Skip to main content

«Надзея не асароміць — і трапіць у кадр»: PAX.TV запрашае на Калядную канферэнцыю і… на здымкі «Апостала»

13 снежня
  • 23 лістапада, 2026
  • Тэкст: Жанна Мецеж / Фота і крэатывы: каманда PAX.TV // Catholicminsk.by

13 снежня ў Мінску адбудзецца Калядная канферэнцыя медыяпраекта PAX.TV.  Спікерамі запрошаныя вядомыя каталіцкія святары і пратэстанцкі пастыр, а ў госці завітае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Саміх удзельнікаў чакае незвычайны інтэрактыў. Спойлер: канферэнцыя стане часткай каляднага спецыяльнага выпуску праекта «Апостал».  

Каляды — гэта час чакання казкі, надзеі і прадчування здзейсненых жаданняў. Хтосьці перажывае гэты час як падрыхтоўку да свята, а хтосьці акунаецца ў разважанні пра тое, што чарговы год новых цудаў не прынёс. Для вернікаў і святароў Божае Нараджэнне — гэта яшчэ і ўсведамленне таго, як хутка бяжыць час: толькі ўчора быў пачатак літургічнага года, а вось ужо і яго канец… Многія з нас міжволі падводзяць вынікі: ці ўсё ён або яна зрабілі для таго, каб адкрыць Хрысту сваё сэрца? 

Сёлета каманда медыяпраекта PAX.TV прапануе разнастаіць перадсвяточны настрой з усімі яго перажываннямі падзеяй нечаканага фармату — стваральнікі запрашаюць усіх ахвотных на Калядную канферэнцыю на тэму «Хрысціянская надзея сярод крызісаў, канфліктаў і асабістых цяжкасцяў».

Тэма — самы раз: у наш секулярны час шмат каму хочацца пачуць, што хрысціянскія каштоўнасці не састарэлі. Арганізатары ўпэўненыя: канферэнцыя дасць практычныя адказы — як заставацца жывымі і чалавечнымі, калі ўсё вакол круціцца вакол матэрыяльнага, і дзе браць сілы, каб прайсці «чорныя палосы». 

Арганізатары абяцаюць: гэта будуць не проста выступленні з дакладамі, а паўнавартасны дыялог, у якім кожны зможа атрымаць адказы на пытанні, што яго хвалююць. Адрознівае падзею і тое, што на яе могуць прыйсці людзі іншых канфесій і поглядаў: склад спікераў падабраны так, каб тэма канферэнцыі была раскрытая з разнастайных і нечаканых бакоў. 

Каму будзе цікавая канферэнцыя? 

  • вернікам, якія шукаюць духоўную апору і натхненне; 
  • тым, хто перажывае крызіс веры, сямейныя канфлікты або асабістыя выпрабаванні; 
  • людзям, якім цікава пачуць розныя канфесійныя погляды і знайсці агульнае; 
  • тым, хто цікавіцца хрысціянскім поглядам на сучасныя выклікі; 
  • сябрам і гледачам PAX.TV, якія хочуць пазнаёміцца з камандай праекта і аднадумцамі. 

Дакладчыкі і тэмы 

Калі казаць пра склад спікераў, то ён і сапраўды «зорны». На канферэнцыю завітаюць суразмоўцы, імёны якіх вядомыя далёка за межамі хрысціянскіх СМІ. З каталікоў гэта айцец Яўген Голуб OFMConv і ксёндз доктар Андрэй Лысы SСh, без якіх рэдка абыходзіцца якое-небудзь духоўнае спатканне і чые настаўленні карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод кансэкраваных асоб, але і свецкіх вернікаў. 

Удзельнікі канферэнцыі пачуюць таксама погляд пратэстанцкага пастара і магістра тэалогіі Аляксандра Лотарава. Яго называюць «пастарам без лішняга пафасу», бо яго фішка — тлумачыць глыбокія біблейскія сэнсы простымі словамі на прыкладзе рэальных жыццёвых гісторый. Дарэчы, менавіта Аляксандр Лотараў калісьці сказаў:

«Нават у Давіда былі крызісы і, перш чым перамагчы Галіяфа, ён шмат трэніраваўся».

А на канферэнцыі пастар Аляксандр адкажа на адно з адвечных пытанняў — у чым сіла? Зноў спойлер: у супольнасці. 

Чакаецца яшчэ адзін дакладчык — яго імя і тэму выступлення арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце. На сайце паведамляецца, што падрабязнасці будуць абвешчаныя пазней. 

Праграма дакладаў 

1. Айцец Яўген Голуб OFMConv.

Каталіцкі святар і законнік-францішканін, радыёвядучы і публіцыст, магістр тэалогіі і міжкультурнай камунікацыі, аўтар канала «Студня Якуба» і іншых евангелізацыйных праектаў, прапаведнік і рэкалекцыяніст. Таксама з’яўляецца суарганізатарам «Музычнай майстэрні» і аўтарам песень. 

  • Тэма выступлення — «3761 год надзеі. Як Біблія вучыць нас чакаць выканання абяцанняў».

На прыкладзе герояў Старога Запавету ўдзельнікі паспрабуюць зразумець, што такое актыўнае чаканне Божых абяцанняў, што крадзе і памнажае нашу надзею ў штодзённасці, а таксама дзе хаваецца нашае самае глыбокае «я». 

2. Ксёндз доктар Андрэй Лысы SСh.

Каталіцкі святар, законнік, пробашч парафіі святога Яна Евангеліста ў Мінску, доктар тэалогіі ў галіне маральнай тэалогіі. 

  • Тэма выступлення — «А надзея не асароміць» (Рым 5, 5). Надзея як хрысціянская дабрадзейнасць.

Святар прапануе паразважаць, дзе і калі мы вучымся надзеі, што перашкаджае спадзявацца, што такое вечнае жыццё і чаму вера з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі. 

3. Пратэстанцкі пастар Аляксандр Лотараў.

Кіраўнік рэлігійнай місіі «Надзея» Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь, пастар царквы «Выратаванне» ў Калодзішчах, каардынатар сацыяльных праектаў, турэмнага служэння і рэабілітацыйных цэнтраў для людзей з нарказалежнасцю. 

  • Тэма выступлення — «Сіла хрысціянскай супольнасці: вера іншага як падтрымка для мяне».

Размова пойдзе пра тое, як супольнасць падтрымлівае чалавека ў крызісе, чаму прыняць дапамогу — не слабасць, а частка хрысціянскага жыцця, і чаму нельга патрабаваць ад кожнага заўсёды быць моцным. 

Вядучым канферэнцыі стане ксёндз-канонік Юрый Санько — кіраўнік і вядучы праекта PAX.TV, арганізатар моладзевых, культурных і евангелізацыйных праектаў, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Мінску, прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 

Шаноўны госць і сюрпрыз

Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў канферэнцыі стане сустрэча з арцыбіскупам эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам.

Прысутнасць арцыбіскупа Тадэвуша заўсёды вельмі важная для каталіцкіх вернікаў, бо гэта магчымасць стаць сведкамі неверагоднага духоўнага шляху іерарха, атрымаць ад яго каштоўныя парады і сведчанні мудрасці і веры, а таксама проста па-чалавечы пагаварыць адно з адным. 

Тадэвуш Кандрусевіч — доктар тэалогіі, заснавальнік Гродзенскай духоўнай семінарыі, першы каталіцкі біскуп у Беларусі. У 1991–2002 гадах ён быў арцыбіскупам і апостальскім адміністратарам для католікаў Расіі, у 2002–2007 гадах — мітрапалітам архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве, а ў 2007–2021 гадах — арцыбіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Нагадаем, што каманда PAX.TV з’яўляецца аўтарам спецыяльнага праекта «Апостал», у якім распавядае пра духоўны шлях беларускіх каталіцкіх біскупаў. Некалькі месяцаў таму арцыбіскуп Тадэвуш стаў адным з герояў праграмы, і гэтае відэа атрымала вельмі цёплыя водгукі аўдыторыі і найбольшую колькасць праглядаў сярод усіх прадуктаў спецыяльнага праекта (каля 62 тыс.). 

