Упершыню ў гісторыі: вернікі ўбачаць рэліквіі святога Францішка
- 18 лютага, 2026
- Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня / Паводле
- Vatican News BY
У Асізі рыхтуюцца да ўнікальнай падзеі: з нагоды 800-годдзя смерці святога Францішка яго рэліквіі ўпершыню будуць выстаўлены для публічнага ўшанавання ў дольным касцёле базылікі.
Гістарычная ўрачыстасць распачнецца ў бліжэйшую суботу, 21 лютага. Труна з целам гэтага папулярнага святога будзе перанесена з крыпты Базылікі Сан-Франчэска ў дольную святыню. Цырымонію ўзначаліць Папскі дэлегат кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, што адкрые месяц інтэнсіўнай малітвы і культурных мерапрыемстваў.
Сотні тысяч пілігрымаў
Чакаецца, што Асізі наведаюць сотні тысяч чалавек.
Удзел у святых Імшах у Базыліцы таксама будзе магчымы толькі па папярэднім запісе, а ўрачыстую літургію на завяршэнне выстаўлення 22 сакавіка правядзе старшыня італьянскага епіскапату кардынал Матэа Дзупі.
Музыка пад скляпеннямі базылікі
Духоўная праграма будзе суправаджацца багатым культурным календаром у верхнім касцёле. Сярод выступоўцаў заяўлены хор лонданскай «Oratory School», капэла самой базылікі з творамі на тэму Мукаў Хрыста і «Orchestra da Camera Fiorentina».
Святы Францішак (1181/82-1226) застаецца для свету сімвалам евангельскай убогасці і любові да ўсяго стварэння. Ён пакінуў пасля сябе манаскую сям’ю, якая сёння налічвае каля 650 тысяч чалавек ва ўсім свеце. Яго спадчына, адзначаная клопатам пра мір і экалогію, працягвае натхняць мільёны людзей розных веравызнанняў.