Пасланне з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і абвяшчэння Года падзякі Маці Божай
- 14 ліпеня, 2023
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
- Сatholic.by
АРЦЫБІСКУП ЮЗАФ СТАНЕЎСКІ МІТРАПАЛІТ МІНСКА-МАГІЛЁЎСКІ
Найсвяцейшае Сэрца Езуса,
прыйдзі Валадарства Тваё
праз Беззаганнае Сэрца Марыі…
- Тэкст паслання для друку ТУТ>>>
- Распараджэнне, план і праграма наведвання санктуарыя, праграма парафіяльнага этапу падрыхтоўкі ТУТ>>>
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
У кожнай знакавай святочнай падзеі ёсць пэўны перыяд падрыхтоўкі, час святкавання і падзякі. У Будславе мы ўрачыста адзначылі юбілей 25-годдзя з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, якая адбылася па даручэнні папы Яна Паўла ІІ, і ў гэтым юбілеі узяў удзел Спецыяльны пасланнік папы Францішка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, нядаўна менаваны кардыналам. Святкаванню папярэднічала асаблівая малітоўная падрыхтоўка — Вялікая навэнна. На працягу дзевяці месяцаў у межах гэтай навэнны да Маці Божай Будслаўскай адбываліся пілігрымкі вернікаў разам з іх душпастырамі і кансэкраванымі асобамі з усіх дыяцэзій нашай Айчыны. Найбольш знакавай у гэтай малітоўнай падрыхтоўцы да святкавання юбілею была пілігрымка першакамунійных дзяцей у Нацыянальны санктуарый. Хачу падзякаваць усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і правядзення гэтай Вялікай навэнны, а таксама кожнаму пілігрыму за асабісты ўдзел. Асаблівая падзяка тым вернікам і святарам, якія на працягу ўсіх дзевяці субот прыязджалі да нашай Матулі ў Будслаў, не зважаючы на дрэннае надвор’е і халады.
Для таго, каб мы маглі падзякаваць Маці Божай за Яе нястомную апеку над нашай краінай і за шчодрасць атрыманых ласкаў, з 5 жніўня 2023 года да 6 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе Мінска-Магілёўская архідыяцэзія будзе праводзіць малітву падзякі Маці Божай (гл. план наведвання), а таксама малітоўную падрыхтоўку да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса з нагоды 125-годдзя прысвячэння Яму ўсяго чалавецтва папам Львом ХІІІ.
Адзначаючы сёлета 225-гадовы юбілей Мінскай дыяцэзіі і 240-годдзе Магілёўскай архідыяцэзіі, хочацца падкрэсліць, што ўсе біскупы, якія кіравалі нашай архідыяцэзіяй, былі вялікімі шанавальнікамі Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі ў сваіх пастырскіх лістах заахвочваў да інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў сем’ях і ў парафіях. Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк таксама прасіў святароў, каб яны заахвочвалі вернікаў да адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў першы чацвер месяца, у набажэнствах, прысвечаных дзевяці першым пятніцам і пяці першым суботам. Таксама і мой папярэднік, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які асабіста сустракаўся з сястрой Люцыяй, візіянеркай у Фаціме, падкрэсліваў важнасць набажэнстваў першых пятніц і першых субот, што асабліва распаўсюдзіліся ў нашым Касцёле падчас святкавання 100-гадовага юбілею аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай.
Такім чынам, дзякуючы захаванню традыцыі, культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў нашай краіне не страціў сваёй важнасці пасля адраджэння структур Касцёла, але змяняюцца пакаленні, у Касцёл прыходзяць новыя вернікі, і многія маладыя людзі, на жаль, не ведаюць гэтага набажэнства. У сувязі са 125-годдзем прысвячэння чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў нас ёсць добрая нагода заахвоціць, каб культ Сэрца Езуса распаўсюдзіўся ў кожнай парафіі.
Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і спецыяльных малітваў (гл. праграма наведвання), будзе першая субота кожнага месяца (выключэнне — верасень, кастрычнік, студзень) на працягу ўсяго Года падзякі ў Нацыянальным санктуарыі, куды, згодна з устаноўленым планам, з паасобных дэканатаў архідыяцэзіі (паслядоўнасць паводле алфавіта) запрашаюцца ўсе супольнасці вернікаў (асабліва першакамунійныя дзеці ў суботу 1 чэрвеня 2024 года) для ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай у Яе цудадзейным абразе, які на працягу стагоддзяў славіцца асаблівымі ласкамі.
