З удзелам арцыбіскупа Станеўскага ў Навагрудку адбыўся Чацвёрты малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і
- 21 лістапада, 2024
- Тэкст: Дамінік Запаснік, фота: удзельнікі кангрэсу // Grodnensis.by
З 15 па 17 лістапада ў навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала ў чацвёрты раз адбыўся малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і. Мэтай яго правядзення было прынесці пакаянне за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і ў адпаведнасці са сцвярджэннем: “Без пакаяння няма збаўлення”.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, Арганізатарамі сустрэчы выступілі Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і парафія святога Арханёла Міхала. На кангрэсе сабраліся актывісты “Pro Life”, члены сямейных малітоўных рухаў, вернікі, якія займаюцца духоўным усынаўленнем, і тыя, хто пакутуе ад абортаў у сваіх сем’ях.
Самым важным днём у межах кангрэса была субота 16 лістапада. У гэты дзень адбылася пілігрымка пакаяння з Навагрудка ва Уселюб, колькасць удзельнікаў якой склала 80 чалавек.
Увечары пасля святой Імшы з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага быў прамоўлены ўрачысты Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і. Прамовіў яго сам арцыбіскуп.
Арганізатары кангрэса адзначаюць: “У нашай краіне ўжо 101 год – з 18 лістапада 1920 года – легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКА. Таму ў наш час асаблівым чынам “неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет” (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitae, 100)”.
Апошні дзень кангрэса быў прысвечаны малітве і выступленням, якія датычылі праблемаў у выхаванні дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных пагроз для сям’і.
Правядзенне гэтага кангрэса пры навагрудскай парафіі ўжо стала традыцыяй. На ім збіраюцца тыя, хто клапоціцца пра добрую будучыню для інстытута сям’і.