Skip to main content

Жодзінскія вернікі запрашаюць на супольны online-Ружанец

31 мая
  • 31 мая, 2024
  • Тэкст: Яўген Лабкоўскі, Catholic.by

31 мая адзначаецца свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты. Гэта таксама апошні дзень, калі вернікі супольна моляцца Ларэтанскай літаніяй. Аднак, спіс набажэнстваў да Маці Божай на гэтым не вычэрпваецца. Цікавую ініцыятыву прапануюць усім жадаючым вернікі з жодзінскай парафіі Маці Божай Фацімскай, дзе сваё служэнне нясуць айцы марыяне. Ужо больш за 10 гадоў тут існуе штодзённая супольная малітва Ружанца праз камунікатар Skype. Касцёл у Жодзіна з’яўляецца санктуарыем Маці Божай Фацімскай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У 2013 годзе першы пробашч жодзінскай парафіі ксёндз Марэк Жук, марыянін, які ў той час быў душпастырам у Мікашэвічах (Пінская дыяцэзія), запрасіў усіх ахвотных маліцца Ружанцы праз інтэрнэт. З благаслаўлення біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ў лістападзе распачалася штодзённая малітва праз папулярны тады камунікатар Skype.

Ксёндз Марэк пачынаў Ружанец, і далей удзельнікі па чарзе маліліся таямніцы. Пасля малітвы святар звяртаўся да вернікаў з тлумачэннем Святога Пісання. Потым, пасля пераезду на новае месца служэння ў Партугалію, ксёндз далучаўся не кожны дзень, і вернікі прызвычаіліся маліцца самастойна.

Да Ружанца праз Skype пачалі далучацца знаёмыя ксяндза Марка з Беларусі, Украіны, Польшчы. Кожны маліўся на сваёй мове. Праз пэўны час удзельнікі пачалі добра разумець адно аднаго і маглі маліцца на розных мовах: польскай, украінскай, на лаціне.

Яшчэ адзін святар, які далучыўся да жывога Ружанца, быў ксёндз Юрый Катоўскі, місіянер аблат. Каля двух гадоў вернікі маліліся пад яго духоўнай апекай.

«Мы не лічым, колькі жадаючых далучалася і адыходзіла. Няма ніякіх патрабаванняў і абавязкаў, — сцвярджаюць удзельнікі. — Часам далучаліся і тыя, хто не наведвае касцёл, не мае малітоўніка, але яго душа патрабуе нейкага спосабу зносін з Богам, з яго Прачыстай Маці».

Пастаянныя ўдзельнікі малітоўных сустрэч імкнуцца падбадзёрваць новых калег і дзяліцца з імі ведамі.

«Першы крок — вось што бывае складана. Адарвацца аб мітусні і скіраваць свае думкі да галоўных каштоўнасцяў. І калі вызначыш сабе 30 хвілін, але штодзённа ў канкрэтны час, зрабіць гэты крок да малітвы значна лягчэй. Усе мы — пілігрымы на гэтым свеце, у кожнага шмат розных клопатаў, праблем, але разам усе справы становяцца лягчэйшымі. А разам з Хрыстом і Маці Божай заўсёды адчуваеш сябе лёгка і спакойна, як быццам разам са сваім Татам і Матуляй», — дзеляцца асабістым досведам удзельнікі.

Запіс супольнай малітвы на ружанцы праз Skype

Больш інфармацыі пра духоўную ініцыятыву ТУТ>>>