У межах Года падзякі ў Нацыянальным санктуарыі будзе адбывацца падрыхтоўка да прысвячэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Абавязковымі пунктамі падрыхтоўчай праграмы будуць набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі; Фацімскі Ружанец пад дэвізам «Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі!»; канферэнцыя на тэму адной з Божых запаведзяў і перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса за парушэнне гэтай Божай запаведзі. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэтая падрыхтоўка будзе таксама праходзіць на парафіяльным узроўні (гл. дадатак).
На заканчэнне Года падзякі, 6 ліпеня 2024 года, у межах святкавання фэсту ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будзе здзейснена інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса — прысвячэнне Яму ўсяго мясцовага Касцёла.
Гэтае прысвячэнне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб мы заставаліся вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні.
У Акце інтранізацыі будзем прасіць аб еднасці ў нашых сем’ях і іх аднаўленні, каб яны былі асяродкамі любові і міру, свабоднымі ад здрады, агрэсіі і насілля, адкрытымі для новага жыцця і здольнымі перадаваць веру і традыцыю продкаў новым пакаленням. Будзем прысвячаць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса нашую моладзь, каб яна знаходзіла сэнс жыцця і ішла за голасам Бога, каб сэрцы маладых людзей палалі любоўю да Збаўцы, каб іх энтузіязм і вера аднаўлялі Касцёл.
Дарагія браты і сёстры!
З нагоды 125-годдзя прысвячэння чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будзе праходзіць падрыхтоўка да інтранізацыі на парафіяльным узроўні. Ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі са жніўня 2023 года да чэрвеня 2024 года неабходна правесці спецыяльную падрыхтоўку, рэалізаваўшы адпаведную душпастырскую праграму (гл. дадатак), каб 7 чэрвеня 2024 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у кожнай парафіі архідыяцэзіі ўрачыста здзейсніць прысвячэнне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Для гэтага нам усім неабходна аднавіць культ Божага Сэрца ў асабістым жыцці духоўных і свецкіх асоб, у сужэнствах і сем’ях, у парафіях і супольнасцях, каб увесь народ Божы годна прысвяціў сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Нашыя штомесячныя набажэнствы на працягу Года падзякі ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе будзе дапаўняць малітоўная падрыхтоўка ў парафіях архідыяцэзіі, а менавіта: у кожны першы чацвер месяца падчас публічнай паўгадзіннай адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам (па магчымасці) будзем маліцца за святароў (таксама за памерлых) і аб новых пакліканнях; у кожную першую пятніцу (па магчымасці, падчас адарацыі) у кожнай парафіі будзе праводзіцца набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое будзе завяршацца Актам уміласціўлення, а ў кожную першую суботу месяца (па магчымасці, падчас адарацыі) у кожнай парафіі будзе праводзіцца набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі, Фацімскі Ружанец і будзе адбывацца пілігрымка ў Будслаў (вызначаны дэканат і ўсе ахвотныя). Матэрыялы, неабходныя для правядзення падрыхтоўкі да інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, будуць падрыхтаваны і выдадзены выдавецтвам «Про Хрысто».
Іншыя Рыма-каталіцкія дыяцэзіі і Апостальская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі запрашаюцца да ўдзелу ў святкаванні Года падзякі і падрыхтоўкі да інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса з нагоды 125-годдзя прысвячэння Яму ўсяго чалавецтва, якія арганізуе Мінска-Магілёўская архідыяцэзія.
Давяраючы ўсіх нас заступніцтву Багародзіцы Марыі, Апякункі Беларусі ў Будслаўскай святыні, на шлях падрыхтоўкі да інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святкавання Года падзякі ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
У 25-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.
Будслаў, 2 ліпеня 2023 г., урачыстасць Маці Божай Будслаўскай
P.S. Пробашчам належыць абвясціць гэтае пасланне вернікам 16 ліпеня 2023 года і размясціць на парафіяльных дошках аб’яваў, а таксама на інтэрнэт-старонках ці на старонках парафіі ў сацыяльных сетках