Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч ва ўрачыстасць святога Юзафа: Жыць верай і быць людзьмі Эўхарыстыі

22 сакавіка
  • 23 сакавіка, 2026
  • Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

22 сакавіка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў адпустовую Імшу ў парафіі святога Юзафа ў Мінску.

У гаміліі дастойны іерарх разважаў пра падзеі, якія адбываліся пасля Звеставання, калі пасланец Божы арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Бог выбраў яе быць Маці Збаўцы: «Тады яна аказалася ў няёмкай сітуацыі, бо была толькі заручана з Юзафам, але яшчэ не жыла з ім. Тым не менш, даведаўшыся ад анёла, што зачне ад Духа Святога, яна згадзілася з Божай воляй, бо ведала, што калі Бог чагосьці хоча, то хоча толькі дабра».

«Гэта быў вырашальны момант у гісторыі чалавецтва, які адкрыў дарогу для прыйсця ў свет Збаўцы – Бога-чалавека Езуса Хрыста»,

— падкрэсліў арцыбіскуп.

Аднак, каб гэты Божы план мог рэалізавацца згодна з габрэйскім законам таго часу, будучы Збаўца павінен быў мець «афіцыйнага» бацьку. Для гэтага Бог выбраў Юзафа, звычайнага цесляра.

«Можам сабе толькі ўявіць у якой складанай сітуацыі аказаўся заручаны з Марыяй Юзаф, калі убачыў, што яна цяжарная. Аб чым мог тады падумаць? Аб здрадзе, — разважаў прамоўца. — Паводле габрэйскага закону здрада каралася ўкаменаваннем. Перад ім узнікла дылема, як паступіць. На дапамогу прыйшоў Бог, які праз анёла сказаў яму ўзяць у свой дом Марыю, бо з яе народзіцца зачаты ад Духа Святога Збаўца свету. Пры гэтым ён сказаў Юзафу назваць Яго Езусам».

Іерарх заўважыў, што калі сцэну спаткання Марыі з арханёлам Габрыэлем мы называем Звеставаннем, то таксама Звеставаннем можам назваць і сцэну спаткання Юзафа з тым жа арханёлам. Як Марыя пагадзілася з Божай воляй, таксама з ёй пагадзіўся і Юзаф. Таму як Марыя, так і Юзаф заклікаюць нас «супрацоўнічаць» з Божай воляй і выконваць яе.

Святое Пісанне называе Юзафа vir iustus — чалавек справядлівы і праведны. Гэтыя тытулы з’яўляюцца сінонімам «святога», гэта азначае правільнага ў адносінах з Богам.

Прыклад святога Юзафа заклікае нас быць правільнымі ў адносінах з Богам. Гэта азначае слухаць Яго словы, верыць Яму, быць паслухмяным і выконваць тое, што Ён абвяшчае.

Святкаванне ўрачыстасці святога Юзафа, паводле арцыпастыра, прыгадвае нам старажытны афарызм, размешчаны на многіх статуях і алтарах, прысвечаных яму, які паходзіць з кнігі Быцця: «Ite ad Ioseph» — «Ідзіце да Юзафа». Гэтыя словы любіў казаць фараон галадаючым егіпцянам, каб ішлі да старазапаветнага Юзафа і прасілі хлеба.

З VIII стагоддзя святога Юзафа называюць Nutritor Domini — «Карміцель Пана», таму што ён карміў Святую Сям’ю. «Сёння ён, як апякун Касцёла, вядзе нас да найважнейшай духоўнай ежы — Эўхарыстыі. Юзаф трымаў у сваіх руках Езуса, які праз служэнне Касцёлу прыходзіць да нас у Эўхарыстыі. Таму святога Юзафа смела можна назваць не толькі чалавекам справялівым, але і эўхарыстычным, бо ён вядзе нас да гэтага цэнтральнага сакрамэнту» — рэзюмаваў іерарх.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да святога Юзафа:

«Святы Юзэфе, выпрасі для нас у Бога ласку быць людзьмі, якія слухаюць Яго слова, жывуць верай у Яго, паслухмяныя Яму і дзейнічаюць згодна з Яго наказамі, а таксама людзьмі Эўхарыстыі, каб, кормячыся Целам Хрыста, мы ішлі шляхам збаўлення».