Skip to main content

Зварот Мітрапаліта Юзафа Станеўскага да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Нядзелю Добрага Пастыра

26 красавіка
  • 22 красавіка, 2026
  • Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by

26 красавіка, у IV Велікодную нядзелю (Нядзелю Добрага Пастыра), якая распачынае тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага і манаскага служэння, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачынаецца штогадовая ініцыятыва «Дар сэрца для парафій у патрэбе». З гэтай нагоды арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе святарам і вернікам архідыяцэзіі адмысловы зварот.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ЗВАРОТ ДА ДУХАВЕНСТВА І ВЕРНІКАЎ
МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАЙ АРХІДЫЯЦЭЗІІ
НА НЯДЗЕЛЮ ДОБРАГА ПАСТЫРА
26 красавіка 2026 г.

Паважаныя браты ў святарстве Хрыстовым, дарагія браты і сёстры!

Кожны год IV Велікодная нядзеля прыходзіць да нас як асаблівы дзень — дзень Добрага Пастыра. У гэты дзень Касцёл ва ўсім свеце ўзносіць малітвы аб новых пакліканнях, просячы Пана, каб Ён дакрануўся да маладых сэрцаў і запаліў у іх жаданне служыць Яму і людзям. Гэтая малітва — наш давер Богу, які ніколі не пакідае свайго статку.

Сёння, у Нядзелю Добрага Пастыра, мы распачынаем у нашай архідыяцэзіі штогадовую ініцыятыву «Дар сэрца для парафій у патрэбе», якая будзе трываць да свята Перамянення Пана, 6 жніўня. Гэта не проста акцыя — гэта шлях братэрства, знак таго, што мы сапраўды з’яўляемся адной сям’ёй, у якой ніхто не застаецца сам-насам са сваімі цяжкасцямі.

Мэта гэтай ініцыятывы — падтрымаць парафіі і святароў, якім цяжка самастойна забяспечыць усе патрэбы душпастырскай дзейнасці, рэалізацыю праектаў і бягучыя выдаткі. Гэта наш супольны адказ на заклік Евангелля: «Насіце цяжары адзін аднаго» (Гал 6, 2).

У мінулым годзе, дарагія вернікі, дзякуючы вашай шчодрасці мы ўжо бачым плён у працах, якія вядуцца:

  • замена агароджы ў Мсціслаўлі;
  • замена дзвярэй і вокнаў у Крычаве;
  • набыццё газавага катла для парафіяльнага дома ў Бабруйску;
  • упарадкоўваецца дакументацыя на парафіяльныя будынкі ў Мсціслаўлі і ў магілёўскай парафіі святога Антонія;
  • аказана падтрымка душпастырству дзяцей і моладзі ў парафіі святога Антонія ў Магілёве;
  • аплачваюцца камунальныя паслугі ў малаколькасных парафіях;
  • арганізавана дапамога ў даездах святароў да душпастырскіх пунктаў;
  • і шмат іншых патрэбных спраў.

Сёлета мы зноў запрашаем вас далучыцца да гэтай прыгожай справы. Кожная ахвяра — вялікая ці маленькая — становіцца зернем, з якога вырастае дабро. Скласці ахвяраванне можна ў адмысловую скарбонку ў парафіяльным касцёле або анлайн праз QR-код і АРІП.

Дарагія браты і сёстры, дзякую вам за вашу шчодрасць, за вашу веру, за ваш давер Богу і Касцёлу. Няхай Добры Пастыр благаславіць кожнага з вас і адудзячыць сторазова.

Памятайце: Касцёл — гэта сям’я сем’яў. Мінска-Магілёўскі Касцёл — гэта мы разам. І мы разам нясём адказнасць за яго сёння і яго будучыню.

На ўдзел у ініцыятыве «Дар сэрца для парафій у патрэбе» і на малітву аб новых і святых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця ўдзяляю вам сваё пастырскае благаслаўленне ў імя Айца, † і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Aрцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 2 красавіка 2026 г.,
Вялікі Чацвер

P. S. Святарам неабходна прачытаць тэкст Звароту ў IV Велікодную нядзелю, 26 красавіка 2026 года, падчас кожнай святой Імшы ў парафіяльных аб’явах.