетках.