Вернікі з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі ўдзельнічалі ў аўтапілігрымцы па юбілейных святынях Цэнтральнай і Заходняй Еўропы
- 28 мая, 2025
- Тэкст: Ірына Рагацэвіч, Наталля Марозава / Фота: Алена Фукалава // Catholicminsk.by

З 9 па 19 мая пілігрымы з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі здзейснілі пілігрымку па юбілейных святынях Польшчы і Італіі.
Пілігрымы з Мінска, Чэрвеня, Смалявіч, Фаніпаля і Нясвіжа разам з ксяндзом Вячаславам Дубаўцом, пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені, у першую чаргу мелі магчымасць наведаць санктуарый Маці Божай у польскай Чэнстахове. Удзельнікі пілігрымкі маліліся перад цудадзейным абразом разам з айцамі паўлінамі, якія на працягу доўгага часу нясуць служэнне на гэтым месцы.


Пасля працяглага пераезду і начлегу ў горадзе Удзінэ на паўночным захадзе Італіі, пілігрымы накіраваліся ў горад Падуя, дзе наведалі базыліку Святога Антонія Падуанскага, доктара Касцёла, заступніцтва якога дапамагае хутка знайсці згубленыя рэчы. Дзякуючы экскурсіі яны даведаліся пра святога Антонія, горад Падую і іншыя адметныя мясціны побач з базылікай. У капліцы базылікі вернікі ўдзельнічалі ў святой Імшы, дзе ксёндз Дубавец прачытаў наступныя словы з Евангелля: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 37-39). Гэты ўрывак дапамог супольнасці прабываць у духу адзінства і братэрскай любові на працягу ўсяго падарожжа.




На наступны дзень група наведала гарады Перуджа і Асізі. Горад Перуджа знакаміты як сваімі рэлігійнымі, так і свецкімі, помнікамі. Найбольш уразілі пілігрымаў катэдральная базыліка Святога Лаўрэнція, палац прыёраў і фантан Маджорэ.
Горад Асізі з’яўляецца радзімай святога Францішка Асізскага, які заснаваў тут першы кляштар Ордэна францішканаў, які ў наш час выкарыстоўваецца як духоўная семінарыя і ўніверсітэт. Удзельнікі пілігрымкі даведаліся пра жыццё святога Францішка, яго шлях навяртання да Бога, яго дзейнасць як заснавальніка новага ордэна і пра харызму ордэна.

Затым вернікі вырушылі ў «вечны горад» — сталіцу Італіі Рым. Там яны маглі дакрануцца да помнікаў архітэктуры і гісторыі Калізея і Пантэона, пабывалі на плошчы Чатырох Фантанаў, наведалі шматлікія святыні. Кульмінацыйнай падзеяй быў уваход у Базыліку Святога Пятра ў Ватыкане праз Святую браму ў якасці пілігрымаў юбілейнага 2025 года. Падчас экскурсіі ўдзельнікі пілігрымкі атрымалі шмат цікавай інфармацыі пра помнікі архітэктуры горада Рыма.
Нечаканая падзея адбылася пад купадам Базылікі Святога Пятра. Малады чалавек, які ўдзельнічаў у пілігрымцы, зрабіў прапанову ажаніцца сваёй дзяўчыне. Уся супольнасць мела магчымасць раздзяліць радасць закаханых і падтрымаць іх малітвай.





Напрыканцы пілігрымкі вернікі сузіралі прыгажосць горада Фларэнцыі, асабліва такіх яе архітэктурных помнікаў, як Сабор Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ, мост Понтэ-Вэк’ё, плошчу Сіньёрыі, дзе размешчана статуя Давіда сусветна вядомага скульптара Мікеланджэла.


Фінальным пунктам пілігрымкі было наведванне санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках у Польшчы. У нядзелю пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебравалі мясцовыя святары.




Большасці ўдзельнікаў аўтобусная пілігрымка, дзякуючы шматлікім духоўным практыкам, дазволіла ўзмацніцца духоўна. Усе таксама атрымалі магчымасць пазнаёміцца з прыгажосцю і адметнасцю месцаў, якія яны наведалі.