Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: “Ад сэрца да сэрца” – ад Мар’інай Горкі для Чавусаў

  • 3 мая, 2024
  • Тэкст і фота: Ірына Казырэнка

1 мая, ва ўспамін св. Юзафа Рамесніка, парафіяльная супольнасць Мар’інай Горкі вырашыла наведаць Магілёўшчыну, каб падтрымаць вернікаў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Чавусах.

Нядаўна арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваім звароце да духавенства і вернікаў на Нядзелю Добрага Пастыра зазначыў, што распачацце ініцыятывы “Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне” не з’яўляецца перашкодай для іншых магчымасцяў дапамогі паасобным парафіям ці святарам Магілёўшчыны — напрыклад, запрашэнне душпастыраў на рэкалекцыі, збор ахвяраванняў на канкрэтныя мэты і г. д.

Па ініцыятыве пробашча парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы кс. Генрыха Кучынскага спадаром Віталіем Сахаравымбыла для чавускай супольнасці была прывезена дапамога ў выглядзе фінансавага ахвяравання, якое будзе выкарыстана для працягу рамонтных прац у жылой частцы парафіяльнага будынка. Але гэта яшчэ не ўсё. Стараннямі ўласнай працы святаром і мужчынамі Мар’інай Горкі быў зроблены паклонны крыж, дошка аб’яў, а таксама загатоўка для сімвалічных ясляў на Божае Нараджэнне.

Дзень перадачы дапамогі быў выбраны невыпадкова – менавіта ўспамін св. Юзафа Рамесніка прыпамінае нам праўду пра тое, што чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, атрымаў заданне кіраваць і ўдасканальваць навакольны свет у справядлівасці і святасці, што адбываецца перадусім праз звычайную працу. Сваёй працай і працавітасцю чалавек, удзельнік боскага майстэрства і боскай мудрасці, робіць яшчэ больш прыгожым стварэнне, сусвет, які ўжо ўпарадкаваны Айцом.

Ад імя вернікаў парафіі кс. Андрэй Кеўліч, які на дадзены момант апякуецца парафіяльнай супольнасцю ў Чавусах, выказвае шчырую ўдзячнасць усім, хто далучыўся да гэтай незвычайнай справы, за салідарнасць і неабыякавасць для Касцёла на Магілёўскай зямлі.