Дарэчы, пра сам праект «Апостал». Арганізатары задумалі інтэрактыў, на які яшчэ ніхто не адважваўся.

Усе, хто прыйдзе на канферэнцыю, змогуць паўдзельнічаць у сапраўдным здымачным працэсе.
 

Справа ў тым, што сама канферэнцыя стане часткай каляднага спецыяльнага выпуску праекта «Апостал» —  зала ператворыцца ў месца здымак, а госці стануць героямі. І гэта значыць, што на памяць удзельнікі атрымаюць не толькі фотаздымкі і ўражанні, але і цудоўны досвед, зафіксаваны ў кадрах спецыяльнага выпуску «Апостала». Дарэчы, гэтыя кадры застануцца на гады не толькі ў асабістых тэлефонах удзельнікаў, але і ў вялікай прасторы сацыяльных сетак і на YouTube-канале праекта. 

Што яшчэ чакае ўдзельнікаў? 

У праграму падзеі ўваходзяць кава-паўза і фуршэт. Таксама будуць арганізаваныя фотазона і фотабудка, і няма сумнення, што гэтыя пляцоўкі будуць аформленыя нестандартна і крэатыўна. Здымаць будзе прафесійны фатограф. 

Пасля выступленняў удзельнікаў запросяць на дыскусійную панэль, дзе яны змогуць задаць пытанні ўсім спікерам і абмеркаваць хвалюючыя тэмы. 

Праграма канферэнцыі 

13 снежня, 14:00–20:00

  • 13:00–14:00 — рэгістрацыя і збор гасцей; 
  • 14:00–14:10 — адкрыццё канферэнцыі, прывітанне вядучага і малітва; 
  • 14:10–14:50 — выступленне айца Яўгена Голуба «3761 год надзеі. Як Біблія вучыць нас чакаць выканання абяцанняў»; 
  • 14:50–15:00 — пытанні з залы; 
  • 15:00–15:40 — выступленне ксяндза Андрэя Лысага «А надзея не асароміць» (Рым 5, 5). Надзея як хрысціянская дабрадзейнасць;
  • 15:40–15:50 — пытанні з залы; 
  • 15:50–16:30 — кава-брэйк; 
  • 16:30–17:10 — выступленне трэцяга спікера; 
  • 17:10–17:20 — пытанні з залы; 
  • 17:20–18:00 — выступленне пастара Аляксандра Лотарава «Сіла хрысціянскай супольнасці: вера іншага як падтрымка для мяне»; 
  • 18:00–18:10 — пытанні з залы; 
  • 18:10–18:50 — дыскусійная панэль з усімі спікерамі, пытанні з залы; 
  • 18:50–19:10 — перапынак; 
  • 19:10–19:50 — інтэрактыўная частка; 
  • 19:50–20:00 — закрыццё канферэнцыі. 

Дзе і калі адбудзецца канферэнцыя? 

Калядная канферэнцыя PAX.TV пройдзе 13 снежня  ў Мінску, у канферэнц-цэнтры IBB, у зале Europe (1-шы паверх). 

Адрас: Мінск, праспект Газеты Праўда, 11. 

Пачатак канферэнцыі — у 14:00, рэгістрацыя ўдзельнікаў — з 13:00. 

Як прыняць удзел? 

Колькасць месцаў абмежаваная, таму папярэдняя рэгістрацыя абавязковая. Спасылка для рэгістрацыі  — на афіцыйнай старонцы канферэнцыі: https://conferencepaxtv.tilda.ws.  

Важна ведаць, што зарэгістравацца і ўнесці ахвяраванне можна толькі анлайн. Аплата на месцы не прадугледжаная. 

