Skip to main content

ЛІСТ ДА ДЗЯЦЕЙ НА АДВЭНТ 2023 ГОДА

  • 30 лістапада, 2023
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Тэкст Паслання для друку ТУТ>>>

Вось Пан Бог надыходзіць,
Са святымі прыбывае,
І святло ўсім заяснее.
Аллелюя, аллелюя!
                     (Песня «Вось Пан Бог надыходзіць»)

Дарагія дзеці,
наймалодшыя вернікі нашай архідыяцэзіі !

Звяртаюся да вас як ваш біскуп і ваш сябра напачатку новага літургічнага перыяду, які называем Адвэнтам. Мы называем яго таксама радасным чаканнем нараджэння нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Прыходзячы ў касцёл, мы бачым асаблівыя сімвалы падрыхтоўкі да гэтай радаснай падзеі. Па шматгадовай традыцыі ў святынях змяшчаецца Адвэнтавы вянок, зроблены з зялёных галінак. Унутры гэтага вянка ўсталяваны чатыры свечкі. Тры з іх – фіялетавага колеру, а адна – ружовага. Гэты Адвэнтавы вянок мае багатую сімволіку – святло, зеляніна і кола азначаюць супольнасць, якая ў любові і радасці чакае прыйсця Пана. Яркае святло кожнай свечкі – гэта сімвал Хрыста, які ёсць нашым Святлом.

Усяго ў Адвэнце чатыры нядзелі. У кожную нядзелю мы будзем па чарзе запальваць па адной свечцы. Сёння, калі запальваем першую свечку, мы молімся да Езуса, просячы Яго ўвайсці ў нашыя сэрцы, каб Ён назаўсёды пасяліўся ў іх і каб мы любілі Яго. Дзякуючы гэтаму мы можам стаць больш падобнымі да Яго, каб мы маглі несці святло Хрыста ўсім людзям, якіх мы сустрэнем у сваім жыцці.

Любыя дзеткі. Хрыстус, які прыйшоў на гэты свет дзве тысячы гадоў таму назад, прыходзіць да нас у святой Камуніі, праз словы Евангелля, і гэта вялікая таямніца нашай веры. Вы добра ведаеце, што таямніцу часам цяжка разгадаць. Таму гэты час Адвэнту вельмі важны для кожнага з нас. Часам людзі могуць прайсці міма таямніцы, не заўважыўшы яе. У гэтую пару года вы ўбачыце людзей, якія спяшаюцца ў крамы, купляюць падарункі, увогуле людзі занятыя рознымі справамі. На жаль, некаторыя людзі, нават дарослыя, часта не ведаюць, як падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыста. А можа, яны проста забыліся, як гэта рабілі іх бацькі і бабулі?

Таму, Касцёл прапануе людзям парады, каб падрыхтоўка да свята Божага Нараджэння была плённай. У Касцёле адведзена чатыры тыдні на такую падрыхтоўку, бо гэта настолькі вялікая таямніца, што да яе патрэбна як след падрыхтавацца. У гэты час мы сімвалічна разам з Марыяй і Юзафам знаходзімся на шляху ў Бэтлеем, трымаючы ў руках запаленыя раратнія ліхтарыкі нашай веры і чування.

Мае дарагія сябры. Няхай у гэтым Адвэнце ў вас будзе больш часу на малітву і добрыя ўчынкі. Таксама я хацеў бы вам прапанаваць кароткую малітву, якую вы можаце паўтараць у Адвэнце: «Мой любячы Езу, у гэты Адвэнт я выбіраю Цябе сваім Валадаром і сваім Богам. Прыцягні мяне да сябе і дапамажы мне ўбачыць мае недахопы, каб можна было змяніць тое, што Ты хочаш, каб змянілася ўва мне. Марыя, Маці Божая, маліся за мяне ў гэты Адвэнт, каб можна было зрабіць усё, што хоча ад мяне Бог».

Любыя дзеткі. Адначасова дзякую вам за вашую прысутнасць у касцёле на Раратняй святой Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзякую за тое, што вы ходзіце на катэхезу, і, як распавядаюць мне катэхеты, вы вельмі зацікаўлены пазнаваннем Божай Праўды, вы вельмі руплівыя, і гэта вельмі добра і правільна. Прашу вас, калі будзеце са сваімі блізкімі сябрамі і сяброўкамі размаўляць аб надыходзячых святах Божага Нараджэння і Новага году, памятайце, што сапраўднымі гэтыя святы будуць тады, калі мы наш позірк і думкі скіруем на вялікі Дар ад Бога, – на Езуса Хрыста, які нараджаецца, каб быць Богам з намі. Таму ўсе разам будзем з малітваю чакаць і заклікаць Яго: «Прыйдзі да нас, Пане, прыйдзі са сваёю ласкай, прыйдзі і не спазняйся!»

На час адвэнтавай падрыхтоўкі ад усяго сэрца благаслаўляю
 ў імя Айца i Сына, i Духа Святога.

Ваш старэйшы сябра,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі