Skip to main content

Зварот арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, у сувязі са святкаваннем урачыстасці Маці Божай Будслаўскай

  • 21 чэрвеня, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
  • Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>
  • Праграма Будслаўскага фэсту ТУТ>>>

Шаноўныя браты ў біскупскім служэнні, святары, манаскія асобы, семінарысты, любая моладзь, дарагія дзеці, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Ужо неўзабаве, як і штогод, мы сустрэнемся на ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе — як мы кажам, на Будслаўскім фэсце. Нацыянальны санктуарый Маці Божай збярэ нас на адно з найважнейшых Марыйных святаў Касцёла ў Беларусі.

Cардэчна запрашаю вас 5 і 6 ліпеня ў Будслаў, каб і сёлета мы маглі разам сустрэцца, памаліцца і дзякаваць за «вялікія справы», якія Пан Бог учыніў нам у мінулым годзе, і папрасіць Яго дапамогі на будучыя здзяйсненні.

Мае дарагія, мы ведаем, што Марыя — наша Каралева, і такім чынам жадаем паказаць, што хочам, каб Марыя вяла нас, каб ахінала нас матчынай апекай, падтрымлівала і падказвала, як тады на вяселлі ў Кане Галілейскай, што нам зрабіць у наш час, каб нашае жыццё адпавядала Божай волі: праз Беззаганнае Сэрца Марыі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Гэты год — асаблівы.

Сёлета мы здзейснім Інтранізацыю, гэта значыць прысвячэнне Касцёла на Беларусі, кожнага з нас, Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, як гэта зрабілі нашыя продкі 125 гадоў таму па закліку Папы Льва XIII.

Браты і сёстры, зразумела, што не ўсе змогуць прысутнічаць на гэтай урачыстасці у Будславе з розных прычын: з-за працы, вучобы, апекі над малымі дзяцьмі, чування пры ложку састарэлай або нямоглай асобы, службы ў войску або заключэння ў месцах зняволення. Мы абяцаем нашу малітву за вас, і я прашу вас яднацца з намі духоўна ў гэтыя дні на малітве Інтранізацыі.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае, змілуйся над намі.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 21 чэрвеня 2024 г.