Арганізатары прапануюць наступны парадак дзеянняў: 

  1. Зарэгістравацца. Перайдзіце па спасылцы на рэгістрацыйную форму, запоўніце неабходныя звесткі — імя, прозвішча і кантактную інфармацыю — і націсніце кнопку «Зарэгістравацца». 
  2. Унесці ахвяраванне. Пасля запаўнення формы перайдзіце па спасылцы «Унесці ахвяраванне», запоўніце адпаведную форму і націсніце кнопку пацвярджэння.  Абавязкова пазначце свае імя і прозвішча, каб можна было ідэнтыфікаваць плацеж. 
  3. Дачакацца пацвярджэння. Пасля паступлення аплаты на ўказаны электронны адрас прыйдзе пацвярджэнне ўдзелу. Лісты арганізатары адпраўляюць уручную, таму гэта можа заняць 2–3 дні. 

Рэкамендаваны памер ахвяравання — 120 беларускіх рублёў. Усе сабраныя сродкі пойдуць на арганізацыю мерапрыемства (арэнду пляцоўкі, кейтэрынг, абсталяванне), а таксама на развіццё праекта PAX.TV. 

У ахвяраванне ўваходзяць удзел у канферэнцыі, кава-паўза, раздаткавыя матэрыялы. Арганізатары таксама абяцаюць фуршэт. 

Частыя пытанні

  • Ці патрэбная папярэдняя рэгістрацыя?  

Так, яна абавязковая, бо колькасць месцаў абмежаваная. 

  • Ці можна аплаціць удзел на месцы?  

Рэгістрацыя і ўнясенне ахвяравання адбываюцца толькі анлайн. 

  • Ці будзе трансляцыя?  

Канферэнцыя пройдзе толькі ў фармаце закрытага жывога мерапрыемства, без відэатрансляцыі. 

  • Ці толькі для католікаў гэтая сустрэча?  

Не. Арганізатары запрашаюць усіх, незалежна ад веравызнання, светапогляду і рэлігійнага досведу. 

Іншая падрабязная інфармацыя  — на афіцыйнай старонцы канферэнцыі: https://conferencepaxtv.tilda.ws. 

Зусім не «першы блін» 

Падобныя фарматы каманда PAX.TV ужо праводзіла — увесну гэтага года праект адсвяткаваў свой дзень нараджэння, і, як адзначылі госці, гэта было незабыўна, карысна і захапляльна. Хоць арганізатары ўсё ж прызналіся: 

«Мы вельмі баяліся такога фармату мерапрыемстваў, бо ён не зусім звыклы для Касцёла,  але ваша рэакцыя паказала, што гэта было недарма!»

Менавіта тады вядучы канала ксёндз-канонік Юрый Санько распавёў: назва праекта прыйшла ад Бога — аднойчы падчас першай пілігрымкі ў Італію ён зняў на тэлефон ролік і чамусьці назваў яго PAX.TV, хаця тады нават не марыў пра медыя. 

Сёння PAX.TV — вядомы ў сацсетках праект пра людзей і іх шлях да Бога. Сацыяльныя сеткі тут як нельга дарэчы: яны даюць неабмежаваныя магчымасці для новай евангелізацыі. Гэта адзначае ў сваіх дакументах і сам Касцёл. 

Па выніках першых двух гадоў існавання праекта колькасць падпісчыкаў ва ўсіх сацыяльных сетках і на каналах склала 48 тыс. Безумоўна, цяпер гэтыя лічбы іншыя. Хутчэй за ўсё, арганізатары прадставяць на канферэнцыі абноўленыя даныя.
 

Але галоўнае для каманды — не кантэнт і не выдатныя маркетынгавыя паказчыкі, а сям’я. А ў сям’і важна бачыць вочы адно аднаго і размаўляць пра складанае проста. 

Магчыма, менавіта таму Калядная канферэнцыя PAX.TV — гэта нагода не толькі паслухаць цікавых дакладчыкаў, але і сустрэцца з людзьмі, для якіх вера, надзея і ўзаемная падтрымка — не проста словы. 13 снежня ў Мінску можна будзе стаць часткай гэтай размовы, задаць свае пытанні, пазнаёміцца з аднадумцамі і нават трапіць у кадры каляднага выпуску «Апостала». 

Не абмяжоўвайцеся праглядам анансаў і відэа ў сацыяльных сетках — прыходзьце, каб стаць сведкай падзеі. Магчыма, менавіта гэтая сустрэча стане для кагосьці пачаткам новага шляху да надзеі.