Ксёндз Андрэй Кеўліч прыняў службовыя абавязкі дэкана Магілёўскага дэканату
- 15 красавіка, 2022
- Фота: кс. Павел Сідарэнка
- Mohylev-Katolik.by
25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у Магілёве адбылася працэдура прыняцця пробашчам парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках ксяндзом Андрэем Кеўлічам службовых абавязкаў дэкана Магілёўскага дэканату.
Як нагадвае сайт Магілёўскага дэканату Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі mohylev-katolik.by, дыяцэзіяльнае права кажа аб тым, што «новапрызначанага дэкана знаёміць з яго службовымі абавязкамі дэлегат дыяцэзіяльнага біскупа, перадаючы яму архіў і пячатку дэкана, а таксама складаючы аб гэтым пратакол у двух экзэмплярах, адзін з якіх дасылае ў дыяцэзіяльную курыю, а другі пакідае ў архіве дэканату».
У гадзіну Божай Міласэрнасці ксёндз Андрэй Кеўліч, які рашэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага 17 сакавіка быў прызначаны Магілёўскім дэканам, у старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве ў прысутнасці Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, ксяндза Віталія Чабатара СMF, віцэ-дэкана, а таксма ксяндза Паўла Сідарэнкі, вікарыя магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, прамовіў вызнанне веры, а таксама прынёс прысягу вернасці, у якой паабяцаў, што будзе «з найвялікшай стараннасцю і вернасцю выконваць абавязкі, давераныя адносна Паўсюднага Касцёла, так і Партыкулярнага, у якім пакліканы да служэння».
Біскуп Яшэўскі пазнаёміў новапрызначанага дэкана з яго службовымі абавязкамі. Ксяндзу Андрэю быў перададзены архіў і пячатка дэкана Магілёўскага дэканату. Аб гэтым быў складзены адпаведны дакумент у двух экзэмплярах, адзін з якіх быў дасланы ў дыяцэзіяльную курыю, а другі застаўся назаўжды ў архіве і гісторыі дэканату.