Skip to main content

Адбылася першая “выязная” сустрэча апостальскага руху “Маргарытка”

17 сакавіка
  • 19 сакавіка, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: з архіва апостальскага руху “Маргарытка”

17 сакавіка, у V Нядзелю Вялікага Посту, адбылася сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка” ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Гэта была першая сустрэча руху па-за горадам Мінскам. Апроч мясцовых актывістаў, якія па аб’ектыўных прычынах не маглі прыязджаць у Мінск на штомесячныя сустрэчы, прысутнічалі таксама прадстаўнікі руху са сталічных парафій, якія, жадаючы падтрымаць сваіх калег, арганізавалі паездку на сустрэчу ў Вілейку.

На пачатку сустрэчы адбылася канферэнцыя, падчас якой архідыяцэзіяльны мадэратар апостальскага руху “Маргарытка” кс. Павел Эйсмант распавёў прысутным аб “пачатках” гэтага малітоўнага руху, гэта значыць, распавёў гісторыю яго паўстання. Святар звярнуў увагу на тое, што кожнае пакліканне святара і манаскай асобы мае свой “пачатак”, да якога варта вяртацца, асабліва падчас перажывання імі крызісу паклікання.

Пасля канферэнцыі прысутныя адаравалі Найсвяцейшым Сакрамэнт, спачатку ў цішыні, а потым молячыся ружанец за святароў і кансэкраваных асоб, якія знаходзяцца пад малітоўнай апекай “маргарытак”.

Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую цэлебраваў і падчас якой прамовіў казанне кс. Павел Эйсмант. У разважанні над Божым словам мадэратар руху звярнуў увагу на словы Пана з Кнігі прарока Ераміі: “Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет… Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам” (Ер 31, 31. 33). Бог заўсёды гатовы заключыць і захоўваць запавет са сваім народам, Ізраэлем, нягледзячы на яго нявернасць Яму. Адсюль узнікае патрэба захавання адзінства з Богам, а праз Яго са сваімі бліжнімі. Была асабліва падкрэслена неабходнасць адчування веруючымі сваёй прыналежнасці да Касцёла як Містычнага Цела Хрыста.

Такім чынам, быў дадзены старт фармацыйным сустрэчам “маргарытак” у іх родных парафіях.