Skip to main content

Вызначаны дэталі пахавання Папы Францішка

  • 25 красавіка, 2025
  • Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня, фота: Vatican News (Праект магілы Папы Францішка)
  • Паводле Catholic.by

На трэцяй Кангрэгацыі кардыналаў, якая адбылася 24 красавіка 2025 года, былі ўдакладнены дэталі пахавання Папы Францішка ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

Як паведаміў дырэктар Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні, з 11:00 23 красавіка да 13:00 24 красавіка 61 тысяча вернікаў аддала даніну павагі Папу Францішку ў Базіліцы Святога Пятра. Святыня будзе адкрыта для развітання да поўначы 24 красавіка, хаця гэты тэрмін можа быць падоўжаны ў залежнасці ад колькасці вернікаў.

«Цырымонія пахавання будзе прыватнай, але ўжо з раніцы нядзелі 27 красавіка 2025 года вернікі змогуць наведаць магілу Папы Францішка ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ»,

— паінфармаваў прэс-сакратар.

Нагадаем, што пахавальная Імша распачнецца раніцай 26 красавіка ў 10:00 па рымскім часе (11:00 па мінскім часе). Пасля эўхарыстычнай цэлебрацыі адбудуцца абрад і малітва апошняга развітання (Ultima commendatio і Valedictio). Затым труну з целам Пантыфіка перанясуць у Базыліку Святога Пятра, а адтуль – у Базыліку Санта-Марыя-Маджорэ для пахавання.