Апостальская нунцыятура: завяршае сваё служэнне ў Беларусі монсіньёр Джон Джон Каларакал
- 3 лютага, 2023
- Сatholic.by
Саветнік Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь монсіньёр Джон Джон Каларакал завяршае служэнне ў нашай краіне.
Па распараджэнні Дзяржаўнага Сакратарыяту Святога Пасаду, згодна з рашэннем Папы Францішка, монсіньёр Джон Джон Каларакал з канца лютага працягне працу на дыпламатычнай службе Святога Айца ў Апостальскай нунцыятуры ў Германіі.
Монсіньёр Джон Джон Каларакал паходзіць з Канджырапалі (штат Кэрала, Індыя) і належыць да мясцовай сіра-малабарскай каталіцкай супольнасці, якая бярэ пачатак ад святога апостала Тамаша. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 28 снежня 1992 года. З’яўляецца доктарам кананічнага права і выпускніком Папскай дыпламатычнай акадэміі. З ліпеня 2002 года распачаў дзейнасць на дыпламатычнай службе Святога Пасаду.
1 ліпеня 2022 года быў прызначаны саветнікам Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, а да гэтага займаў такую ж пасаду ў нунцыятуры ў Вялікабрытаніі.
Знаходзячыся ў Беларусі, монсіньёр Каларакал не абмяжоўваў сваё служэнне выключна выкананнем дыпламатычных функцый. Па меры магчымасці, святар браў удзел у цэлебрацыях з удзелам вернікаў і дапамагаў у душпастырстве замежных студэнтаў пры парафіі Найсвяцйешай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.