“Выходныя з Францішкам” пад кіраўніцтвам братоў капуцынаў, якія служаць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прайшлі ў Навагрудку
- 18 кастрычніка, 2024
- Тэкст: Вольга Дзямешка, фота: Крысціна Любко // Catholicminsk.by

З 11 па 13 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі “Выходныя з Францішкам”.
Духоўныя практыкаванні праводзілі браты капуцыны з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (брат Уладзіслаў Мінько OFMCap і брат Сяргей Гусар OFMCap) і парафіі святога Валянціна ў Смалявічах (брат Вадзім Войцік OFMCap). Братам дапамагалі валанцёры з моладзевай супольнасці “ФМ Таў”.

У рэкалекцыях прымалі ўдзел больш за 40 чалавек з розных мясцін Беларусі: Маладзечна, Мінска, Смалявіч, Астраўца, Баранавіч і Гродна. Сярод іх былі як прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх, так і людзі, якія толькі пачынаюць сваё знаёмства з францішканскай духоўнасцю.

Падобныя рэкалекцыі для дарослых адбываліся ўпершыню. Дакладная іх праграма не была загадзя вядома ўдзельнікам. Нечаканасць – адметная рыса капуцынаў.

Рэкалекцыі пачаліся з “вечара знаёмстваў”, супольнай малітвы і адарацыі ў капліцы рэкалекцыйнага дому да позняй ночы.

У наступныя два дні да праграмы дадаліся канферэнцыі братоў Сяргея і Вадзіма і сястры Марыі Емельянчык OP з Баранавіч, якія дазволілі дакрануцца да жыццёвага шляху, выпрабаванняў, духоўных пошукаў святога Францішка Асізскага, яго ролі ў хрысціянстве, а таксама ўбачыць актуальнасць і каштоўнасць яго духоўнай спадчыны для асабістага духоўнага жыцця чалавека.


Асабліва многім удзельнікам запомнілася праца ў групах, якой папярэднічала так званая “пустыня” – час, калі кожны ў цішыні і адзіноце мог сустрэцца з Богам і самім сабою, разважаючы над прапанаванымі пытаннямі.

Капліца змясціла ўсіх сабраных на вячэрнюю суботнюю літургію, а касцел святога Міхала Арханёла – на нядзельную. Святыя Імшы ўзначальваў брат Уладзіслаў. Кожны меў магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі.


Дзякуючы сумесным намаганням і рэпетыцыям, пад кіраўніцтвам брата Вадзіма атрымалася развучыць некаторыя малітоўныя музычныя кампазіцыі і затым ажыццявіць музычнае суправаджэнне ўрачыстай Імшы.

Акрамя духоўнай часткі, праграма рэкалекцый уключала вольны час і забаўляльныя мерапрыемствы: інтэлектуальную гульню на эрудыцыю па рэлігійнай тэматыцы і не толькі, наведванне касцёла святога Міхала Арханёла, пешую экскурсію па Навагрудку, якая дазволіла дакрануцца да гісторыі аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.

Рэкалекцыйны час быў вельмі насычаным і каштоўным, стаўшы добрай нагодай для паглыблення веры, знаёмству людзей розных узростаў, адкрыцця на іншага чалавека і прысутнасці ў жыцці адзін аднаго.