Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага да малітвы за дабрадзеяў
- 31 мая, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
«Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7).
Дарагія браты і сёстры!
Многія з нас знаёмыя з існаваннем і дзейнасцю Папскага фонду дапамогі Касцёлу ў патрэбе Kirche in Not (Касцёл у патрэбе), што мае сваю сядзібу ў Германіі і дапамагае людзям, якія апынуліся ў духоўнай ці фінансавай патрэбе. Фонд Kirche in Not — гэта арганізацыя, што складаецца з людзей, а дапамога, якую яны размяркоўваюць сярод патрабуючых, гэта, у сваю чаргу, фінансавыя ахвяраванні звычайных, аднак ахвярных людзей — дабрадзеяў. Большасць з іх застаюцца невядомымі, згодна з евангельскім прынцыпам Езуса: «Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою» (Мц 6, 2). Нам жа, людзям, якія атрымліваюць тую ці іншую дапамогу, варта кіравацца словамі святога апостала Паўла, які ў Першым Пасланні да Тэсаланікійцаў заахвочвае вернікаў гэтай супольнасці: «За ўсё дзякуйце» (1 Тэс 5, 18).
Такім чынам, у якасці выразу нашай глыбокай удзячнасці і сувязі з дабрадзеямі заахвочваю вас, дарагія святары і манаскія асобы, вернікі і тыя, хто адчуў дотык дапамогі, да малітвы за дабрадзеяў і тых, хто працуе ў Папскім фондзе Kirche in Not (Касцёл у патрэбе), ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якую сёлета будзем адзначаць 7 чэрвеня.
Гэтая ўрачыстасць абрана днём малітвы невыпадкова, таму што шчодрасць бярэ пачатак і чэрпае сваю сілу ў наследаванні міласэрнай любові Божага Сэрца: любоў да Бога і любоў да бліжняга непадзельныя. Прабітае Сэрца Збаўцы адкрывае нам, што Бог — гэта чыстая любоў і міласэрнасць. Тыя, хто міласэрны, наследуюць Бога ў Яго сутнаснай праяве.
Найпрыгажэйшым спосабам падзякі з’яўляецца цэлебрацыя святой Эўхарыстыі. Эўхарыстыя азначае падзяку. У святой Эўхарыстыі Езус нават перамяняе сваю пакуту ў падзяку і дае сябе на спажытак.
Браты і сёстры, 7 чэрвеня 2024 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, аб’яднайма нашы малітвы не толькі з тымі, хто нам дапамагае, але і з тымі нашымі братамі і сёстрамі, якія патрабуюць нашай дапамогі. Асаблівым чынам хочацца папрасіць аб малітве за састарэлых і самотных дабрачынцаў, якія часта могуць даць толькі «лепту ўдавы», але чыя вернасць і любоў з’яўляюцца сапраўдным адлюстраваннем Сэрца Езуса.
Няхай «Дзень дабрадзеяў» будзе вялікім святам удзячнасці, каб мы яшчэ больш нараджаліся і ядналіся ў любові Сэрца Езуса ў адзіную Божую сям’ю — у такую сям’ю, у якой не павінна быць патрабуючых.
З малітвай за ўсіх вас,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 31 мая 2024 г., у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі