Вымярэнне служэння: у Жодзіне павіншавалі з 94-м днём народзінаў найстарэйшага святара Беларусі
- 15 мая, 2025
- Стоп-кадры: Youtube-канал «Костёл в Жодино»
- Паводле Catholic-zhodzina.by

14 мая споўнілася 94 гады найстарэйшаму святару ў Беларусі ксяндзу Юзафу Пятушку MIC з манаскай кангрэгацыі марыянаў. З гэтай нагоды падчас святой Імшы парафіяне віншавалі з днём нараджэння дастойнага святара.
Ксёндз Юзаф быў адным з заснавальнікаў жодзінскай парафіі ў 1992 годзе. З таго часу ён непарыўна звязаў свой лёс не толькі з барысаўскай парафіяй Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе служыў доўгі час, але і з жодзінскімі католікамі.

Усе, хто хоць аднойчы пазнаёміўся з гэтым святаром, адчувалі яго добразычлівасць і павагу да людзей любога ўзросту. Таму і сёння тэлефон святара не змаўкае ад віншаванняў. На кожнай Імшы парафіяне моляцца аб здароўі для ксяндза Юзафа і жадаюць яму доўгіх гадоў жыцця.

Пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне ксёндз Віталій Даніловіч MIC узгадаў наступны факт: «Айцец Юзаф прыехаў у Беларусь, ва ўзросце, калі людзі ўжо ідуць на пенсію. Яму тады было каля 60-і гадоў. І распачынаць прыйшлося з нуля. Але потым я сам быў сведкам, калі людзі ў Барысаве прыходзілі і казалі: “А вось мяне ахрысціў ксёндз Юзаф і я хачу хадзіць у касцёл”. Прайшло 15 гадоў, але гэта спрацоўвала».

Святар падзякаваў ксяндзу Юзафу за тое, што «сваё сэрца ўчыніў сэрцам Бога і праз сваё жыццё і служэнне змог паказаць шмат каму дарогу да Бога».

Ксёндз Віталій дадаў, што як законнік марыянін удзячны ксяндзу Юзафу Пятушку, якога малодшыя субраты называюць «наш патрыярх», за прыклад святарства, якога ад яго яны вучацца.